Асацыяцыі з Магілёвам

№ 24 (1150) 14.06.2014 - 20.06.2014 г

Забелаў з жыліцкай дынастыі: пайсці “ў метал”, знайсці “не мэтал”
Маладога музыканта і кампазітара Ягора ЗАБЕЛАВА бывае цяжка заспець не толькі на роднай Магілёўшчыне, куды ён, па ўласных словах, завітвае нячаста, але і ў Мінску. Днямі ён выправіўся на фестываль у Люблін, дзе будзе іграць (вядома, на баяне) з польскім рок-гуртом. Выступіць у Лодзі з вулічнымі тэатрамі. Разам з акцёрам Дзмітрыем Рачкоўскім рушыць на Міжнародны фестываль лялечных тэатраў у Магдэбург для ўдзелу ў праекце рэжысёра Аляксея Ляляўскага “Ідэальны свет”. Разам з нямецкім дуэтам, які выконвае старадаўнія нямецкія песні, будзе іграць у Опернай зале горада Хайля. Завітае на фестываль у Адэсу, дзе будзе ўжо не ўпершыню агучваць нямое кіно. І гэта далёка не ўсе прапановы-запрашэнні!

/i/content/pi/cult/483/10291/6-1.jpg

 

Ягор Забелаў. / Фота з сайта выканаўцы

— Яшчэ крыху, і вас можна будзе назваць “чалавекам свету”. А ці аказала Магілёўшчына ўплыў на фарміраванне вашай асобы?

— З першым азначэннем — без сумневу, перабольшванне. А нарадзіўся я сапраўды ў Жылічах Кіраўскага раёна. Вёсак і пасёлкаў з такой назвай на Беларусі многа. На адной толькі Гродзеншчыне іх, здаецца, ажно шэсць. Але нашы Жылічы — самыя славутыя. Бо там знаходзіцца знакаміты Палац Булгакаў, пабудаваны ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Звычайна кажуць, што архітэктура — гэта застылая музыка. А для мяне яна адразу асацыюецца з людзьмі. Зусім не таму, што мая маці — дырэктар гэтага Гісторыка-культурнага музейнага комплексу. Бо адразу паўстаюць нават не тыя людзі, якія знаходзяцца тут зараз, а тыя, хто тут калісьці жыў. Хто ўсё гэта будаваў. Хто вывучаў мясцовасць, прыдумваў сам праект, рабіў разлікі, чарцяжы. І ў выніку ўзнікла і захавалася штосьці тое, што... не ведаю, як бы гэта лепей сказаць...

Ягор на хвіліну задумваецца, потым усміхаецца і працягвае — ужо зусім у іншым тэмпарытме, быццам пасля павольнага ўступу і прыпынку на паўзе пачалася імклівая галоўная партыя буйной санатна-сімфанічнай кампазіцыі:

— Архітэктура, як і прырода, насамрэч вельмі “гаваркая”. Толькі гавораць яны на розных мовах. У прыродзе не бывае абсалютнай цішыні. У кожнай яе з’яве — ад спеваў птушак ці гучных грамавых раскатаў да ледзь чутнага подыху паветра — ёсць свая музыка. Не ўнутраная, “схаваная”, а самая што ні ёсць сапраўдная, заснаваная на рытміцы, гукавышыннасці, тэмпавых суадносінах. Архітэктура ж не дае такой рэальнай, “агучанай” мелодыкі. Яна быццам створана з гістарычных спасылак, стылёвых алюзій — з адных намёкаў. І ўсё! Але тыя павінны загучаць у нашай галаве. Скажаце, надта складана? Ды не, вельмі проста! І адначасова — парадаксальна. Бо такі, здавалася б, абсалютна матэрыяльны носьбіт, як збудаванні, пазбаўлены “рэальнага” музычнага ўвасаблення. А нейкія прыродныя шамаценні, адчуванні-уражанні, штосьці, на першы погляд, цалкам “віртуальнае” — калі ласка, маюць жывое гукавае адлюстраванне. Калі ж старадаўні палац, той жа маёнтак Булгакаў (“Жылічскі Версаль”, як яго яшчэ называюць), знаходзіцца ў парку, дык паміж лісцем і цаглінкамі такія, здараецца, дыскусіі разгортваюцца! Куды толькі нашы пісьменнікі глядзяць? Можна было б цэлы цыкл аповедаў зрабіць з тых дыялогаў! І абавязкова на фоне музыкі.

— Пагаджуся, з добрымі лібрэта ў нас заўсёды было напружана. А вы ўжо, відаць, суцэльную оперу пра гэта сачынілі — яшчэ калі там жылі?

— У Жылічах я жыў акурат да таго, як паехаў вучыцца ў Магілёўскае музычнае вучылішча імя Рымскага-Корсакава (цяпер яно называецца каледжам). Ну якія там оперы? Першы свой твор я напісаў ужо ў Магілёве. А ў Жылічах вучыўся ў музычнай школе, у класе свайго бацькі. Так што з тым, на якім інструменце лепей іграць, праблем не стаяла, бо і бацька і дзед былі баяністамі. Дый мае браты таксама сталі музыкантамі. Можна сказаць, дынастыя! Малодшы, Рома, паехаў у Прагу, вучыцца там кампазіцыі. Сярэдні, Косця, таксама скончыў нашу Акадэмію музыкі, зараз выкладае ў Магілёве. З вучняў малодшых класаў ён склаў баянна-акардэонны аркестр — між іншым, адзіны ў краіне з такімі юнымі музыкантамі. І заняў з ім першае месца на абласным конкурсе. Ён такі малайчына, працягвае бацькаву справу. А з мяне педагог — ніякі. Няма ў мяне да гэтага ніякай прагі. Мне бліжэй выканальніцтва, канцэртаванне. Больш падабаецца іграць самому, чым кагосьці вучыць. Гэта, дарэчы, сапраўды вельмі розныя прафесіі.

— Наконт розных прафесій — так яно і ёсць. Але што цікава! Раней многія кампазітары былі адначасова і добрымі выканаўцамі, прычым ігралі не толькі сваю музыку. У былыя дзесяцігоддзі з’явілася іншая традыцыя — сумяшчэння творчай дзейнасці з педагагічнай. Сярод прызнаных беларускіх кампазітараў цяжка знайсці таго, хто не выкладае і не выкладаў. Вы ж, як прадстаўнік новага пакалення, вяртаецеся да старадаўняй мадэлі.

— Не, гэта надта спрэчная ўзаемасувязь. Бо мой бацька, паглядзеўшы на нас з Ромам, таксама пачаў сачыняць — для свайго аркестра, баянна-акардэоннага. Так што ён сумяшчае ўсе чатыры прафесіі: баяніста, дырыжора, кампазітара, а найперш — педагога.

— На педагогаў вам, пэўна, увогуле шанцавала.

— Так. Той жа Магілёў доўгі час асацыяваўся ў мяне з Аляксандрам Красікам, у якога я займаўся. Яго ўжо няма ў жывых, але ўсім тым, што ён у мяне ўклаў, я карыстаюся і сёння. Тыя парады і нават сяброўства — засталіся. Толькі на адлегласці. Вельмі сціплы, прыязны, ён ніколі не выказваў свайго пяршынства і тым “выцягваў” мяне на такую ж адкрытасць у стасунках. Звычайна выкладчыкі-выканаўцы даволі скептычна ставяцца да “сачыніцельства” сваіх вучняў, лічаць гэта за нейкую дурноту, ад якой трэба хутчэй пазбавіцца, бы ад хваробы. Ён жа, наадварот, падтрымліваў, вадзіў на кансультацыі да кампазітараў. Дый у выканальніцтве заўсёды звяртаў маю ўвагу на тонкасці музычнай формы, гармоніі, фактуры — усяго таго, што тычыцца ўласна кампазітарскай працы (якую, дарэчы, і павінны спасцігаць выканаўцы, каб лепей данесці аўтарскую задуму да слухача). Мірон Була ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі даў мне іншае — навучыў перамагаць у барацьбе з самім сабой. Ужо на першым курсе ён павёз мяне на самы, бадай, прэстыжны Міжнародны конкурс акардэаністаў у Клінгенталі. Там я, вядома, далей першага тура не прайшоў, але набыў сур’ёзны вопыт, які мне вельмі дапамог на Першым Міжнародным конкурсе імя Жыновіча ў Мінску ў 2002 годзе, дзе я заняў трэцяе месца. Тады гэта была проста нейкая “спартыўная” мара — перамагчы. Пазней я зразумеў, што менавіта з такіх перамог — не над кімсьці, а над сабой — і складаецца жыццё.

— Дык гэта ж адзін з асноўных прынцыпаў педагогікі! Рабіць параўнанні не з іншымі, а з самім сабой — учорашнім. Каб заўтра стаць лепшым. А вы яшчэ кажаце, што выкладчыцкая дзейнасць вам супрацьпаказана!

— Можа, да яе таксама трэба прыйсці. Пакуль жа чым далей, тым больш я прыходжу да думкі, што колькі і чаму нас наўмысна ні вучылі б, галоўным настаўнікам заўсёды было і будзе само жыццё. І ўсе тыя, з кім мы ў ім сутыкаемся. Бо той жа Магілёў асацыюецца ў мяне яшчэ і з лялечным тэатрам, з яго галоўным рэжысёрам Ігарам Казаковым, з якім мы працавалі над “Гамлетам”. Увесь той час я ў поўным сэнсе жыў у тэатры, мне ўдалося літаральна “зрасціся” з трупай. Любыя ідэі, прапановы адразу абмяркоўваліся, часам выклікалі дыскусіі, але так і нараджалася агульная канцэпцыя, якая з’яднала ўсе складнікі спектакля ў непадзельнае цэлае. А колькі яшчэ ў мяне такіх “непавучальных настаўнікаў” было! І гурт “НагУаль”, сустрэча з якім дала новы штуршок для кампазітарскай творчасці, і кабарэ-бэнд “Сярэбранае вяселле”, з якім я супрацоўнічаў, і дуэт “Гурзуф”, дзе акрамя мяне быў яшчэ барабаншчык Арцём Залескі, і нават дзіцячы ансамбль “Зубраня” пры Палацы культуры МАЗа, дзе я працаваў канцэртмайстрам ужо з другога курса Акадэміі. А як многаму навучыў мяне Аляксей Ляляўскі!

— Вы стварылі музыку ўжо да некалькіх яго спектакляў, у тым ліку замежных. Тая ж “Сіняя птушка”, можна сказаць, “прыляцела”, калі вы яшчэ ў Акадэміі вучыліся. Потым былі і “Шоўк” (разам з “электроншчыкам” Віталіем Гармашам), і “Ладдзя Роспачы”. Зразумець, што вы кампазітар, прычым менавіта тэатральны, можна было ўжо, пачуўшы вас (і ўбачыўшы, што таксама вельмі важна!) на тым конкурсе імя Жыновіча. Бо гэта было зусім не строгае акадэмічнае выканальніцтва, неабходнае для вышэйшай конкурснай прыступкі, а пластычна-эстрадны, неверагодны па сумесі жанраў спектакль на тэму “Дзень нараджэння музыкі”. Ваша асоба засланяла аўтараў музыкі! Вам было быццам цесна ва ўсталяваных імі межах. А сам баян — вас не “сціскае”, не абмяжоўвае?

— Ды гэта класны інструмент! У яго вельмі багатыя, папраўдзе аркестравыя магчымасці. Але, у адрозненне ад раяля (а той, лічыцца, замяняе сабой аркестр), ён можа дасягаць яшчэ і арганных гучанняў. Спачатку мне цікава было спалучыць класіку з рокам. Паспрабаваў сыграць на баяне “метал”, а далей пачаў шукаць... мабыць, сябе самога. “Гурзуф” распаўся, затое з’явілася трыа: бас-гітара, барабан, баян...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"