"Цары"-2? Слуцкі след “...Максіміліяна”

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

СЕНСАЦЫЯ: семежаўскія "Цары" cа спісу UNESCO мелі двайнікоў!
Як адрадзіць наноў забыты абрад і наколькі гэта рэальна ў час глабалізацыі? Як аказалася, нават для такой складанай на першы погляд задачы маецца свой рэцэпт.

/i/content/pi/cult/455/9575/1-1.jpg

/i/content/pi/cult/455/9575/1-2.jpg /i/content/pi/cult/455/9575/14-3.jpg

/i/content/pi/cult/455/9575/14-4.jpg

Добры прыклад падобнай справы — адраджэнне на Случчыне абраду “Цар Максіміліян” і мясцовага батлеечнага тэатра, што адбываецца проста на нашых вачах. І хай сабе да паўнавартаснага “ажыўлення” культурных з’яў яшчэ далёка, тым не менш, першы крок — зроблены. Такім чынам, "Цары" з капыльскай вёскі Семежава, што ўнесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, відаць, мелі "двайнікоў". Прычым — па суседстве!

"Цары"-2?

Улетку старшыня Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Аляксей Глушко ў фондах Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, які зараз уваходзіць у Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выявіў дакументальную стужку. Як аказалася, у 1962-м сталічнымі навукоўцамі былі арганізаваны здымкі народнай драмы “Цар Максіміліян” і батлейкі ў вёсцы Бялевічы Слуцкага раёна.

Нягледзячы на тое, што фільм аказаўся чорна-белым і нямым, было прынята рашэнне яго алічбаваць. Тым больш, што ў выніку мэтанакіраваных пошукаў у фондах таго ж інстытута выявіўся і рукапісны тэкст гэтай народнай пастаноўкі.

Цікавасць уяўляе і факт, што непадалёк ад Бялевічаў размяшчаецца славутая, дзякуючы абраду “Цары”, капыльская вёска Семежава. Населеныя пункты аддзяляе ўсяго з дзясятак кіламетраў. А значыць, магчыма, што ў ХІХ стагоддзі “Цары” мелі сваіх "двайнікоў" — падобныя па форме, але адрозныя па змесце традыцыі народных тэатраў. Пра гэта сведчаць і словы адраджальніка абраду ў Бялевічах Сямёна Дудара, які паведамляў этнографам, што ўпершыню пастаноўкі “Цара Максіміліяна” аднавіліся ў 30-х гадах, а ўжо пасля (не без ягонай дапамогі) — у сярэдзіне ХХ стагоддзя.

Звернемся да вытокаў традыцыі. Народная драма “Цар Максіміліян” была пашырана менавіта на Беларусі. Асновай сюжэта з’яўляецца канфлікт паміж царом і ягоным сынам, а таксама пакаранне апошняга смерцю. У свой час у навуковых колах нават выказвалася думка пра тое, што асновай паслужыў канфлікт Івана Жахлівага з сынам. Сёння ж лічыцца, што сюжэт “Цара Максіміліяна” ўзыходзіць да жыційнай літаратуры XVII — пачатку ХVІІІ ст. Найбольш часта ставіўся “Цар…” на беларускіх землях у 2-й палове XIX і на пачатку XX ст. У той час уплыў на народную драму аказвала драматургія малых форм. Этнографы выявілі, што значную ролю адыгралі ў гэтым працэсе сцэны батлейкі і пазаабрадавыя тэатралізаваныя гульні.

Але важным для навукоўцаў было не толькі выявіць відэазапіс ды тэкст народнай драмы, але і знайсці яе колішніх удзельнікаў. Для гэтага дэлегацыя з удзелам прадстаўнікоў СЭТ, Мінскага абласнога метадычнага цэнтра і Інстытута культуры Беларусі днямі наведала Бялевічы.

Рэвіталізацыя традыцыі

Пачалося падарожжа з візіту ў школу суседняй з Бялевічамі вёскі Лядна, дзе адбылася сустрэча з яе дырэктарам — як высветлілася, вельмі творчым і зацікаўленым у адраджэнні народных традыцый чалавекам. Адзін толькі школьны музей з унікальнымі экспанатамі чаго варты! Чаго там толькі няма: і артэфакты з першабытных часоў, выяўленыя пад час раскопак, і мясцовыя строі канца ХІХ стагоддзя, і ўнікальныя афіцыйныя дакументы пачатку ХХ стагоддзя... Па словах Вольгі Свірыдавай, неўзабаве з удзелам школьнікаў распачнецца і рэвіталізацыя слуцкіх “Цароў”.

Адметна, што візіт у Лядна супаў са святкаваннем Дня работніка сельскай гаспадаркі, а таму з’явілася цудоўная магчымасць у мясцовым Доме культуры перад святочным канцэртам паказаць стужку.

І ўсё ж самым галоўным момантам падарожжа на Случчыну стала сустрэча з колішнімі ўдзельнікамі ўнікальнай народнай традыцыі —Міхаілам Мерных, Валянцінай Гаркавой і Аляксеем Гаркавым. Пры гэтым толькі апошні прымаў удзел у пастаноўцы, запісанай на відэа.

Вялікую дапамогу ў іх пошуку аказаў слуцкі раённы аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Як высветлілася, удзельнікі пастаноўкі ўжо цьмяна памятаюць здымкі 1962 года і нават не ведалі пра існаванне фільма. А таму цяжка перадаць словамі ўражанні колішніх удзельнікаў пастаноўкі ад убачанай стужкі. Да слова, стварыць яе атмасферу дапамог музыкант Алесь Лось, які далучыўся да падарожжа.

Удзельнікі абраду прыгадалі шэраг цікавых фактаў. Да прыкладу, яны самі рабілі касцюмы, а ўласна пастаноўка ажыццяўлялася перад Бялевіцкім домам культуры, які колькі дзесяцігоддзяў таму згарэў. Цікава, што з пастаноўкай самадзейныя артысты аб’ехалі некалькі вёсак, у тым ліку — Семежава. Да таго ж, выступленне не было прывязана да Каляднага цыкла, але прымяркоўвалася да розных святаў. Аляксей Гаркавы, які выконваў ролю Атамана, і сёння не супраць дапамагчы моладзі аднавіць гэтую цікавую традыцыю.

Кампаратыў “Цароў”

Супрацоўніца Інстытута культуры Беларусі Таццяна Мармыш адзначыла, што вельмі важна было ўбачыць не толькі сам фільм — надзвычай каштоўнае сведчанне пра адзін з аб’ектаў айчыннай нематэрыяльнай культуры, — але і на месцы даведацца пра сучасны стан спраў. У Інстытуце культуры Беларусі чакаецца працяг дэталёвага навуковага даследавання гэтай слуцкай традыцыі. Так, зробяць параўнальны аналіз народных пастановак.

На думку этнографа, кандыдата гістарычных навук Таццяны Кухаронак, ужо тое, што ўдзельнікі абраду з намі, дазваляе, пры жаданні мясцовых жыхароў і дапамозе ўлад, спадзявацца на адраджэнне традыцыі, тым больш, што для прадстаўлення не патрабуецца дарагога рэквізіту.

Па словах кіраўніка СЭТ Аляксея Глушко, чакаецца мінская прэм’ера стужкі. Разглядаецца магчымасць накладання субцітраў, а таксама выкарыстанне музычнага аздаблення. Пакуль жа вядзецца пошук фактаў з гісторыі абраду, а таксама тэкстаў песень, якія гучалі ў час пастаноўкі.

Спадзяюцца на адраджэнне старадаўняй традыцыі і ў Слуцку. Дырэктар Раённага цэнтра народнай творчасці Таццяна Іванова адзначыла, што ўстанова будзе цесна супрацоўнічаць з зацікаўленай моладдзю, бо матэрыял гэты — вельмі цікавы. Калі ж атрымаецца адрадзіць “Цара Максіміліяна”, мяркуецца надаць дадзенай традыцыі статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці. Чакаецца і выкарыстанне элементаў народнай традыцыі ў тэатралізаваных мерапрыемствах раёна.

Мінск — Слуцкі раён — Мінск

Фота аўтара, а таксама кадр са знойдзенай стужкі


Больш здымкаў -- у папяровай версіі "Культуры".

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"