Быццам бы дзіцячае

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

“Лістападзік”: у цені іншых праграм ММКФ? Але…
Нельга недаацаніць унёсак “Лістапада-2013” у жыццё сталіцы і краіны ў цэлым. Сёння як ніколі стужкі-канкурсанты задавалі новыя гарызонты ўспрыняцця кінамастацтва і яго жанраў, і як ніколі беларускае кіно было прадстаўлена ў наймацнейшых праграмах форуму. Цяпер у фокусе — яшчэ адна праграма, якая незаслужана трапляе ў цень іншых: конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторый “Лістападзіка”.

/i/content/pi/cult/455/9590/8-1.jpg

Распачаць дыялог

У адрозненне ад конкурсу кінашкол, паказы якога карысталіся ўвагай публікі выбарачна, “Лістападзіку” на папулярнасць скардзіцца не выпадала. Поўныя залы на ранішнія і дзённыя паказы, атмасфера свята — адміністрацыі кінатэатра “Піянер” сумаваць не даводзілася. Прыемна было заўважыць на сеансах Галіну Адамовіч з дачкой, Паўла Харланчука з сынам… І нават на іх прыкладах можна сцвярджаць, што рух конкурсу ў бок мерапрыемства для ўсёй сям’і стаўся не проста пажаданым сцэнарыем.

Сёлета ў конкурсе “Лістападзіка” ўдзельнічала дзевяць карцін. І, прызнацца, такой шыкоўнай падборкі фільмаў не даводзілася бачыць тут даўно (ці ўвогуле ніколі).

Што сёння ўяўляе з сябе кіно для дзіцячай і падлеткавай аўдыторыі? Збольшага, наш дарослы глядач прызвычаіўся да савецкай кінакласікі: фільмаў Нячаева, Бычкова, Роу. Малады — да серыі стужак па рамане Джоан Ролінг пра Гары Потара. Але дзе ж тая “залатая сярэдзіна”, што здольная прымірыць першых і другіх? Сучаснае дзіцячае кіно не церпіць хлусні і “сюсюкання”, пра што і кажа “Лістападзік”. Гэта кіно, якому не чужыя гуманістычны пачатак і адкрытасць да свету дзіцяці — з яго фантазіямі, адчуваннямі, комплексамі ды імкненнем разабрацца ў супярэчлівым часе… Ці часта бачым падобны кінапрадукт? Мяркую, не.

Свет, у якім мы жывём

Лейтматывам праграмы можна назваць тэму наваколля як асяродка, які робіць з нас тое, што мы ёсць. “Грандыёзнае птушынае спаборніцтва” Крысціяна Дзюэкера, “Падарожжа Ігара і журавоў” Яўгена Румана, “Клара і мядзведжыя таямніцы” Тобіяса Інайхена, “Таямніца Ягора” Аляксандры Яфрэмавай… Амаль усе канкурсанты імкнуліся данесці думку пра тое, што станаўленне маладой асобы можа праходзіць не толькі ў інтэрнэт-прасторы, а ў свеце рэальным, поўным прыгод, загадак, барацьбы. Як гэта бачна нават з назваў стужак, у карцінах значная роля адводзіцца стасункам дзяцей з жывёламі, птушкамі, прыродай, і, як падкрэслівае кожны аўтар сваёй гісторыяй, менавіта выхад у вялікую прастору свету, за межы “собственного мирка”, дазваляе маладой асобе знайсці сябе. Сучаснае дзіцячае кіно таксама не абыходзіць увагай і стасункі з мінулым. Таму як разуменне гісторыі, падзей, што адбываліся раней ці адбываюцца тут і зараз, дапамагае маладым адчуваць дзень сучасны, разумець яго асаблівасці.

Напрыклад, у карціне “Клара і мядзведжыя таямніцы” Тобіяса Інайхена гераіня мусіць разгадаць загадку дома ў швейцарскіх Альпах, дзе яна жыве. Дом на першы погляд падаецца ідылістычным: ён месціцца высока ў гарах, у атачэнні зялёных лясоў і лугоў, па якіх бегае маленькае мядзведзяня… Але ў гэтага месца ёсць сваё мінулае, якое трэба разгадаць, зразумець, пераадолець, каб быць шчаслівым у цяперашнім. І каб зрабіць гэта, не трэба баяцца быць адметным і чулым, прыслухоўвацца да свайго голасу…

А “Не чакай пахвал” Ян Цзіня — пяшчотная гісторыя сяброўства, што здараецца не ў школьных кабінетах ці ў сацыяльных сетках, а ў падарожжы па правінцыі. Хлопчык, які прызвычаіўся спазнаваць свет з дапамогай кніг, паступова адкрывае яго разам з сябрам у вандроўцы. Гэтыя ўцёкі і сустрэчы з людзьмі дапамагаюць яму ўсвядоміць, што кніжныя веды — далёка не канчатковая ісціна, якая дазваляе разумець жыццё і чалавека, і што некаторыя “неабавязковыя” імгненні застануцца ў памяці на ўсё жыццё...

Не адмовіў “Лістападзік” гледачу і ў чароўнай казцы. Але і славацка-чэшская карціна “Каваль з Падлесся” Паўла Гобля, у якой нароўні з акцёрамі дзейнічаюць абаяльныя лялечныя персанажы, вучыць таму, што здабываць шчасце трэба прыслухоўваючыся да голасу ўласнага сэрца, а не да жаданняў іншых.

А “Падарожжа Ігара і журавоў” Яўгена Румана — фільм не толькі пра выратаванне гадаванца, але і аб праблеме самаідэнтыфікацыі галоўнага героя — адзінаццацігадовага хлопчыка Ігара, вымушанага пераехаць у іншую краіну.

Разнастайнасць медыя

Пра кінамову аўтараў. Мяркуючы па праграме, актуальны дзіцячы кінематограф не лічыцца прадуктам “другога гатунку”, а робіцца з усім размахам і страсцю, уласцівымі “даросламу кіно”. Да прыкладу, тая ж “Клара і мядзведжыя таямніцы”  — гэта ўзор надзвычай прыгожай і высокабюджэтнай кінакарціны. Яна зроблена з піетэтам: здымкі альпійскіх гор з верталёта, маляўнічыя відарысы, сапраўдныя мядзведзі… Усё гэта робіць кіно творам мастацтва, што спалучае ў сабе маляўнічасць фільмаў тэлеканала "Дыскаверы" і камернасць ды псіхалагізм меладраматычных гісторый.

Рэжысёр фільма “Не чакай пахвал” Ян Цзінь, каб перадаць дух прыгод і пэўную “фантазійнасць” дзіцячага мыслення, разнастаіў стужку анімацыйнымі ўстаўкамі. Здаецца, яны зусім не абавязковыя, выкананыя ў простай тэхніцы, але іх прысутнасць робіць карціну ўзнёслай і лёгкай.

Цалкам “у трэндзе” задзейнічання візуальных тэхнік сталася і работа беларускі Алены Туравай “Кіндарвілейскі прывід” — фільм-адкрыццё конкурсу. Твор аўтара, які мае значны досвед у анімацыі, вылучаўся не толькі запамінальным абліччам шкоднага, але нязлога прывіда, (яго бліскуча ўвасобіў Вячаслаў Паўлюць), але і іншымі сімпатычнымі істотамі, што паспяхова складалі канкурэнцыю галоўным героям. Да прыкладу, анімацыйная котка прывіду была выканана настолькі выразна, што яе грымасы палюбіліся многім. (Мой сусед справа нават захацеў такую сабе дадому.) А сцэна “страшнага” танца гарбузоў выклікала ў дзятвы не толькі смех, а нават шчырае замілаванне. Словам, Алена Турава пастаралася…

Аднак не толькі ўдалым выкарыстаннем той жа анімацыі ды спецэфектаў запомнілася новая работа рэжысёра, — паводле тэматыкі, пасылу стужка цалкам перагукалася з іншымі фільмамі. У нашым забаўляльным “хорары” знайшлося месца і для такіх пытанняў, як: хто мы ёсць? Якія каштоўнасці ў нас на першым плане? Як ставімся да ўласнага мінулага (дзеянне карціны адбываецца ў “вілейскім” палацы Святаполк-Чацвярцінскіх)? І, уласна, чаго чакаем ад будучыні? Часам прастора карціны надзвычай перанасычана дзеяннем, але “Кіндарвілейскі прывід” годна прадставіў беларускае дзіцячае кіно на фестывалі. Фільм атрымаўся вясёлым, музычным, трошкі страшным, трошкі сумбурным, але галоўнае — адпаведным сучасным тэндэнцыям у дзіцячым кінематографе, калі свет выдуманы і рэальны знаходзяцца ў балансе. А калі ўлічыць, што бюджэт айчыннай кінастужкі не параўнальны з бюджетам швейцарскай карціны, перад Туравай можам зняць капялюш...

…І пару хвілін на пытанні

Цікава, што сёння кіно, якое мы яшчэ “па інерцыі” называем дзіцячым, па форме ды змесце сягае далей. На яго рэагуе юны глядач. Пасля сеансаў дзеці задавалі пытанні рэжысёрам, якія прыехалі, каб прадставіць свае работы. І, на жаль, у большасці выпадкаў часу на зносіны з аўтарамі відавочна не ставала.

— У карціне я хацеў падкрэсліць, што свет дзіцячых фантазій вельмі важны, і нельга ставіцца да яго зняважліва, — паведаміў галоўную думку фільма “Клара і мядзведжыя таямніцы” рэжысёр Тобіяс Інайхен. — І часам менавіта гэты свет здольны выратаваць нас ад зла і меркантыльнасці, — казаў ён, калі дзеці пакідалі залу, бо надыходзіў час для іншай карціны.

Спадзяёмся, што важная думка была пачута і знайшла водгук у юнага і дарослага гледача “Лістападзіка-2013”. Як і тое кіно, якое ён убачыў, — гуманістычнае, прыгожае, вясёлае, пяшчотнае, разумнае, праўдзівае, кранальнае… Быццам бы дзіцячае. У рэшце рэшт, ці паспелі мы гэта ўсвядоміць?..

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"