"Песняры" і Чэслаў Нэмэн

№ 11 (1137) 15.03.2014 - 21.03.2014 г

Невядомыя сустрэчы легенд
Да 75-годдзя з дня нараджэння славутага земляка Чэслава Нэмэна — ураджэнца Старых Васілішак, што на Шчучыншчыне, — працягваем даследаванне кантактаў артыстаў ансамбля “Песняры” — найперш яго “залатога складу” — з гэтым рок-музыкантам, кампазітарам, паэтам, мастаком. Месцам першай сустрэчы ў 1971-м, нагадаем, стаў польскі горад Сопат, дзе і ладзіцца славуты фестываль песні. Сёння друкуем успаміны ўдзельнікаў той сустрэчы — заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь Уладзіслава Місевіча (пачатак ягонага маналогу быў апублікаваны ў “К” № 9 за 2014 г.) і Леаніда Барткевіча.

/i/content/pi/cult/471/10002/15-1.jpg

Чэслаў Нэмэн пад час канцэрта ў Мінску, 1976 г. / Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

/i/content/pi/cult/471/10002/15-2.jpg

"Песняры" ў Сопаце, 1971 г. / Фота з архіва Юліі Тышко

/i/content/pi/cult/471/10002/15-3.jpg

"Песняры" ў Сопаце са спеваком Крысам Смітэрам (чацвёрты злева), 1971 г. / Фота з архіва Леаніда Тышко, перазнятае Іванам Капсамунам для сайта pesnyary.com

(Працяг. Пачатак у № 7 і № 9.)

Што яшчэ сказаў Місевіч?

— Што ж да іншых сустрэч “Песняроў” і Чэслава Нэмэна, — дадае Уладзіслаў Людвігавіч пасля аповеду пра выпадковае знаёмства 1971 года, — то памятаю яшчэ дзве: у Мінску ў 1976-м і ў Сочы — праз тры гады. Што да апошняй, у 1979-м, дык на адной сцэне ў першы дзень выступаў Чэслаў, на наступны — мы, “зарадзіўшыся” на тыдзень. Прыехаўшы раней, наведалі канцэрт Нэмэна. Граў ён, канешне, не для публікі. Яе непадрыхтаваная частка, прызнацца, была агаломшана. Артыст сядаў за клавішныя і выконваў свае кампазіцыі. Але самая “салодкая страва” — калі ён браў гітару і спяваў песні. Тэсітурна, высока! Потым падышлі за кулісы. Як я казаў, у стасунках ён быў вельмі простым хлопцам. Таму распыталі, як справы, як здароўе.

Чэслаў заўжды прывозіў самую сучасную тэхніку — проста бляск! Мелатроны, імітатары духавых — усе новыя мадэлі, магчымасці якіх ён дэманстраваў напоўніцу. Зразумела, частку інструментаў меркавалася прадаць савецкім артыстам. “Песняры”, праўда, у яго нічога не набывалі, бо атрымлівалі апаратуру за валюту, у тым ліку ад югаславаў.

На мінскім жа канцэрце ў Палацы спорту на тры гады раней усё адбывалася прыкладна па тым жа сцэнарыі. Таксама ўразіла тэхніка. І наш гукарэжысёр Мікалай Пучынскі распытваў Нэмэна, што і як у яго падключана.

На Днях польскай культуры ў Маскве ў 1979 годзе, памятаю, Чэслаў праспяваў нешта з рэлігійнага, падаецца. Тады Нэмэна ўпершыню паказалі па савецкім тэлебачанні: ён завяршаў фінальны канцэрт, спяваў з дзіцячым хорам. Гучала — неверагодна! Адпад! (Маецца на ўвазе, відаць, “Дыялог” Нэмэна, створаны на аснове паэзіі Уладзіміра Маякоўскага і Уладзіслава Бранеўскага, што быў нумарам гала-канцэрта Дзён польскай культуры ў красавіку 1979 года. — С.Т.) Калі ж цяпер яго значныя работы праслухаеш, то адчуванне — не менш магутнае…

Выснова мая пра Нэмэна адна: геній! Ён вывеў польскую мову як арганічную ў поп- ды рок-музыку, і застаўся ёй верным да канца, чаго не атрымалася ў шведаў, немцаў, грэкаў. Урэшце, калі геніяльны чалавек бярэцца за справу, то ў яго і атрымліваецца геніяльна. Рэзюмую і так: беларуская культура мае поўнае права на тое, каб лічыць Чэслава Нэмэна артыстам са сваёй прасторы прыцягнення. Наяўнасць такой Постаці ў нацыянальным пантэоне — падарунак лёсу. Асоба, вартая помніка!..

…Пасля таго, як матэрыял летась быў запісаны на дыктафон, Уладзіслаў Місевіч колькі разоў тэлефанаваў і ўдакладняў пэўныя дэталі, дадаваў штрыхі, якія прыгадваў з тых сустрэч. Цікава, што самае апошняе ўдакладненне было зроблена ім ужо пасля таго, як выйшла з друку першая частка тэксту, а навёў на той успамін візаві здымак з архіва Леаніда Тышко, што ілюстраваў тэкст у “К” № 7. Але падрабязна пра гісторыю адкрыцця і ўвядзення ва ўжытак фота чытайце далей.

І яшчэ. Пасля гутаркі Місевіч абяцаў наведаць Старыя Васілішкі і Клуб-музей у родным доме Чэслава Нэмэна. Абяцанне стрымаў: у чэрвені 2013 года паездка адбылася, і ўражанні аказаліся самыя станоўчыя. Па тэлефоне артыст сказаў мне пасля: “І чаму пра шанаванне такога Творцы пачалі клапаціцца толькі цяпер?.. Якім жа ён быў хлопцам таленавітым…”

Што сказаў Барткевіч?

Нарэшце, аповед трэцяга ўдзельніка падзей жніўня 1971 года. Леанід Барткевіч на той момант быў поруч з Уладзімірам Мулявіным асноўным салістам “Песняроў” з дэбютнай “Александрынай” у рэпертуары і самым маладым удзельнікам ансамбля. Да таго ж, меўся досвед спеваў у мінскай камандзе “Залатыя яблыкі” і працы архітэктарам. Заўважым, успаміны Леаніда Леанідавіча па фактаграфіі адрозніваюцца ад версій маналогаў Тышко і Місевіча.

— Як памятаю, мы жылі ў сопацкім “Гранд-гатэлі”. Неяк бліжэй да вечара спаць не хацелася, і я выйшаў быў на шпацыр, — згадвае Леанід Барткевіч. — А тут бачу — Чэсік Нэмэн з дзяўчынай прыгожай, якой ён за раялем нешта музычнае паказвае! Ён жа быў нашым кумірам па тым часе! Карацей, я спехам наверх, паклікаў хлопцаў, сказаўшы, што Чэсік унізе. Спусціліся, а ён адразу: “Песняры” моі!” Гудзелі мы доўга, ён нам нешта спяваў, частаваў (у нас жа былі зусім сціплыя сутачныя)...

Размаўлялі мы па-руску і па-беларуску, прынамсі, з выкарыстаннем нашых слоў — дык дакладна (усё ж Нэмэн паходзіць са Старых Васілішак). А пра што? Скажам, пра тое, што ў Італіі ён атрымаў прэмію як рок-вакаліст і яго ўганаравалі сур’ёзным грашовым прызам, які ён вырашыў там жа ўкласці ў апаратуру і інструменты. Была гаворка і пра тое, за што яго выгналі з вучылішча ў Гродне, дзе яго ніхто не разумеў: там навучалі іншай музыцы, а ягоную — не разумелі. А на маё пытанне Чэсік адказаў так: творы находзяць да яго экспромтам. Маўляў, сам не ведае, адкуль яны бяруцца…

“Песняры” сустракаліся з Нэмэнам і пазней. Апошні раз бачыў Чэслава ў 1979-м у Сочы. Пасля не надта ўважліва сачыў за ягонай творчасцю, але яго сталенне як музыканта, што значна апярэджвае свой час, — відавочнае (хоць для мяне найблізкі — ранні Нэмэн). Яму так і казалі: трэба быць больш блізкім да людзей ды іх густаў… Але і цяпер пераконваюся: пастаў ягоную музыку — і табе яна ніколі не надакучыць. Вакаліст, кампазітар, аўтар тэкстаў — ён ва ўсім быў непаўторным, Чэсік Нэмэн, да якога Бог дакрануўся, пасвечаны, незямны творца народжаны для сваёй музыкі, якой ён стварыў, фактычна, новы жанр… А па маштабе таленту я супаставіў бы яго постаць з Мулявіным. У аранжыроўцы ж апошняга “Песняры” выконвалі ўслед за Нэмэнам “Бродягу”, хай сабе і зусім нядоўга...

Што з беларускай музыкі меў у фанатэцы Нэмэн?

Абяцаная гісторыя пра фотаздымак “Песняроў” і Нэмэна — адзінае дакументальнае сведчанне сустрэчы артыстаў. Пра яго згадвалі, але “выйсці на сувязь” з Леанідам Тышко аказалася даволі складана, ва Уладзіслава Місевіча ж архівы не захаваліся. Карацей, тэксты былі падрыхтаваны, але з ілюстраваннем падзвіжак не пазначалася ажно да кастрычніка мінулага года. Акурат тады ў Сеціве з’явілася ўнікальнае фота Чэслава Нэмэна з “Песнярамі”, зробленае на сопацкім фестывалі ў 1971-м.

Нядаўна ў Ізраілі, дзе цяпер жыве Леанід Тышко, пабываў малдоўскі прыхільнік “Песняроў” са шматгадовым стажам Іван Капсамун. Яму ўдалося, сярод іншага, пагартаць альбом Леаніда Барысавіча. На шчасце, сярод перазнятых ім старонак аказалася і гэтае фота 1971 года з Чэславам Нэмэнам. А па вяртанні з падарожжа спадар Капсамун выклаў гэтае фота на сайце прыхільнікаў “Песняроў”... (Дарэчы, сёлета стала вядома, што і ў альбоме Леаніда Барткевіча маецца як апісаны вышэй здымак, так і асобны партрэт Чэслава Нэмэна.)

Вось і была б кропка ў гісторыі з сустрэчай 1971 года, каб пасля выхаду першай часткі матэрыялу не высветлілася яшчэ сёе-тое. На гэты самы здымак у Сеціве з каментарыем “Самае цікавае, што ў руках у Місевіча — пласцінка. Пытанне — якая? “Песняроў”? Нэмэна? Ці чыясьці яшчэ?” натрапіла дачка Леаніда Тышко — мінская спявачка Юлія Тышко. Яна напісала: “Гэта пласцінка “Песняроў”. У мяне такая ж ёсць” — і выклала выяву яе вокладкі. Аказалася — першы альбом ансамбля. І сапраўды — ён самы, проста трымае пласцінку Уладзіслаў Місевіч за правы бок канверта. Таксама спадарыня Юлія дазволіла апублікаваць яшчэ адно фота “Песняроў” з Сопата. Яно — перад вамі.

А ўвечары таго ж дня патэлефанаваў Уладзіслаў Місевіч і сказаў: “Я прыгадаў, чаму неяк абрывіста памятаю падзеі той сустрэчы. Калі мы атачылі Нэмэна, стала зразумела: ні ў каго з сабой няма нашай першай пласцінкі, ды мелася яна на той момант наогул толькі ў мяне, вось я і быў “дэлегаваны” па яе. Пабег у свой гатэльны нумар, адшукаў асобнік (а перад выездам адмыслова ўпільнаваў колькі экзэмпляраў у раёне мінскага ЦУМа) і праз тры прыступкі — да хлопцаў! Мы пласцінку падпісалі і ўручылі Чэславу”. Карацей, каб не спрынтарскія якасці, адзін з герояў здымка мог бы не паспець да самога моманту фатаграфавання.

Дзякуючы гэтай пласцінцы можна з высокай верагоднасцю сказаць: беларуская музыка ў фанатэцы Нэмэна мелася, прынамсі, магла быць. Дарэчы, з гастролей 1976 года па СССР наш зямляк мог прывезці і яшчэ адзін гігант — “Па хвалі маёй памяці” Давіда Тухманава. Пра жаданне Нэмэна пачуць гэты свежы, прагрэсіўны па тых часах, альбом на рэпетыцыі перад мінскім канцэртам пачуў прысутны там фотажурналіст Аляксандр Дзмітрыеў. Паколькі ў яго той дыск, прывезены з Масквы, акурат і з’явіўся, то Дзмітрыеў перад канцэртам уручыў яго Нэмэну. Артыст жа падпісаў Аляксандру Фёдаравічу сваю апошнюю пласцінку…

Што ж насамрэч адбылося ў Сопаце?

Паспрабуем падсумаваць, што ж вядома пра сустрэчу Чэслава Нэмэна і салістаў ансамбля “Песняры” ў Сопаце ў 1971 годзе. У аповедзе Леаніда Барткевіча ўзніклі дэталі сустрэчы, пра якія не казалі Місевіч і Тышко. Некаторыя з іх — даволі яркія, таму нават здзіўляе, чаму іншыя ўдзельнікі іх не згадалі...

Такім чынам, з нашым земляком сустракаліся ўсе артысты тагачаснага складу калектыву: Уладзімір і Валерый Мулявіны, Леанід Тышко, Уладзіслаў Місевіч, Валерый Яшкін, Аляксандр Дзямешка і Леанід Барткевіч. Сустрэча адбылася непадалёк ад гатэля, дзе пражывалі беларускія артысты. Доўжылася яна няхай сабе і нядоўга, але, відавочна, пакінула вялікае ўражанне на “песняроў”. У якасці падарунка Нэмэну яны падпісалі свой першы альбом. А гутарылі пра музыку, пра дзяцінства і юнацтва земляка, праведзенае на Беларусі, пра яго выключэнне з Гродзенскага музычна-педагагічнага вучылішча і выезд у Польшчу па рэпатрэацыі... Ці быў працяг сустрэчы, пра які апавядае Леанід Барткевіч, з музіцыраваннем — сказаць цяжка, паколькі іншых сведчанняў таму няма.

Аднак і гэта — не фінал гісторыі кантактаў Чэслава Нэмэна з “Песнярамі”. Былі і яшчэ адкрыцці! Працяг будзе!

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах