Курыравалі праект студэнты, што навучаюцца па спецыяльнасці “Мастацтвазнаўства”. Яго мэта — выявіць мастацкімі сродкамі настрой веснавога абуджэння прыроды, якое ў сэнсе метафізічным сімвалізуе творчы пачатак. Праект “Сад” уяўляў з сябе дыялог пакаленняў, бо ў ягоных рамках сённяшнія студэнты-мастацтвазнаўцы Акадэміі працавалі са шклом, створаным студэнтамі, што навучаліся дэкаратыўна-прыкладному мастацтву ў 1970 — 1980 гадах. Спецыяльна для выстаўкі парфюмерам быў распрацаваны водар, які дазваляў успрымаць вясну не толькі на вока. Тэму веснавога саду дапаўнялі фотаздымкі, відэа, работы студэнтаў-мадэльераў. Хаця, канешне ж, галоўнае тут — шкло.
Зразумела, курсавая работа адрозніваецца ад творчай. Навучанне і самарэалізацыя — рэчы розныя паводле вызначэння. Але мне пасля наведання выстаўкі захацелася даведацца, як склаўся лёс тых студэнтаў 1970 — 1980 гадоў. Было б шкада, калі б з нейкіх прычын прадстаўлены тут патэнцыял застаўся нерэалізаваным.
Беларускае мастацкае шкло вывучана не так грунтоўна, як наша ткацтва або кераміка. Мы маем у краіне добрую тэхнічную базу, наладжаную вытворчасць, нават вытворчы брэнд (шклозавод “Нёман”), але імёны нашых творцаў — спецыялістаў мастацкага шкла, на жаль, не на слыху ў шырокай грамады. Выстаўка ў галерэі “Акадэмія”, спадзяюся, паспрыяе цікавасці да гісторыі гэтага віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Беларусі. А ўсвядомленая наяўнасць даўняй гісторыі пазітыўна адаб’ецца на іміджы сённяшніх майстроў мастацкага шкла і брэндаў, на якія гэтыя майстры працуюць.
На здымках: работы з экспазіцыі.