Эпоха ВМТ

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

Адсюль выйшаў той рэалізм, які радыкальна разбурыў падмурак авангарда
А што да ўласна Віцебскага мастацкага тэхнікума, які праіснаваў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, то яго “бацькам” з’яўляецца Галоўнае ўпраўленне прафесійнай адукацыі, адпаведная пастанова якога ўпершыню была “агучана” 3 жніўня 1923 года ў газеце “Известия Витебского губисполкома и губкома РКП(б)”.

/i/content/pi/cult/455/9581/15-1.jpg

/i/content/pi/cult/455/9581/15-2.jpg /i/content/pi/cult/455/9581/15-3.jpg /i/content/pi/cult/455/9581/15-4.jpg

(Працяг. Пачатак у № 46.)

Чытаем: “Курс тэхнікума — чатырохгадовы, падзяляецца на два канцэнтры. Першы канцэнтр — агульная мастацка-тэхнічная адукацыя і другі — па спецыяльнасці. Тыя, хто паспяхова скончыў тэхнікум, атрымліваюць кваліфікацыю дадзенага роду мастацтва, настаўнікаў дашкольных, пазашкольных школ і школ I ступені. Прымаюцца ў тэхнікум асобы па жаданні і камандзіроўках з агульнаадукацыйнай падрыхтоўкай у аб’ёме II груп школ ступені. Прыём заявак для праверкі мастацкіх здольнасцей тых, хто паступае, пачнецца 1 верасня…”

Вызначаючы задачы тэхнікума, новае яго кіраўніцтва падкрэслівала: “У адрозненне ад былой школы, дзе вучыліся ў асноўным выхадцы з дробнабуржуазнага асяроддзя, студэнтамі тэхнікума павінны быць выхадцы ў асноўным з пралетарскага асяроддзя. Па-другое, новая школа павінна пастаянна ажыццяўляць цесную сувязь з жыццём, прымяняючы на практыцы атрыманыя тэхнічныя навыкі шляхам выканання заказаў і г.д. Трэцяя асаблівасць заключаецца ў тым, што ў аснову творчасці мусяць легчы рэвалюцыйна-класавыя ідэі і жыццё рабоча-сялянскай масы”. Менавіта такая канцэпцыя і стала асноватворнай на працягу ўсяго існавання тэхнікума, пачынаючы з восені 1923 года.

Аднак хутка наконт з’яўлення ў Віцебску новай навучальнай установы ўзнікла дыскусія: ці патрэбны гораду такі тэхнікум, у якім ужо “адчуваецца нейкая недакладнасць, штосьці недасказанае, быццам бы ўсё на “скорую руку, спехам” (цытую па артыкуле нейкага “А.О” з газеты “Известия губисполкома и губкома РКП(б)”, 2 снежня 1923 г., № 275, с. 2). Далей аўтар прыводзіць канкрэтныя недахопы і недапрацоўкі ў дзейнасці новаўтворанага тэхнікума, акцэнтуючы ўвагу на адсутнасці ў ім “фундаментальнасці” і тым самым падвяргаючы сумневам мэтазгоднасць існавання такой школы. Адказ у той жа газеце (№ 285, с. 2) з’явіўся праз дванаццаць дзён — за подпісам ужо згаданых “мастакоў — кіраўнікоў” тэхнікума: М.Керзіна, В.Волкава і М.Эндэ. Гэты адказ быў выразны і недвухсэнсоўны: гораду Віцебску тэхнікум патрэбны як паветра!..

Прыводжу найбольш важныя фармуліроўкі гэтай публікацыі: “…Тэхнікум неабходны таму, што яго задача — даць майстроў, здольных абслугоўваць патрэбы дзяржавы і рэвалюцыі ў галіне пластычных мастацтваў, майстроў, якія могуць зрабіць агітацыйны плакат, партрэт правадыра рэвалюцыі, сцяг, помнік, дэкаратыўнае ўбранне і г.д. Неабходны таму, што рэвалюцыя, разбурыўшы буржуазны лад, сцерла словы “Мастацтва для мастацтва”, і перад дзяржавай паўстала на чарзе пытанне аб адукацыі маладых мастакоў, непасрэдна звязаных з жыццём і вытворчасцю, якія ў мастацтве тварылі б справу Рэвалюцыі. Усё астатняе дадасца… За тры месяцы будынак былой сінагогі (памяшканне тэхнікума. — Б.К.) ператварыўся ў добрыя і зручныя, спецыяльна абсталяваныя майстэрні, дзе ўранку, днём і ўвечары, пры яркім святле электрычнасці, поўным тэмпам ідзе работа вучняў ды іхніх выкладчыкаў. Канешне ж, нічога не робіцца адразу, і, магчыма, пройдзе некалькі гадоў творчай напружанай працы па ўвасабленні ў жыццё новых прынцыпаў — як у метадах выкладання, так і ў непасрэдным дастасаванні іх у галіне мастацтва. Патрэбна ўпэўненасць у справе — і яна ёсць…”

Спачатку новаму дырэктару тэхнікума М.Керзіну і яго аднадумцам давялося рашуча адмежавацца ад многіх праграмных напрацовак папярэдніх “лявацкіх” устаноў. Аднак адразу пазбавіцца супрэматычнай спадчыны Казіміра Малевіча было не так проста. На першых парах вучэбныя класы тэхнікума акупаваў шумны натоўп юных вучняў-рамантыкаў — праціўнікаў усяго старога, аджылага, акадэмічнага. Скупы паёк, неацепленыя майстэрні, зімовы холад у вучэбных класах, вострая нястача падручнікаў, цесны інтэрнат, дарагоўля рыначных прадуктаў, праблемы з адзеннем і мастацкімі матэрыяламі, мізэрная стыпендыя, і тая — толькі для немаёмных студэнтаў, — усе гэтыя негатыўныя моманты, аднак, не перашкаджалі імпэтнай моладзі няспынна мітынгаваць ды адначасова ўхітрацца з захапленнем “угрызацца” ў граніт навукі.

Яшчэ працягвалася балючая ломка старых вучэбных праграм, яшчэ ішлі гарачыя спрэчкі і дыскусіі выкладчыкаў паміж сабой і выкладчыкаў з вучнямі, але да сярэдзіны 1920-х пачалі кардынальна вымалёўвацца прынцыпова новыя ідэі і праекты ў галіне мастацкай адукацыі. Вопыт найноўшай савецкай педагогікі быў, канешне, мізэрны і здаваўся ўжо занадта стараакадэмічным для маладой краіны, але, па перакананні кіраўнікоў тэхнікума, без “класічных” асноў немагчыма зразумець, спасцігнуць законы сапраўднага рэалістычнага мастацтва. І ў дадзеным выпадку ўчарашні шагала-малевічаўскі авангард, не прыняты шырокімі масамі, быў толькі перашкодай. Менавіта гэта на першых парах з’явілася галоўнай эстэтычнай устаноўкай новага кіраўніцтва тэхнікума, якую дзвюма рукамі падтрымалі і высокія чыноўнікі “зверху”. І гэтая керзінская ўстаноўка, практычна без шуму і скандалу, на дзіва хутка была радыкальна рэалізавана.

Такім чынам, Віцебск на працягу амаль васямнаццаці гадоў адыгрываў ролю вядучага вучэбна-педагагічнага і мастацка-асветніцкага цэнтра выяўленчай культуры рэспублікі — зразумела, пад крылом бальшавіцкай ідэалогіі, націск якой асабліва моцна стаў адчувацца ў 1930-я. А пакуль усё ішло, як трэба. Ці ж гэта жартачкі: ужо праз два гады пасля ўтварэння тэхнікум выйшаў не толькі на рэспубліканскую арэну, але і стаў шырока вядомы і за межамі БССР! Так, на Першай Усебеларускай мастацкай выстаўцы ў Мінску ў снежні 1925-га экспанавалася 110 твораў вучняў першых трох курсаў тэхнікума: ад эскізаў беларускай нацыянальнай вопраткі, праектаў вытворчых марак да жывапісных кампазіцый на тэмы рэвалюцыі, Грамадзянскай вайны і мірнай працы. У экспазіцыі ярка былі прадстаўлены і цудоўныя ілюстрацыі да беларускіх народных казак.

Актыўны ўдзел студэнты ды выкладчыкі прымалі і ва ўсіх наступных Усебеларускіх мастацкіх выстаўках (1927, 1929 і 1931 гг.), а таксама ў 1925 г. на Парыжскай выстаўцы работ вучняў мастацкіх навучальных устаноў, на юбілейнай Мастацкай выстаўцы твораў народаў СССР 1927 года (у гонар 10-годдзя Кастрычніка), дзе яны атрымалі "Спецыяльны дыплом". І далей — ва ўсіх найбуйнейшых аглядах 30-х, аж да апошняй даваеннай выстаўкі 1940 года, прымеркаванай да Дэкады беларускай літаратуры і мастацтва ў Маскве.

Прычым 1920-я з’явіліся ў Віцебску і пікам так званай беларусізацыі ўсёй мастацкай адукацыі ў краіне, першай сур’ёзнай спробай адраджэння нацыянальнай культуры, мастацтва, памяці гісторыі і мовы. Дарэчы сказаць, што справаводства ў тэхнікуме вялося ад рукі і менавіта на беларускай мове. Увогуле, нацыянальным пытанням тады, у 20-я гады, надавалася вялікая ўвага. Пра гэта, напрыклад, пісала газета “Савецкая Беларусь” у нумарах ад 25 лістапада 1924 г. і ад 28 лістапада 1925 г. У першым у нататцы “Мастацкі тэхнікум. Віцебск” газета паведамляла: у тэхнікуме “…вучні ахвотна вывучаюць беларускую мову, літаратуру, геаграфію і гісторыю Беларусі. Можна спадзявацца, што хутка тэхнікум стане папраўдзе беларускай установай”. У другім у нататцы “Віцебскі мастацкі тэхнікум” пісалася: “…Тэхнікум усё больш і больш становіцца беларускім. Гэтаму падпарадкаваны вучэбныя праграмы. Вучні ствараюць кампазіцыі на беларускія тэмы, малююць карціны на тэму эпохі “чырвонага дыктатара К.Каліноўскага і г.д.”. Пра паспяховую беларусізацыю тэхнікума казалася і ў афіцыйнай справаздачы Наркамата асветы БССР па выніках работы ўстановы за 1926 — 1927 гг. Але галоўная ўвага была ўсё ж скіравана на грамадска-выхаваўчую работу студэнтаў, на барацьбу камсамольскай і партыйнай арганізацый установы з уплывам на моладзь “буржуазнай ідэалогіі”. Ну, яно і не дзіва: так было тады скрозь і ўсюды...

 

Працяг чытайце ў наступных нумарах.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"