“За двума зайцамі” над Нёманам

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

Рэжысёр — пра Гродна, Караткевіча і тэатр
На сцэне Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра адбылася чарговая прэм’ера — камедыя “За двума зайцамі” па матывах п’есы ўкраінскага класіка Міхайлы Старыцкага. Спектакль прадстаўляе запрошаны пастаноўшчык — рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Міхаіл Краснабаеў.

/i/content/pi/cult/455/9593/9-1.jpg

Міхаіл Дзмітрыевіч амаль трыццаць гадоў працуе ў Коласаўскім. Пачынаў артыстам, прайшоў рэжысёрскую стажыроўку ў Маскве і з 2004 года займае пасаду рэжысёра-пастаноўшчыка. Усе спектаклі ён ставіць выключна на беларускай мове — згадайма “Крыж Ефрасінні”, “Леаніды не вернуцца на зямлю”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Ладдзя роспачы”…

Яшчэ перад спектаклем, цікавы і прыемны суразмоўца, Міхаіл Краснабаеў падзяліўся уражаннямі ад горада, ад гродзенскай трупы, распавёў пра спектакль “За двума зайцамі”, а таксама пра тое, чым прываблівае яго асоба Уладзіміра Караткевіча.

“У Гродне я не ўпершыню. Нарадзіўся ў Шчучынскім раёне. Гродна — вельмі прыгожы горад, адзін з найпрыгажэйшых у Беларусі! Утульны, цудоўны, такі… беларускі! Тут я ўбачыў свой першы ў жыцці спектакль, — распавядае рэжысёр, — гэта было яшчэ ў старым будынку тэатра (сённяшні Абласны тэатр лялек). Тады з гастролямі прыязджаў Брэсцкі абласны тэатр, і мы глядзелі яго знакаміты спектакль “Брэсцкая крэпасць”. Менавіта тады я і захапіўся сцэнай…”

Міхаіл Дзмітрыевіч доўга расказваў, што атрымалася і што патрэбна дапрацаваць у спектаклі. А твор Старыцкага — гэта ж класіка. Насамрэч, ён закранае актуальныя і ў наш час жыццёвыя сітуацыі.

“Ёсць “п’есы-аднадзёнкі”, але калі закранаюцца нейкія глыбінныя пачуцці — п’есы становяцца класікай! Дзве тысячы гадоў таму на сцэне ставілі розныя п’есы, а ў нас і зараз іх паказваюць. Эўрыпіда, Сафокла — калі ласка! Таму што чалавечыя пачуцці засталіся тыя ж самыя…”

Арыгінальная мова п’есы “За двума зайцамі” — украінская, на рускую яе пераклаў Аляксандр Астроўскі прыкладна сто гадоў таму, а вось на беларускую — віцебскі паэт Міхась Міронавіч. Адметна і тое, што ў п’есе прысутнічае “трасянка”.

“Беларусы ведаюць сваю мову! Не ўсе гавораць, а ўжо разумеюць дык дакладна. “Трасянка” ж — гэта наша хвароба. Адукаваны чалавек павінен ведаць і рускую, і беларускую мовы ў нашай дзяржаве”, — мяркуе Краснабаеў.

У гэтага рэжысёра ёсць дэвіз з твора “Ладдзя роспачы”: словы героя Гервасія Вылівахі, які кажа, што чалавек носіць сваё неба з сабой. Сам Міхаіл Краснабаеў паставіў ужо чатыры спектаклі па матывах твораў Уладзіміра Караткевіча. Чым жа прываблівае яго асоба пісьменніка?

“У яго герой — заўсёды вельмі інтэлігентны, і мова — інтэлігентная. Уладзімір Сямёнавіч узнімае нейкія гістарычныя рэчы, глыбінныя. Тым больш, ён так любіў Беларусь... І гэта ў ягоных творах ёсць! Я паставіў чатыры спектаклі па яго творах, прычым па двух раманах рабіў інсцэніроўкі. Апошняя прэм’ера была ў верасні: гэта “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” — вельмі складаны твор, вялізны. Зрабілі сцэнічную адаптацыю, бо немагчыма паставіць раман за дзве гадзіны, тым больш, у ім шмат цудоўнага аўтарскага тэксту, які, на жаль, выкарыстаць немагчыма. Мы паспрабавалі дацягнуцца да думак Караткевіча, да яго
пачуццяў…”

Хутка Міхаіл Краснабаеў вернецца ў свой тэатр, а вось рэпертуар Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра папоўніўся беларускамоўным спектаклем. Рэжысёрская задума Міхаіла Краснабаева, яркія і запамінальныя вобразы галоўных герояў у выкананні Святланы Завадскай і Васіля Мініча, атмасфернасць, іронія, “народнасць” вобразаў — усё запамінаецца.

Кацярына РУДЗІК

Гродна

Фота прадастаўлена тэатрам