Ад "Грушаўкі" да Грушаўкі-2

№ 16 (1142) 19.04.2014 - 25.04.2014 г

Пра суботнік, які мог... не адбыцца
Дзень аховы помнікаў і памятных мясцін у рэдакцыі прынята адзначаць суботнікамі на тых адметнасцях, што найперш і патрабуюць гэтай самай аховы — ці, прынамсі, клопату неабыякавых людзей. Вось і сёлета калектыў газеты “Культура” зноў вырашыў узяць удзел у талацэ на тэрыторыі колішняй сядзібы Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка Ляхавіцкага раёна. Сустрэўшыся папярэдне з яе арганізатарам Зміцерам Юркевічам, абмеркавалі розныя практычныя пытанні: прыкладам, дзе ўзяць бензапілу, каб хутка спілаваць дрэвы, якія паспелі вырасці непасрэдна ўнутры напаўзруйнаванага бровара. Агулам запланаваныя работы, вядома ж, былі вельмі сціплыя: прыбраць лісце, што назапасілася за восень, а таксама і смецце, якое таксама назапашваецца ў сядзібе...

/i/content/pi/cult/478/10186/12-1.jpg

/i/content/pi/cult/478/10186/12-3.jpg

/i/content/pi/cult/478/10186/12-4.jpg

...Бензапілу мы так і не знайшлі, але, як высветлілася, яна нам і не спатрэбілася. Затое да нашай грамады ахвотна далучылася знакамітасць. Адзін з супрацоўнікаў рэдакцыі выпадкова сустрэўся ў метро з “дылетантам” Юрыем Жыгамонтам, і, даведаўшыся пра суботнік у такім легендарным месцы, як Грушаўка, тэлезорка адразу папрасіла зарэзерваваць для яе месца ў машыне. Да суботніка далучыўся і дырэктар мастацкай школы ў Баранавічах Анатоль Лабкоўскі, а таксама іншыя творчыя асобы. Прыемна адзначыць, што грамада, якая апякуецца Грушаўкай, паступова расце.

Паводле ўсталяванай летась традыцыі, стартавалі мы з мінскай Грушаўкі і роўна апоўдні былі на месцы. Убачанае ў сядзібе нас, па шчырасці, моцна здзівіла: дзясяткі аўтамабіляў, вялікі натоўп людзей з працоўным варштатам, клубы дыму ад спаленай сухой лістоты, нават аўтакрама... Карацей, працаўнікоў аказалася значна больш, чым мы разлічвалі, і ўвесь запланаваны аб’ём работ да нашага прыбыцця ўжо быў збольшага выкананы. Таму на гэтым сапраўдным свяце працы мы пачуваліся нейкімі... лішнімі. Нам так і казалі: "Ну вы ж турысты, дык і адпачывайце сабе спакойна. Даруйце, калі перашкодзім ровам сваіх бензапіл!"

Як высветлілася, новы старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч вырашыў узяцца за праблемную сядзібу ўсур’ёз. У раёне яна стала асноўным аб’ектам сёлетняга Рэспубліканскага суботніка. Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ніны Прыхач, цягам двух тыдняў у Грушаўцы адпрацавалі прадстаўнікі ці не ўсіх арганізацый раёна — агулам чалавек 300. Прыбралі смецце, абрэзалі дрэвы, добраўпарадкавалі парк і капліцу, пазабівалі дошкамі ўсе аконныя і дзвярныя праёмы ў аварыйным будынку стайні, у палацы аднавілі пашкоджаную кансервацыю, каб абараніць іх ад няпрошаных гасцей... І сабралі вялізныя купы гнілой лістоты, дым ад якой і спалохаў нас пры ўездзе ў сядзібу.

Больш за тое: сабраныя ў выніку суботніка сродкі (больш за 140 мільёнаў рублёў) пойдуць на выраб прававызначальнай дакументацыі на будынкі маёнтка. Як мы ўжо не раз пісалі, менавіта яе адсутнасць з’яўляецца моцнай перашкодай для вызначэння “новага лёсу” Грушаўкі.

— Людзі, якія не шануюць сваю гісторыю, не маюць будучыні, — мяркуе Вячаслаў Сельмановіч. — Так, мае папярэднікі надавалі больш увагі іншым аб’ектам, вось і райцэнтр давялі да ладу, рыхтуючыся да леташніх абласных “Дажынак”. Але з часам і да Грушаўкі рукі дайшлі. Гэта ж сапраўдны наш скарб! Тут можна праводзіць разнастайныя фестывалі, святы, тое ж Купалле. Ладзіць, як раней казалі, культурны адпачынак для нашай моладзі...

Натуральна, у гутарцы была закранута і будучыня гэтых мясцін: сёння сядзіба, лічы, безгаспадарная... Раённае кіраўніцтва вырашыла абраць звычайны для такіх выпадкаў алгарытм: прадаць гэты аб’ект прыватніку. Балазе ўжо і “купец”, нібыта, з’яўляўся на даляглядзе...

 

— Вядома, прадаваць будзем з пэўнымі ўмовамі, — тут жа дадаў Вячаслаў Лукіч. — І галоўная з іх — каб гістарычны складнік быў напоўніцу захаваны. Перарабляць тут усё на свой капыл не дазволім: надта шмат гэтыя мясціны значаць для нашага краю. А калі з’явіцца турыстычны аб’ект, прывабны і для гасцей, і для нас саміх... Тут мы абедзвюма рукамі “за”!

Іншых варыянтаў, апрача продажу сядзібы ў прыватныя рукі, мясцовыя ўлады не бачаць. Яно і зразумела: каб адрадзіць вялізны ансамбль, патрэбны не адзін мільён долараў укладанняў. Лішне нават казаць, што ў раёна такіх грошай няма. Але ж удумлівая пазіцыя яго кіраўніка, які імкнецца не проста пазбавіцца “дрэннага актыву” (гэта значыць, абы прадаць), а знайсці сапраўды сур’ёзнага, стратэгічнага інвестара, без сумневу, вартая павагі.

Пры змене ўласніка асаблівай увагі вымагае той невялічкі і нягеглы на выгляд будынак, пашчэрбленыя муры якога памятаюць Тадэвуша Рэйтана — адзіныя з усяго вялізнага сядзібнага комплексу. Бо калі, скажам, руіны стайні пачатку ХХ стагоддзя пасля рэстаўрацыі могуць быць прыстасаваны пад што заўгодна — уключна... са стайняй, — дык наконт новай функцыі “Мураванкі” сумневаў узнікаць не павінна. Тут мае быць музей і толькі музей!

...Урэшце, працу сабе мы, вядома, знайшлі! Па ініцыятыве Зміцера Юркевіча, ля ўезда ў сядзібу быў усталяваны новы інфармацыйны шчыт, які распавядае пра яе гісторыю — ад часоў першай вядомай нам уласніцы Барбары Радзівіл. А таксама мы прачысцілі ад хмызоў ліставую алею, што вядзе да капліцы, знакамітую “лесвіцу ў неба”.

А мастак Алесь Родзін тым часам развешваў на фасадзе палаца сваю серыю твораў, прысвечаных Рэйтанам. Паводле яго слоў — прымерваўся перад іх вернісажам, што запланаваны ўлетку ў рамках фестывалю “Дах” у Грушаўцы.

Таму засмучацца з той нагоды, што нам не хапіла працы, не выпадала. Наадварот, той імпэт, з якім жыхары Ляхавіччыны ўзяліся за справу, гледзячы на ўласны прыклад старшыні мясцовага сельсавета Вячаслава Новіка, прымусіўшы нас пачувацца турыстамі, здзівіў. Безумоўна, так яно і павінна быць: ніякія “вылазкі” энтузіястаў не здолеюць вырашыць усе праблемы помнікаў у выпадку інертнасці ды абыякавасці мясцовых жыхароў...

Фота Кастуся АНТАНОВІЧА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"