Лепшае за пяць гадоў

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

Гродна
15 лістапада ў гарадской выставачнай зале Гродна адкрылася выстаўка, прысвечаная 25-годдзю Дзіцячай мастацкай школы мастацтваў. На ёй было прадстаўлена каля 70 лепшых работ вучняў школы, створаных на працягу апошніх пяці гадоў. На экспазіцыі можна ўбачыць работы алеем, графіку, роспіс па шоўку.

/i/content/pi/cult/455/9596/11-1.jpg

/i/content/pi/cult/455/9596/11-2.jpg /i/content/pi/cult/455/9596/11-3.jpg

Дзіцячая мастацкая школа мастацтваў Гродна была адкрыта ў 1988-м. Размешчана яна ў гістарычным цэнтры горада ў двухпавярховым будынку — помніку архітэктуры позняга класіцызму 1880 г. У гэтым доме раней размяшчаўся клуб “Беларуская Хатка”, дзе зараджалася каханне Томаша Грыба, рэдактара гродзенскай беларускай газеты “Родны Край”, і Паўліны Мядзёлка — першай выканаўцы ролі купалаўскай Паўлінкі.

У сценах Мастацкай школы свой творчы шлях пачыналі вядомыя гродзенскія мастакі Андрэй Філіповіч, Уладзімір Пазняк, Вікторыя Ільіна. Штогод у школе навучаецца каля 370 чалавек рознага ўзросту — ад 8 да 16 гадоў.

Бясспрэчнай заслугай высокапрафесійнага педагагічнага калектыву школы з’яўляецца якасная акадэмічная падрыхтоўка вучняў. За лепшую калекцыю работ на Міжнароднай выстаўцы дзіцячай творчасці “Лідзіцэ-2012” (Чэхія) школа была ўзнагароджана залатым медалём.

Работы вучняў школы можна паглядзець, наведаўшы выставачную залу, а таксама ў некаторых філіялах дзіцячых бібліятэк горада, дзе размешчаны пастаянныя выставачныя экспазіцыі.

Марк ХАРЛАМАЎ

Гродна

Фота і рэпрадукцыі аўтара

 

Больш здымкаў -- у папяровай версіі газеты "Культура"