“Кульман, ватман, рэйсфедар”

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

Дызайнерскі ход
Ватман — папера спецыяльнага гатунку, кульман — прыставанне для працы праекціроўшчыка, рэйсфедар — інструмент чарцёжніка. А ўсё разам — выстаўка ў Беларускім саюзе дызайнераў. Сёння згаданыя ды іншыя рэчы з гэтага шэрагу камп’ютар ператварыў у архаіку.

/i/content/pi/cult/455/9591/8-3.jpg

Старшыня БСД Дзмітрый Сурскі сказаў, што стварыць гэтую выстаўку ён вырашыў пасля таго, як сутыкнуўся з дзіўнай для яго акалічнасцю: нават не ўсе студэнты-дызайнеры ведаюць, што такое цыркуль. Так узнікла ідэя паказаць моладзі інструменты, якімі працавалі праекціроўшчыкі дакамп’ютарнай эпохі. Больш сталым людзям на выстаўцы будзе што ўспомніць.

Усе гэтыя прылады ды інструменты, што вымяралі, чарцілі, выразалі, фатаграфавалі, нясуць адбітак часу і цеплыню рук майстроў, якім яны належаць ці належалі. Прадстаўлены на выстаўцы і праекты, выкананыя ў старых тэхніках: адмыўка, грызайль, аэраграфія. Тут бачна, якім мог бы стаць Мінск, каб спрошчаныя да максімуму формы, што пасунулі з рэчаіснасці ў гісторыю сталінскі ампір, сцвердзіліся ў нашым мастацтве гадоў на дзесяць пазней. Асабіста я адчуваў хваляванне, калі мне дазволілі патрымаць у руках прадстаўленыя ў экспазіцыі гатавальні і асобныя інструменты мэтраў архітэктуры, якія праектавалі цяперашні праспект Незалежнасці.

На думку спадара Сурскага, новы інструментарый значна пашырыў тэхнічныя магчымасці дызайнера, надаў яму ў працы над праектамі такую ступень свабоды, пра якую ў ягоныя студэнцкія гады можна было толькі марыць. Але разам са знікненнем гэтых рэйсфедараў, рапітографаў, аэрографаў пад пагрозай апынулася тое, што прынята называць аўтарскім почыркам. Асабліва ў галіне візуальных камунікацый.

Дарэчы, яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя інжынеры атрымлівалі мастацкую падрыхтоўку больш грунтоўную, чым сённяшнія дызайнеры. Дык тэхнічныя распрацоўкі той пары і сёння ўражваюць гарманічнай функцыянальнасцю, якой часам бракуе сучасным рэчам.

Наведаўшы выстаўку, хочацца забыцца на камп’ютарную праграму 3D MAX і з дапамогай добрых старых інструментаў намаляваць штосьці прыгожае…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"