“Сціслы канспект” Селіханава

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

“У той чарзе стаіць літаральна кожны...”
Па завяршэнні Маскоўскага біенале Спецыяльны праект Рэспублікі Беларусь “Дэкадзіроўка. Архетып страчанага часу” быў прадстаўлены і ў мінскім Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Пра саму выстаўку мы ўжо падрабязна пісалі (гл. К” №№ 37, 40), цяпер жа прапануем гутаркі з яе ўдзельнікамі, падрыхтаваныя асістэнтам куратара праекта, кандыдатам мастацтвазнаўства Аляксандрам Зіменкам. Гэтым разам інтэрв’ю — са скульптарам Канстанцінам СЕЛІХАНАВЫМ.

/i/content/pi/cult/455/9582/6-1.jpg

— Твой удзел у Біенале — гэта, па сутнасці, развіццё папярэдняга праекта “Адзін і многія”, які прэзентаваўся летась у Мемарыяльным музеі Заіра Азгура…

— Нават не развіццё, а “сціслы канспект”. Адзіныя новыя элементы — гэта новая пляцоўка і новыя гледачы, якія, дарэчы, увогуле не ў курсе таго, што адбываецца ў нашым мастацкім жыцці.

— Наколькі важны для цябе дыялог з гледачом? На якія яго вынікі ты разлічваеш?

— Пра важнасць дыялога сведчыць ужо тое, што я паказваю свае работы. Іначай які сэнс гэта рабіць? Глядач становіцца ўдзельнікам нейкіх падзей, якія я нібыта разгортваю перад ім, і любая яго рэакцыя мяне цікавіць. Тым больш, у маіх работах закранаюцца тыя аспекты жыцця чалавека, якія блізкія літаральна ўсім: асабістае, паўсядзённае...

— У праекце “Адзін і многія” гэты чалавек быў цалкам канкрэтны, персаніфікаваны: мы бачылі твае фатаграфіі, дзіцячыя рэчы... А тут індывід прысутнічае толькі як частка цэлага…

— Гэта праўда. У той чарзе, якую я візуалізаваў, стаіць літаральна кожны чалавек. Кожны ўбудаваны ў нейкую мадэль — соцыуму, сусвету, як хочаце называйце. Але, разам з тым, усе гэтыя людзі не звязаны паміж сабой — яны самотныя, і самадастатковасць абарочваецца стратай індывідуальнасці. Такі складаны парадокс, які вельмі мяне цікавіць.

Што ж да асабістага пласта ўспрыняцця, з якога і сапраўды пачынаўся праект “Адзін і многія”… У маскоўкім “канспекце” ён таксама пазначаны — аб’ектам “Урок”, сталом са шклянкамі малака. Гэта ўвасабленне маіх канкрэтных успамінаў часоў дзяцінства; непасрэдны дотык да канкрэтных рэчаў…

— А як будзе ўспрымаць гэты праект малады глядач, які не заспеў ні гранёных шклянак, ні падносаў, ні чэргаў?

— Сапраўды, прадметнае асяроддзе, што атачае нас, істотна змянілася, а вось сутнасць... Яна, думаю, засталася той самай. І таму чарга падаецца мне нейкай універсальнай формулай існавання чалавецтва. Падазраю, удумлівыя маладзёны паспелі гэта адкрыць яшчэ да наведання выстаўкі.

Натуральна, маецца на ўвазе метафарычная чарга, а не чарга па малако ці ў пасольства. Чарга як форма повязі паміж людзьмі. Нам здаецца, што ўсе мы — “самі па сабе”, але насамрэч знаходзімся ў нейкай шчыльнай звязцы: хай гэта будуць сацыяльныя сеткі, эканамічныя стасункі або нават проста надвор’е на вуліцы…

— Ты быў ці не адзіны з запрошаных на Біенале скульптараў, які выкарыстоўваў такі нехарактэрны для сучаснага мастацтва матэрыял, як традыцыйная бронза…

— Яго выбар цалкам вытлумачальны, калі прыгадаць сам шлях з’яўлення “Чаргі”. Своеасаблівым штуршком для мяне стаў вобраз нейкага ідэальнага персанажа, які стаіць на пастаменце або ўпэўнена крочыць у “светлую будучыню” на кадрах хронікі фізкультпарадаў 1920-х гадоў. Адпаведна, прывязка да эпохі напачатку ўсё ж была, а “злепак” той эпохі, без сумневу, належыць рабіць менавіта з бронзы. Потым я зразумеў, што такі вобраз мае ўніверсальны характар. А затым гэтыя першаэлементы склаліся ў чаргу.

Да таго ж, выбар матэрыялу мае таксама іншую матывацыю: фактура і колер. Калі ты звярнуў увагу, у персанажаў “Чаргі” майкі — залатыя. Менавіта бронза дае больш магчымасцяў перадаць розніцу колераў, усю гаму і фактуру. Увогуле, я імкнуся не “пераадольваць матэрыял”, але браць яго ў саюзнікі.

— Але ж сёння з дапамогай 3D-прынтара можна ствараць работы з чаго заўгодна, чым актыўна карыстаюцца сучасныя скульптары...

— Я чалавек з акадэмічнай адукацыяй і працую як умею. Фактар “рукатворнасці” з’яўляецца адным з асноўных у маёй творчасці. Уласна, адтуль усё і вырасла — з жадання працаваць з формай. Як Бродскі верыў у рыфму, так і я веру ў форму.

— Ты ствараеш не толькі камерныя скульптуры, але і манументальныя, прызначаныя для гарадскога асяроддзя. Ці вялікая дыстанцыя паміж гэтымі двума кірункамі тваёй працы?

— Мастацтва, створанае для грамадскай прасторы, мае зусім іншае гучанне, чым тыя творы, што экспануюцца ў выставачных залах. Адпаведна, дыстанцыі не ўнікнуць, але ёсць таксама і агульныя вытокі. Кожны твор мае сваю ідэю. Раней мяне цікавіла выключна форма, яе спазнанне і развіццё, але цяпер вельмі важны таксама і канцэптуальны напрамак руху. І калі ўвасабленне маёй ідэі патрабуе менавіта гарадской прасторы, я гатовы выкарыстоўваць яе ў якасці своеасаблівага матэрыялу для сваёй працы. У рэшце рэшт, паміж музеем і вуліцай няма непераадольнай мяжы: мастацтва распаўсюджваецца на ўсё, што нас атачае.

— А ці ёсць у Мінску такое месца, дзе табе хацелася б устанавіць сваю скульптуру?

— Насамрэч тут прасочваецца адваротны алгарытм: спачатку я ствараю скульптуру, а ўжо потым шукаю для яе прыдатнае месца. І не заўсёды знаходжу: штосьці залежваецца на паліцы. У мяне ёсць такая работа — “Чырвоны слімак”. Яна ўжо адліта ў бронзе і гадоў шэсць ляжыць на заводзе, чакаючы свайго часу. Мы доўга ездзілі па Мінску ў пошуках месца, куды б яе можна было ўсталяваць, і выявілася, што тыя месцы можна пералічыць па пальцах адной рукі! Здавалася б, тое новае асяроддзе, якое з’яўляецца ў сталіцы, павінна ствараць ідэальнае атачэнне для сучаснай скульптуры, але, тым не менш...

Таму давайце спярша створым гарманічнае архітэктурнае асяроддзе, а потым будзем думаць, ці трэба туды дадаваць мае скульптуры. Пакуль жа з арганізацыяй прасторы ў нас вялікае пытанне.

— Скульптурнае ўмяшальніцтва ў гарадскі ландшафт часта выклікае зусім не тую рэакцыю, на якую разлічвалі аўтары...

— Няўдалыя прыклады інтэграцыі скульптуры ў гарадскую прастору павінны прывесці нас да вельмі простай высновы: празмерная спешнасць спараджае сумныя вынікі. Трэба ставіцца да вулічнага мастацтва з улікам катэгорыі часу, усведамляючы, што яно паўстае калі не назаўжды, дык, прынамсі, “надоўга”, што яно становіцца часткай краявіду, ад якой потым нікуды не падзецца.

— А ці прыемна бачыць на вуліцах свае работы?

— Мне часта даводзіцца міма іх праязджаць, але, па шчырасці, я не адчуваю абсалютна ніякіх эмоцый. Гляджу на іх, бы на якія ліхтарныя слупы. Гэтыя работы належаць ужо не мне, а — прасторы…

— Не так даўно ты пакінуў свой след і ў Японіі...

— Так, горад Убе, на вуліцы якога два гады таму з’явіўся мой твор, можа стаць для нас добрым прыкладам. Пад час вайны гэты горад моцна пацярпеў, там адчуваўся дэпрэсіўны настрой. Але апрача аднаўлення будынкаў, рабочых месцаў і эканомікі, было вырашана пераўтварыць яго з дапамогай мастацтва. Пачалі са стварэння парку скульптуры сіламі японскіх аўтараў, і паступова гэта перарасло ў буйную міжнародную падзею... За паўстагоддзя горад літаральна перамяніўся.

— Наколькі я разумею, ты быў адным з нешматлікіх замежных удзельнікаў?

— Так, нас было ўсяго пяцёра — з пяціста ўдзельнікаў.

— Як ты лічыш, беларускія мастакі цікавыя сваёй апрычонасцю ці, наадварот, уменнем упісацца ў сусветны кантэкст?

— Я паслядоўны прыхільнік “проста мастацтва”, і ў маіх работах ты не ўбачыш адлюстравання нацыянальных традыцый — як гістарычных, гэтак і сучасных. Іншая справа, што тая зямля, на якой ты працуеш, сама па сабе нейкім таемным чынам на цябе ўплывае. Спецыяльна культываваць гэтую апрычонасць не бачу патрэбы.

— Што для цябе крытэрый сучаснасці ў мастацтве?

— Перадусім, гэта здатнасць выклікаць эмацыйны водгук, і не важна, як яно зроблена. Унікальнасць: сумна бачыць ідэйныя паўторы бачанага раней. Што ж да даціроўкі твора... Яна для мяне не вельмі істотная. Мне блізкія і работы Ёзафа Бойса, і капэла Медзічы Мікеланджала. Для мяне яна таксама стала сучаснай, бо ўразіла тут і зараз.

— Урэшце, ізноў вяртаючыся да “Чаргі”... Для цябе чалавек — гэта таямніца?

— Так, калі ўлічыць, што чалавек быў створаны паводле вобраза і падабенства Божага. Мяне больш за ўсё цікавіць менавіта тое, што звязана з гэтым таямнічым метафізічным аспектам нашага быцця...

Аляксандр ЗІМЕНКА, кандыдат мастацтвазнаўства

Фота Юрыя ІВАНОВА