Фрагменты экспазіцыі.
А.Філіповіч. "Пізанскі матыў".
Жывапісная частка экспазіцыі шырока дэманструе адвечны ў сваёй натуральнасці адлюстравання прыроды беларускі пейзаж. Ён прадстаўлены работамі Васіля Пешкуна, які насычае вясковыя відарысы паўсядзённымі рэаліямі жыцця чалавека (“Сват прыехаў”, “Хутка ў поле”). Антон Вырва, Раман Коршунаў, прытрымліваючыся рэалістычных традыцый, у залежнасці ад асабістых уражанняў бачаць звыклыя краявіды то лірычна-засяроджанымі, то ўрачыста-ўзнёслымі, асабліва калі адлюстроўваюць велі архітэктурныя помнікі. Умоўна візуалізаваныя вобразы “Мадоннаў” з апеляцыяй да відавочнай асацыятыўнасці адрозніваюць кідкія па каларыстыцы палотны Аляўціны Башкатавай. Вычварная вытанчанасць мадэрна з яго загадкавай таемнасцю прыцягвае погляд да кампазіцый Вольгі Мельнік-Малахавай, лёгкая паветраная экспрэсія — да цыкла палотнаў Андрэя Філіповіча, унутраная стрыманасць пачуццяў — да вобразаў Івана Русачака.
Своеасаблівым пераўтварэннем будзённай рэчаіснасці ў міфічны свет жаночых мар вызначаюцца злёгку іранічныя і вельмі шчырыя персанажы твораў Ганны Сілівончык. Графіка Дзімітрыя Асадчага абагульняе жыццёвыя назіранні аўтара. Скульптура Івана Арцімовіча, Алены Ліпінскай, Вольгі Орсік, Вольгі Нячай, у кожнага па-свойму, імкнецца адысці ад традыцыйнасці і актуалізуе арыгінальнасць пластычных рашэнняў у спалучэнні з філасафічнай паглыбленасцю ў вобраз-знак, вобраз-сімвал. Графічныя работы Вольгі Шчарбінскай, што ўзнаўляюць эскізы да касцюмаў спектакляў Гродзенскага драматычнага тэатра, успрымаюцца як творчая інтэрпрэтацыя літаратурнай першаасновы, гарманічнае суаўтарства ў спектаклі мастака і рэжысёра, а яе прасторавыя макеты ўражваюць смеласцю вобразных рашэнняў. Асаблівай крэатыўнасцю вылучаюцца кампазіцыі з лямца, бавоўны Настассі Айрас, калі арыгінальныя канструкцыі з іх выразнымі дэкаратыўна-аб’ёмнымі формамі, утрымліваючы элемент ужытковасці, здольныя эстэтычна пераўтварыць навакольную прастору, а вытанчаная фантазійнасць вопраткі і сумак Аляксандры Гірас упрыгожыць асобу жанчыны.
Сапраўднае свята ствараюць мастацкія лялькі Таццяны Лемза, дзе казачная прывабнасць цацак для дарослых у спалучэнні з аўтарскай канцэпцыяй дае магчымасць гледачу адчуць тую першародную містыку старажытных рытуалаў, калі магічная фігурка была цесна звязана з пэўнай жыццёвай праявай, а ў маладога майстра сімвалізуе сёння, напрыклад, “душу” знакамітага парыжскага сабора (“Нотр-дама”) ці вядомай ва ўсім свеце вежы (“Пізанская барышня”), абыгрываючы іх назвы. Далёкі настальгічны свет дзяцінства паўстае ў ляльках Кацярыны Неўгень, якая чытае разам з малой дачкой народныя казкі і паказвае нам цэлыя міні-спектаклі са складанымі кампазіцыйнымі рашэннямі, са смешнымі і добрымі персанажамі з лямца і бавоўны.
Выстаўка цікавая тым, што прадстаўленыя работы, неадназначныя па сваім узроўні, прасякнуты стваральнай энергетыкай маладосці, упэўненасцю кожнага з мастакоў, вядома ж, у асабістай арыгінальнасці і выключнасці ў мастацтве.
Марына ЗАГІДУЛІНА, мастацтвазнаўца
Гродна
Фота і фотарэпрадукцыі Марка ХАРЛАМАВА