Гарнітур для княгіні

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

Дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Сяргей Клімаў паведамляе “К”, што ў адным з замкавых пакояў гэтымі днямі ідзе мантаж нядаўна набытага ўнікальнага спальнага гарнітура, які знаходзіўся на віле Канстанціна Радзівіла з 80-х гадоў XIX стагоддзя і да 1929-га, пакуль віла не перайшла да новага ўладальніка. А да Радзівіла яна належала жонцы расійскага імператара Аляксандра II. Гэта адзіны нясвіжскі камплект мэблі, што мае непасрэднае дачыненне да знанай фаміліі.

/i/content/pi/cult/455/9603/2-4.jpg

Цягам часу гарнітур трапіў у Амерыку, двойчы выстаўляўся на самых прэстыжных аўкцыёнах. Музей-запаведнік зацікавіўся рарытэтам яшчэ дзесяць гадоў таму, спрабаваў яго набыць, але не дазволілі фінансы. Прайшоў час, сітуацыя змянілася. Гарнітур з пятнаццаці прадметаў выкупіла ў ЗША для Нясвіжа адна з кампаній, якая прывезла яго і растаможыла. Пэўны час мэбля праходзіла экспертызу з удзелам нашых і расійскіх навукоўцаў.

Экспертыза пацвердзіла кошт, выстаўлены апошнімі ўладальнікамі гарнітура. Пасля музей набыў яго праз камісію па асабліва каштоўных закупках Міністэрства культуры. Мэбля куплена за пазабюджэтныя сродкі Музея-запаведніка “Нясвіж”. Грошы збіраліся цягам года. Па словах Сяргея Клімава, сёлета ўстанова набыла больш за
1 600 прадметаў за 2,2 мільярда рублёў уласных сродкаў.

Зараз мэбля (дарэчы, гэта поўны камплект) збіраецца. Да прыкладу, гардэробнай шафе — 140 гадоў. Пасля транспарціроўкі музейныя рэстаўратары даводзяць яе да ладу. Пэўнай увагі патрабуе і кожны з пятнаццаці прадметаў спальнага гарнітура.

Такім чынам, услед за укамплектаваннем мужчынскай спальні да ладу цяпер даводзіцца і жаночая. Урачыстае адкрыццё гэтай экспазіцыі, як паведамляе кіраўнік музея-запаведніка, плануецца на пачатку снежня.

На здымку: фрагмент набытага музеем гарнітура Радзівілаў.

Фота ont.by