Чэмпіёны па... фальклоры

№ 46 (1120) 16.11.2013 - 22.11.2013 г

Ліда
У той час як Мінск яшчэ толькі рыхтуецца да Чэмпіянату свету па хакеі, што пройдзе ў маі, аркестр народных інструментаў Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа ўжо пабываў на Сусветным чэмпіянаце — па фальклоры. І прывёз з “World folk-2013” у Балгарыі ажно сем (!) узнагарод, уключаючы залаты медаль і званне абсалютнага чэмпіёна.

/i/content/pi/cult/454/9552/10-1.jpg

Праўда, для тых, хто ведае гэты славуты калектыў, даўно ўганараваны званнем народнага, такая яго гучная перамога — зусім не сенсацыя. Калі раней аркестр трывала “калекцыянаваў” дыпломы рэспубліканскіх спаборніцтваў ды разнастайных рэгіянальных аглядаў, удзельнічаў у разнастайных беларускіх праектах, уключаючы “Музычныя вечары ў Лідскім замку”, дык у апошнія гады выйшаў на замежную арбіту. І пачаў адразу з Францыі: два гады таму стаў удзельнікам ХХV Інтэрнацыянальнага фестывалю ўніверсітэцкай музыкі ў Бельфоры. Летась жа паехаў “збіраць медалі” ўжо на два Міжнародныя конкурсы баяністаў-акардэаністаў — ва Украіне і Італіі.

Вынік — абодва першыя месцы: на V “Perpetuum mobile” ў горадзе Драгобыч на Львоўшчыне і ХХІІ “Citta di Lanciano” (г. Ланчана). Акрамя таго, яшчэ чатыры ўдзельнікі аркестра сталі на італьянскім форуме лаўрэатамі і ўладальнікамі спецыяльных прызоў. Нарэшце, адштурхнуўшыся ад тых пяці конкурсных узнагарод у Італіі, аркестр узяў новую планку: “шчаслівую сямёрку” ў балгарскім горадзе Несэбрэ. Але ж колькасць — не галоўнае! На ўсіх гэтых форумах аркестр не толькі ўслаўляў нашу нацыянальную выканальніцкую школу, але і папулярызаваў музыку беларускіх кампазітараў Яўгена Глебава, Ігара Лучанка, Вячаслава Кузняцова, Валерыя Іванова, Уладзіміра Грушэўскага, Віктара Шчэрбы.

— Запрашэнню за Сусветны чэмпіянат па фальклоры, — распавядае мастацкі кіраўнік аркестра, намеснік дырэктара каледжа па вучэбнай рабоце Алена Сячко, — папярэднічаў адбор па відэазапісах. Да таго ж, удзельнічаць у гэтым найпрэстыжным спаборніцтве маглі толькі тыя, хто ўжо мае лаўрэацкія званні, прычым міжнародных конкурсаў. Ужо адно гэта сведчыць аб прэстыжнасці чэмпіянату, што праходзіць пад эгідай UNESCO. Усе выступленні адбываюцца на адкрытых пляцоўках, кожны ўдзельнік выступае пад сцягам сваёй краіны, абавязкова рыхтуе прывітанні — па-балгарску і на сваёй роднай мове.

Намінацыі на “World folk” — самыя розныя: ад сольных і харавых спеваў да танцавальных і аўтэнтычных калектываў. Мы выступалі ў намінацыі “Інструментальнае мастацтва” — адной з самых “густанаселеных”. Рыхтавалі тры рознахарактарныя выступленні: на 10, 15 і 20 хвілін. У кожную з гэтых мініпраграм уключалі, найперш, беларускія творы. Хваляваліся, як іх успрымуць, бо ўсяго ў чэмпіянаце бралі ўдзел ажно 24 краіны, у тым ліку Бразілія, Грузія, Грэцыя, Егіпет, Інданезія, Індыя, Македонія, Румынія. Хвалявалася я і за сваіх навучэнцаў, бо прыехалі мы а 5-й гадзіне раніцы, а першае выступленне павінна было адбыцца ў той жа дзень увечары — а 20-й. Што, як да таго часу яны страцяць канцэртны імпэт? Але як убачылі мора — усё напружанне быццам хваляй змыла... Так і склаўся распарадак дня: зранку — мора, удзень — рэпетыцыя, увечары — канцэрт. Дый рэпетыцыі нашы, як мы заўважылі, іншыя ўдзельнікі форуму не прапускалі. Не толькі нашы непасрэдныя “канкурэнты”, але і тыя, хто выступаў у іншых намінацыях, цікавіліся нашай музыкай, інструментамі, выказвалі захапленне ад нашай ігры. Але ўсё роўна, калі аркестру пачалі ўручаць столькі ўзнагарод — Кубак абсалютнага чэмпіёна, залаты медаль, дыпломы, прызы, — мы ажно разгубіліся. Сярод спецыяльных прызоў асабліва важныя, на мой погляд, два: “Адкрыццё” і “За значны ўнёсак у захаванне і развіццё нацыянальных традыцый”. Дадам, што наш аркестр — не адзіны ў каледжы калектыў-лаўрэат, які так паспяхова выступае ў краіне і за яе межамі. У хуткім часе каледжу споўніцца 40 гадоў — на ўрачыстасцях сваё майстэрства прадэманструюць усе!..

Фота Дзяніса АНАНЬЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"