Канфлікт, рамонт, дырэктар… А што ж мастацкі кіраўнік?

№ 12 (1138) 22.03.2014 - 28.03.2014 г

Акцёры з краін-суседак — пра адносіны паміж суб’ектамі тэатральнага працэсу
Адна з прычын канфліктаў, якія ўзнікаюць практычна ў любым тэатры, — гэта незадаволенасць часткі трупы дзеяннямі і рэпертуарнай палітыкай, што праводзіць мастацкі кіраўнік ці галоўны рэжысёр. У падобных выпадках калектывы ў адно імгненне ператвараюцца ў месцы з эмацыйна павышанай “сейсмічнай” няўстойлівасцю. Кожны з бакоў даводзіць сваю праўду, прыводзячы важкія аргументы. Прыкладаў таму апошнім часам у нашай прасторы хапае. Яшчэ жывыя ў памяці канфлікты, у выніку якіх мастацкія кіраўнікі нацыянальных акадэмічных тэатраў імя Янкі Купалы і Якуба Коласа былі вымушаны пакінуць пасады.

/i/content/pi/cult/472/10012/4-18.jpgА вось нядаўняя сітуацыя, калі трупа Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача абвясціла вотум недаверу не творчаму кіраўніцтву, а дырэктару… Прызнацца, аналагаў такой падзеі на Беларусі я не згадаю. Так, дырэктар, адпрацаваўшы пару месяцаў, пакінуў пост, і канфлікт быў вычарпаны. Але зноў паўсталі ўжо знаёмыя пытанні. Хто ў тэатры галоўны? Як будуюцца (прынамсі, павінны) адміністрацыйныя адносіны паміж дырэктарам і мастацкім кіраўніком (галоўным рэжысёрам)? Як размяжоўваюцца іх паўнамоцтвы? Хто вызначае рэпертуарную палітыку? Ці мае дырэктар права ўмешвацца ў творчы працэс і дыктаваць, якую п’есу ставіць, а якую — не? (Нагадаю, менавіта гэты пункт стаў “каменем спатыкнення” паміж трупай ТЮГа і былым яго дырэктарам Мікалаем Казюліным.)

Гэтыя, а таксама іншыя пытанні, звязаныя з прызначэннем на кіраўнічыя пасады, асаблівасцямі кантрактнай сістэмы для акцёрскага складу, нармаваннем спектакляў, крыніцамі фінансавання і акупнасці тэатраў, канфліктнымі сітуацыямі і спосабамі іх пераадолення, а таксама асаблівасцямі працы тэатральных калектываў ва ўмовах рэканструкцыі, я задаў сваім калегам з Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, з якімі пазнаёміўся пад час паездак на міжнародныя фестывалі монаспектакляў.

Латвія

Дырэктару ж прадаваць спектакль…

Рыжскі рускі тэатр імя Міхаіла Чэхава — найстарэйшы ў свеце рускі тэатр, які знаходзіцца за межамі Расіі. Калектыў у 2006-м вярнуў сабе гістарычную назву і атрымаў права называцца імем акцёра, рэжысёра і педагога Чэхава (носьбіта ідэй Станіслаўскага, Суляржыцкага і Вахтангава), што два гады прысвяціў працы ў Рызе і адкрыў там сваю першую тэатральную школу.

Вадзім ГРОСМАН — прадстаўнік маладога акцёрскага пакалення гэтага тэатра. Ён мае за плячыма і вопыт рэжысёрскіх пастановак. Адказваючы на пытанні, Вадзім аказаўся досыць канкрэтным, а таму папракнуць яго ў незмястоўнасці звестак ніяк не магу.

— Адказнасць за рэпертуар нашага тэатра ўскладзена на дырэктара. Мастацкі кіраўнік вызначае, якую п’есу ставіць. Дырэктар пры гэтым мае права дарадчага голасу, паколькі менавіта ён потым прадае спектакль у пракаце. Сістэма з пасадамі такая: Міністэрства культуры прызначае дырэктара, а той, у сваю чаргу, — мастацкага кіраўніка. У нас, як і ў вас, таксама існуе норма спектакляў, якія трэба сыграць, таму што ад іх колькасці залежыць сума датацый. Тэатр фінансуе дзяржава, спонсары і таварыства гарантаў. У якіх суадносінах — мне тое не вядома, але без спонсараў, толькі на дзяржаўным фінансаванні, тэатр выжыць не зможа.

Каля пяці гадоў таму тэатр быў закрыты на рэканструкцыю і цягам двух сезонаў працаваў на чужых пляцоўках. Тым не менш, мы захавалі свайго гледача і рэпертуар. За той час, пакуль ішла рэканструкцыя, выпусцілі з дзясятак прэм’ер. І вось тры сезоны мы працуем на роднай сцэне, а па сваім абсталяванні яна — адна з перадавых у Еўропе...

“Крымінал” у Астроўскага, раяль у Паўлса — 20 еўра за прэм’еру

Дадатковую інфармацыю да аповеду Вадзіма Гросмана атрымаў на афіцыйным сайце тэатра. Цікава, што рэпертуар распісаны на чатыры месяцы. Афіша, у асноўным, складаецца з імёнаў класікаў: Дастаеўскага, Украінкі, Горкага, Булгакава... Мне падалося займальным тое, як анансуецца, скажам, спектакль па п’есе “Лес” А.Астроўскага: “захапляльная любоўная інтрыга на мяжы крыміналу”. Можна, вядома, паспрачацца наконт таго, наколькі сюжэт п’есы спалучаецца з гэтым вызначэннем з сучаснага лексікону, але, мне здаецца, такая фармулёўка павінна прыцягнуць гледача — асабліва маладога. У рэпертуары маюцца і спектаклі па п’есах заходнееўрапейскіх драматургаў.

Вялікай папулярнасцю карыстаецца музычная пастаноўка па творах І.Бабеля “Адэса, горад чароўны...”, якую прывозілі ў свой час на “Славянскі базар у Віцебску”. Аўтар музыкі — Райманд Паўлс, прычым у спісе музыкантаў аркестра пазначана і прозвішча Маэстра, паколькі часам ён удзельнічае ў спектаклі, займаючы месца за раялем.

Трупа складаецца з трыццаці двух акцёраў, а яшчэ шаснаццаць — “артысты на ангажэмент”. Мастацкі кіраўнік тэатра вядзе мэтавы курс у Латвійскай акадэміі культуры, прычым сярод педагогаў там — нязвыклыя для нас выкладчыкі па фартэпіяна, сальфеджыа, акрабатыцы і нават па ўшу тайцзы.

У тэатры функцыянуюць Вялікая (на 536 месцаў) і Малая залы. Цэны на прэм’ерныя спектаклі вагаюцца ад 10 да 20 еўра. Розніца паміж прэм'ерай і звычайным вячэрнім — не больш за тры еўра. Білет на дзіцячы спектакль абыдзецца ў сем еўра. Сярод спонсараў тэатра — адна з буйных кампаній па вытворчасці бытавой тэхнікі, камерцыйныя арганізацыі, культурныя фонды, у тым ліку — і фонд мецэнатаў.

Літва

Бестэрміновыя дагаворы для акцёраў і тэатры без рэжысёраў

Бірутэ МАР — актрыса Літоўскага нацыянальнага тэатра драмы, рэжысёр. Паставіла шэраг камерных і монаспектакляў на Малой сцэне роднага калектыву, а таксама ў іншых трупах Вільнюса — Маладзёжным тэатры і ў Тэатры Оскараса Каршуноваса. Па той колькасці Гран-пры, што актрыса заваявала на міжнародных фестывалях тэатраў аднаго акцёра, яна — сапраўдная зорка манадрамы еўрапейскага маштабу і ўзроўню. Улічваючы шырокую геаграфію фестывальнай дзейнасці, некаторыя са сваіх спектакляў Бірутэ выконвае на трох мовах: на роднай літоўскай, на рускай і англійскай. Некалькі разоў мая калега прыязджала і ў Беларусь. Свае эстэтычна вытанчаныя работы яна паказвала ў рамках міжнародных фестываляў монаспектакляў “Я”, якія праходзілі ў Мінску, Маладзечне і на “Славянскіх тэатральных сустрэчах” у Гомелі.

— У нашых дзяржаўных тэатрах цяпер існуюць два варыянты кіраўніцтва, — пачынае адказваць на мае пытанні Бірутэ Мар. — У адных калектывах на чале — дырэктар, які вырашае і адміністрацыйныя, і мастацкія пытанні. Напрыклад, Рускім драматычным тэатрам цяпер кіруе рэжысёр Ёнас Вайткус, Маладзёжным — Альгірдас Латэнас (у мінулым — акцёр гэтага тэатра), Каўнаскім нацыянальным — акцёр Эгідыус Станцыкас. Ёсць тэатры, дзе дырэктар прызначае мастацкага кіраўніка. У нашым Нацыянальным тэатры дырэктар Марцінас Будрайціс — па прафесіі менеджар. Ім і прызначаны мастацкі кіраўнік — тэатразнаўца Аўдроніс Ліуга.

Апошні адказвае за рэпертуар, за выбар п’ес, ён жа запрашае рэжысёраў-пастаноўшчыкаў. Звычайна ў тэатрах ёсць і мастацкі савет (наколькі ён дзейсны — на практыцы тое залежыць ад асобы кіраўніка). Дырэктар тэарэтычна не ўмешваецца ў працу мастацкага кіраўніка, але, вядома ж, здараецца ўсякае. Гэта ж тэатр...

Дырэктара тэатра зацвярджае Міністэрства культуры на аснове конкурснага адбору тэрмінам на пяць гадоў. Пасля заканчэння гэтага перыяду Міністэрства абвяшчае новы конкурс. Кіраўнік тэатра мае права прызначыць мастацкага кіраўніка або вырашыць пытанне сумяшчэння абедзвюх пасад. Увогуле, шкада, што ў літоўскіх тэатрах практычна знікла пасада галоўнага рэжысёра. Дзяржаўнымі тэатрамі часцей за ўсё кіруюць не рэжысёры (апошніх запрашаюць на пастаноўкі). У выніку, спектаклі бываюць “пакінуты без нагляду”.

Акцёрская трупа дзяржаўных тэатраў, у асноўным, пакуль працуе па бестэрміновых дагаворах, хаця ёсць і акцёры, якія працуюць па дагаворах на адзін — тры сезоны. Шмат і запрошаных артыстаў, з якімі заключаны кантракты на ролю. Згадваю, што ў нас прадпрымаліся спробы перавесці трупу на тэрміновыя дагаворы (у Каўнасе і ў нашым тэатры ў 1995 годзе), але поспеху яны не мелі: з-за адсутнасці сацыяльных гарантый для тых акцёраў, з якімі па аб’ектыўных ці суб’ектыўных прычынах могуць не працягнуць дамову...

“Героі” і “ахвяры”, 61% і сумная гісторыя з рамонтамі

— У літоўскіх тэатрах адсутнічае практыка і ўстаноўка, па якой тэатр павінен адпрацаваць пэўную колькасць спектакляў у год, — працягвае Бірутэ Мар. — Былі спробы раней, але цяпер дзяржаўным тэатрам дадзена больш свабоды, у тым ліку і ў пытанні нармавання паказаў. Доля фінансавання тэатра Міністэрствам культуры складае 61%: астатняе тэатр павінен зарабіць сам або знайсці спонсараў, якімі могуць быць, скажам, і недзяржаўныя структуры. Мяркую, тое натуральна: тэатр наўрад ці калі-небудзь зможа сам сябе забяспечыць (прынамсі, трэба вельмі добра ведаць эканамічныя законы і ставіць выключна тое, што прыносіць гарантаваны даход — у асноўным, камедыі). Таму дыскусія, якая заўсёды ўзнікае ў дзяржаўным тэатры: “камерцыйны — некамерцыйны рэпертуар — мастацтва”, — застаецца актуальнай.

У наш час цяжка схаваць ад прэсы якую-небудзь інфармацыю. Асабліва калі яна датычыцца тэатра ды канфліктных сітуацый. Прэса з гэтага, як звычайна, робіць “герояў” і “ахвяр”. У Літве здаралася шмат выпадкаў, калі акцёры выступалі супраць кіраўніка. Як правіла, тое заканчвалася адстаўкай кіраўніка і выбарамі новага. Даходзіла справа і да суда. Тады Міністэрства культуры, мяркую, павінна вырашыць гэты канфлікт. Бывала, што ўсё заставалася па-ранейшаму, і скандал “астываў” — на пэўны час або назаўсёды.

Некалькі гадоў ва ўмовах рэканструкцыі працаваў Нацыянальны тэатр Каўнаса, доўгі час — Драматычны тэатр Клайпеды. Так, спектаклі працягваюць іграць на іншых пляцоўках, рэпетыцыі таксама ідуць. Тэарэтычна — жыццё працягваецца, а практычна — гэта сумная гісторыя. Вось прыклад тэатра Клайпеды: з-за недахопу сродкаў яго рэканструкцыя спынілася на многія гады. У выніку лепшыя акцёры пераехалі ў Вільнюс і працуюць цяпер у нас, у Нацыянальным тэатры, астатнія ж — разбрыліся хто куды...

Як вырашаюць канфліктныя моманты ў тэатрах Украіны і Польшчы? Чытайце ў наступных нумарах “К”.

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр