Пра карысць кемлівасці

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

Сяргей ПУКСТ, музыкант, кампазітар, радыёвядучы
Перш за ўсё хачу сказаць, што гэты артыкул не з’яўляецца заклікам да бяздзейнасці ці “обломовщины”. Але, прызнаюся, пэўнае маё раздражненне апошнім часам выклікана людзьмі празмерна дзейнымі, якія выяўляюць агульны прынцып, што адбіваецца, у тым ліку, і на культуры.

/i/content/pi/cult/455/9589/5-1.jpg

Пачынаючы здалёк, хацеў бы звярнуць увагу на тое, што гэты прынцып знаходзіць адлюстраванне і ў характары адукацыі. Сёння нават сістэма тэсціравання ведаў скіравана не на вертыкальнае глыбокае веданне прадмета, а на гарызантальнае арыентаванне ў свеце паверхняў. Значна важней паставіць “птушачку” ў патрэбным “акенцы”, чым ведаць пра душэўныя рухі герояў Васіля Быкава. Рэальнасць крыецца ў паверхнях. Менавіта ў гэтай павярхоўнай зададзенай рэальнасці мы і жывём. Гэта рыхтуе нас да той па азначэнні зададзенай ролі, якая па ідэі адводзіцца паспяховым людзям сёння.

Распіяраныя прыклады алігархаў — тых жа Абрамовіча і Беразоўскага (апошні — прафесар матэматыкі, між іншым, але акурат да гэтай акалічнасці ніхто не звяртаўся) — дэкларуюць прыярытэт кемлівасці перад грунтоўнымі ведамі. Акрамя ўсяго іншага, грунтоўныя веды даволі цяжка выявіць. Нам зразумела, чаму такія папулярныя серыялы пра паліцэйскіх у адстаўцы і нібыта ўсемагутных бандзюкоў: там у людзей ёсць інстынкт неадкладнага рэагавання. Яны працуюць у рэальнасці, што дынамічна развіваецца і не мае схільнасці да разваг. Гэтая рэальнасць запускае іх у вузкі тунэль прынятага рашэння, дзе няма месца канструктыўнаму сумневу. Як творца я таксама бягу ў тунэлі ўсеагульнага чакання. Як правіла — у нікуды.

Пазітыўнай якасцю кемлівасць сёння лічыцца і сярод людзей творчых. На жаль, я не магу прывесці дарэчных прыкладаў з беларускай культуры: наш культурны асяродак проста недастаткова структураваны. Таму возьмем прыклады з той жа расійскай культуры. Такія базавыя каштоўнасці, як прыродны талент, нешараговыя здольнасці, нярэдка абясцэнены. Вось, скажам, як можа выстаяць задумлівы Аляксандр Сакураў перад энергічным Дзмітрыем Астраханам? Хто такі Мікалай Баскаў з яго ў патэнцыі адметным голасам? Затое абмяркоўваюцца шлюбы-разводы, заляцанні, імкненне да свядомага кітчу (гэта значыць — свядомае жаданне падмануць).

І так можна доўжыць бясконца, раскрыўшы кожны калякультурны таблоід. Але прычына тут, вядома, — чыста чалавечая. Мы сталі жыць лепш, і роля тых гукаў, якія мы чуем, або карцінак, што мы бачым, змянілася. Чалавек натуральным чынам стаў паспяховым спажыўцом, адзначаючы свой духоўны рост тымі тэхналагічнымі навінкамі, якія ён набывае. У сілу гэтай падмены роля мастацтва кардынальна змяняецца. Тэхналагічны прагрэс прапаноўвае дакладную ўпісанасць чалавека ў навакольнае асяроддзе. Драматычнае напружанне сапраўднага мастацтва тут відавочна залішняе. Спектр эмоцый натуральным чынам драбнее, замацоўваючыся ў дыяпазоне ад замілавання да іроніі. Па сутнасці, кожная моцная гуманітарная ідэя становіцца непатрэбнай.

Пра Таркоўскага ўжо, у цэлым, забыліся. Фон Рыер, які месцамі яму сумаштабны, па вялікім рахунку, таксама не патрэбны. Штосьці накшталт Вудзі Алена сёння ідэальна ўпісваецца ў кантэкст. Замест руху думкі слізгаценне па паверхні — пазнакі інтэлекту. Маячок. Знак. Адназначнасць. І тут, натуральным чынам, мы выходзім на пэўную форму блокбастара ў кіно. Спілберг задаў моду “Выратаваннем радавога Райна”, на што Расія адказала “Стомленымі сонцам”, “Легендай № 17” і г.д. Нават “Беларусьфільм” вёў баталіі на гэтым полі зручнага для гледача рэжысёрскага разумення гісторыі, якое павінна быць камфортным.

Сёння патэнцыйны спажывец усё менш “бярэ да галавы” — ён прымнажае вакол сябе нашпігаваныя чужым розумам бліскучыя паверхні. У яго столькі сяброў у “Фэйсбуку”, столькі “карыснай” інфармацыі ў межах аднаго дотыку, што прымнажаць такую інфармацыю думаючы самому, не мае сэнсу.

Аўтар: Сяргей ПУКСТ
музыкант, кампазітар, радыёвядучы