Міжнародны і нацыянальны конкурсы, што праходзяць у рамках Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі, чаргуюцца між сабой. Сёлетні — нацыянальны. Звычайна на кожным з конкурсаў існавалі дзве намінацыі — “Аднаактовы балет” і “Харэаграфічная мініяцюра”. Але апошнім часам і колькасць работ была ў іх надта адрознай, і, шчыра кажучы, узровень.
Сёлета вырашылі ад намінацый адмовіцца. Да таго ж, размяркоўваць пяць раўназначных прызоў, якімі адзначаць калектывы менавіта за найбольш адметныя іх рысы, — замест Першай, Другой і Трэцяй прэмій, як бывае часцей за ўсё.
Хто ж будзе прызнаны лепшым? На конкурс было пададзена больш за 20 заявак, з іх абралі 13 калектываў, прычым з усіх абласцей Беларусі. Больш за ўсё, ажно пяць, — з Мінска. Яшчэ тры — з Віцебска. Сярод прэтэндэнтаў на ўзнагароды — не толькі пачаткоўцы, але і такія добра вядомыя ў рэспубліцы ды замежжы гурты, неаднаразова ўганараваныя на прэстыжных замежных спаборніцтвах ды паказах, як гродзенскі “ТАД”, што сёлета адзначае сваё 25-годдзе, сталічныя “D.O.Z.SK.I”, якія запрошаны не толькі ў конкурсную, але і ў гасцявую праграмы IFMC.
Гасцявыя калектывы на гэтым фестывалі штогод вельмі адметныя. Ёсць і заўсёднікі — той жа “Балет Яўгена Панфілава” з Пярмі (Расія), які пакажа гэтым разам дзве свае ранейшыя работы, што ўжо прывозіў у Беларусь, але ў іншыя гарады. Філасофскую пастаноўку “Клетка для папугаяў” убачаць мінчане, спектакль “Рамэа і Джульета” — віцябчане і маладзечанцы. З Ізраіля прыедзе калектыў “Fresco Dance Company”. Яго балет “Цэрбер” стане своеасаблівай фестывальнай “аркай”, будзе дэманстравацца на адкрыцці свята ў Мінску і на закрыцці ў Віцебску.
Салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі неаднаразова ўпрыгожвалі віцебскае свята паказам асобных нумароў. Сёлета наш тэатр упершыню прывязе на фестываль аднаактовы балет, прэм’ера якога адбылася месяц таму, — “Шэсць танцаў” у харэаграфіі сусветна знакамітага Іржы Кіліяна.
Багатыя гасцявая і конкурсная праграмы — яшчэ не ўвесь фестываль. Неад’емнай часткай IFMC даўно стаў насычаны адукацыйны складнік. Сёлетнія майстар-класы асабліва разнастайныя. Ва ўдзельнікаў будзе магчымасць пазнаёміцца з творчымі і педагагічнымі метадамі майстроў з Беларусі, Германіі, Канады, Літвы, Расіі. Ад беларускай “прафесуры” выступіць Вольга Лабоўкіна — былая выхаванка Дзмітрыя Куракулава з Гродна, якая заснавала вельмі “раскручаны” сёння сталічны гурт - “Каракулі”.
Як заўсёды, фотамастакі прадэманструюць на фестывалі свае “спыненыя імгненні”. У фае Канцэртнай залы “Віцебск”, дзе традыцыйна праходзяць асноўныя мерапрыемствы IFMC, разгорнуцца дзве выстаўкі. Да таго ж, акрэдытаваныя фотакарэспандэнты, як абвешчана, будуць паказваць свае здымкі он-лайн.
На здымку: сцэна з балета "Дождж" на леташнім форуме ў пастаноўцы старшыні журы сёлетняга беларускага конкурсу ў рамках IFMC Раду Паклітару.
Фота з архіваў "К"