Сярод папулярных твораў лідзіруюць “Джэйн Эйр” англійскай пісьменніцы Шарлоты Брантэ і “Віно з дзьмухаўцоў” амерыканскага фантаста Рэя Брэдберы. Далей у рэйтынгу папулярнасці — “Фаўст” Іагана Гётэ, “Партрэт Дарыяна Грэя” Аскара Уайльда, “Вайна светаў” Герберта Уэлса і, што незвычайна, “Адысея” Гамера. Не абмінулі ўвагай і беларускіх аўтараў. Самыя папулярныя, мяркуючы па чытацкай актыўнасці, — “Альпійская балада” Васіля Быкава, “Дзве душы” Максіма Гарэцкага, “Выбраныя творы” Якуба Коласа і “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкляра і шпега” Людмілы Рублеўскай.
У топ-спісе — творы як сучаснікаў, так і класікаў (апошніх відавочна больш). Ці мае сэнс віртуальная чытальная зала, прадстаўленая стэндамі на плошчы Якуба Коласа, як сталы праект? Чаму менавіта гэтыя творы набылі найбольшую папулярнасць і чаму сучасная літаратура не апынулася ў лідарах? Па каментарыі мы звярнуліся да асоб, што маюць непасрэднае дачыненне да літаратуры, — абое, дарэчы, выкладчыкі кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ, адказны сакратар часопіса “Нёман”, тэатральны крытык:
— Я лічу, што гэта выдатны праект, які набліжае кнігу да чытача, робіць частку культурнай прасторы блізкай сучаснаму гараджаніну, зручнай для яго. Што ж да рэйтынгу, то яго цяжка каментаваць: у спісе не пазначана колькасць запамповак. Дый прычыны, па якіх тая або іншая кніга трапіла ў яго, могуць быць розныя. Можа, мінчане — сапраўды адданыя фанаты Рэя Брэдберы ці Шарлоты Брантэ. А можа, кніга, проста, — сярод абавязковых для прачытання па школьнай ці ўніверсітэцкай вучэбнай праграме (вось я сумняваюся, што шараговы чытач да такой ступені зацікавіўся складаным тэкстам “Адысеі” Гамера). Таму не хацелася б рабіць нейкіх высноў. Проста, здорава, што ты можаш, праходзячы міма, спампаваць патрэбную кнігу, спусціцца ў метро і пачытаць, пакуль будзеш ехаць.
Тое, што айчынныя аўтары трапілі ў спіс, — гэта натуральна. Больш дзіўна было б, калі гэтых імёнаў там не аказалася б. Магчыма, каб правялі гэтую акцыю, нават з тым жа складам кніг, у іншы часавы адрэзак, у лідары мог бы выбіцца нехта іншы, напрыклад, Вячаслаў Адамчык ці Андрэй Мрый.
Арцём КАВАЛЕЎСКІ, паэт, перакладчык:
— Калі казаць аб прыведзеным спісе, то “Джэйн Эйр” Шарлоты Брантэ — гэта, па вялікім рахунку, лёгкае забаўляльнае чытво, зразумелае большасці людзей, бо там прысутнічае пачуццёвая прыгода. Ну а Брэдберы, па-першае, — класіка фантастыкі, але не жорсткай, а вельмі гуманістычнай. Гэта тое, што прыцягвае чытача, бо дае магчымасць на пэўны час зазірнуць у іншы свет, распавядае пра звычайнае жыццё, але нібыта ў казачным рэчышчы. “Альпійская балада” Васіля Быкава — безумоўная класіка, нават, лічу, сусветнага маштабу. Зноў жа, гуманістычны сэнс, сцісласць. Праўдзівасць, непадробнасць быкаўскай прозы, шчымлівая, пранікнёная трагічная гісторыя робяць “Альпійскую баладу” такой “хітовай”. Мяне, шчыра кажучы, дзівіць, што “Дзве душы” Максіма Гарэцкага — у шэрагу самых папулярных па запампоўцы, таму што, мяркую, мала хто з людзей паспалітых увогуле знаёмы з творчасцю гэтага аўтара.
Наогул, было б добра, каб лідзіравала класіка, але магу сказаць, што чытаюць і іншае. Такая літаратура павінна быць запатрабаванай, але з беларускай класікай пытанне паўстае цяжэй. Ды добра, што існуе пэўны працэнт людзей, якія чытаюць па-беларуску і любяць беларускую мову.
У літаратуры павінна быць усё: і забаўляльнае, і лёгкае, і сур’ёзнае, і глыбокае, і філасофскае. Але тое, што выбірае чытач — гэта ўжо ягоныя прэферэнцыі, якія залежаць ад узроўню адукацыі, ад светапогляду. Галоўнае, каб людзі чыталі, бо апошнім часам усе сталі “пісьменнікамі”: кожны сядзіць у сацыяльных сетках, піша свой блог, а чытаць ужо няма каму.
Паэзію ж, здаецца, чытаюць мала. З іншага боку, калі ў 1960-я гады паэты збіралі стадыёны — гэта таксама нонсэнс быў. Урэшце, паэзія — гэта для абраных, яе трэба адчуваць не толькі галавой, сэрцам, але і нават хрыбетнікам. Для паэта важна разумець: калі ў цябе ёсць пэўнае кола чытачоў — гэта ўжо добра, і значыць, што літаратура пішацца не ў стол, а ў свет.
Безумоўна, ідэя стварэння віртуальнай чытальнай залы — вельмі добрая. Лічу, што чым больш будзе такіх “маякоў”, якія заахвочваюць увогуле звяртацца да чытання, — тым лепш. Падобныя праекты трэба вітаць і надалей працягваць, нават у выглядзе падобнага “атракцыёну”.
Фота Наталлі ОВАД і прадастаўлены аўтарамі
Будзем на сувязі!
Паважаныя чытачы! Нам цікавае ваша меркаванне па тэмах нумара. Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77, альбо на электронную скрыню kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-286-07-97, абмяркоўвайце на www.facebook.com/kimpressby, www.vk.com/kimpressby, www.twitter.com/kultura_by!