Натуральны адбор: фактар музея

№ 46 (1120) 16.11.2013 - 22.11.2013 г

“Хто вам сказаў, што мы — кансерватары?”
Здавалася б, музеі вырачаны на Сізіфаву працу: спыніць няўмольны бег часу. Ды, як высветлілася, яны самі аказаліся яму падуладныя. На Беларусі гэтыя павевы адчувальныя ўсё мацней: анімацыйнымі праграмамі, інтэрактыўнымі “фішкамі” або проста “немузейнымі” імпрэзамі ў сценах музея ўжо не здзівіць. Ці мае такі трэнд паўсюдны характар і ці не зменіць ён самой сутнасці музейнай справы? Гэтыя пытанні карэспандэнт “К” адрасаваў эксперту — генеральнаму дырэктару Дзяржаўнага цэнтральнага музея сучаснай гісторыі Расіі Сяргею АРХАНГЕЛАВУ.

/i/content/pi/cult/454/9550/13-1.jpg /i/content/pi/cult/454/9550/13-2.jpg

— У сценах установы ўжо двойчы праходзілі выстаўкі сучаснага беларускага мастацтва...

— І не толькі беларускага, але таксама і сербскага, славацкага, балгарскага... Нам важна адлюстроўваць тую мяжу, што аддзяляе сучаснасць ад гісторыі, — мяжу даўжынёй літаральна ў адно імгненне. І менавіта таму нам цікавыя тыя выставачныя праекты, якія дазваляюць зірнуць на ход цывілізацыйных падзей як бы ў іншым ракурсе — мастацкім.

— Сучаснае мастацтва — амаль заўсёды “спрэчнае”. Мы прызвычаіліся, што музей абвяшчае “непахісныя ісціны”…

— Каб наш музей меў палеанталагічны або археалагічны профіль, такі падыход быў бы заканамерным. Аднак у нас іншая тэматыка —сучасная гісторыя.

— А хіба музей не з’яўляецца ўстановай кансерватыўнай — ужо па сваёй прыродзе?

— Хто вам гэта сказаў? Асабіста мне імпануе іншы падыход. Па словах дырэктара Эрмітажа і прэзідэнта Саюза музеяў Расіі Міхаіла Піятроўскага, музеі — гэта інстытуты грамадзянскай супольнасці. Таму іх роля сёння, мабыць, яшчэ не да канца ацэнена. Дарэчы, ці ведаеце, колькі наведвальнікаў маюць расійскія музеі штогод? Каля васьмідзесяці мільёнаў чалавек! Больш, чым бібліятэкі і тэатры, разам узятыя. Гэта сведчыць пра той патэнцыял, што маюць музеі як установы, у якіх сканцэнтраваны дасягненні, думкі, намеры, ілюзіі — усё, што суправаджае чалавека на гістарычных пуцявінах. Не скарыстацца такім патэнцыялам — грэх. Але для гэтага музей мусіць умець папулярызаваць тыя набыткі, што ён збірае і захоўвае.

— Ці не боязна, што функцыя папулярызацыі стала прэваляваць?

 — Не так даўно давялося пабываць на Генеральнай канферэнцыі ICOM у Рыа-дэ-Жанейра, якая сабрала каля 3 500 музейшчыкаў са 150 краін. І ведаеце, пра што там у першую чаргу вялася гутарка? Менавіта пра змаганне за наведвальніка. У прыярытэтнасці гэтай задачы музейшчыкі з усяго свету нават не сумняваюцца, абмяркоўваліся хіба самі спосабы яе вырашэння, скажам, пошукі новых форм падачы матэрыялу…

— Толькі што агледзеў вашу экспазіцыю, прысвечаную перыяду распаду СССР. Гэта і сапраўды новая форма: замест статычных стэлажоў — мультымедыйнае шоу!..

— Гаворка — акурат пра той перыяд, які выяўляе няўлоўнасць мяжы паміж гісторыяй і цяпершчынай. Разумееце, адна справа, калі мы выстаўляем, скажам, акамянелыя косткі дыназаўраў: іх трэба ідэнтыфікаваць, а потым проста змясціць у вітрыну і забяспечыць этыкеткай. І зусім іншая — адлюстраванне тых падзей, якія мы з вамі самі перажылі і цудоўна памятаем. Трэба ўлічваць, што амаль кожны наведвальнік (за выключэннем хіба самых маладых) мае да іх сваё стаўленне, яны нейкім чынам “наклаліся” і на яго асабістую гісторыю. Адпаведна, гэтую экспазіцыю нельга рабіць аб’ектыўна-безадноснай, статычнай. І мы прыўносім у яе нават элементы гульні з наведвальнікам, правакуючы яго на ўласныя ўспаміны ды эмоцыі.

— Ці ўдаецца завабіць моладзь у вашы сцены?

— А вы прыходзьце на нашы мерапрыемствы — і самі ўсё ўбачыце. Гэта дыскусійныя клубы, “круглыя сталы” для тых, хто цікавіцца гісторыяй. А яшчэ лепш прыйсці ў Ноч музеяў. Дынаміка росту інтарэсу моладзі да музеяў — станоўчая. Завабіць яе да нас — цікавая і творчая работа, якая патрабуе неардынарных рашэнняў. Думаецца, выконваць яе павінны таксама маладыя людзі — музейшчыкі новага пакалення, якія маюць сваё бачанне прафесійнай дзейнасці. У нашай камандзе такіх не бракуе.

— Хіба праблемы з кадравым папаўненнем у вас няма?

— Не зусім так. На пасады навуковых супрацоўнікаў мы бяром толькі людзей з вышэйшай гістарычнай адукацыяй, а вось спецыяльныя кадры для нас ніхто не рыхтуе. У Інстытуце культуры ёсць кафедра музеялогіі, аднак яна выпускае “спецыялістаў шырокага профілю”. Але ж профіль розных музеяў вельмі адрозніваецца. Адна справа — гістарычны, і зусім іншая — скажам, мастацкі або інжынерны. У кожным з выпадкаў патрэбны свой багаж ведаў.

— Прэстыжнасці прафесіі павінен спрыяць і “меркантыльны фактар”...

— Заробак супрацоўнікаў нашых філіялаў у Смаленскай і Цвярской абласцях перавышае сярэдні ўзровень у сваіх рэгіёнах. У Маскве сітуацыя пакуль трохі горшая: 82% ад сярэдняга заробку ў сталіцы. У наступным годзе мы абавязаны выправіць гэтую сітуацыю.

— А якім чынам гэта можна зрабіць у нерэнтабельнай бюджэтнай установе?

— Агульная схема такая: мы прыдумваем новы праект (экпазіцыю, выстаўку, міжмузейны абмен і г. д.), прапаноўваем гэтую задуму заснавальніку — Міністэрству культуры Расійскай Федэрацыі, — абараняем яе. І ў выпадку поспеху атрымліваем мэтавае фінансаванне. Прыкладам, налета маем правесці дзве міжнародныя выстаўкі, прысвечаныя сотым угодкам пачатку Першай сусветнай вайны, — і гэтыя праекты ўжо адобраны. Натуральна, у іх каштарыс уключаны таксама і фонд заработнай платы. Тыя супрацоўнікі, якія будуць непасрэдна задзейнічаны ў рэалізацыі, патрацяць энергію і дадатковы час не на філантрапічных пачатках.

— Чым больш цікавых праектаў, тым большы заробак?

— Менавіта так. І гэтая схема дазваляе самому жыццю зрабіць натуральны адбор.

— Апошнім часам у музейнай сферы значна актывізавалася прыватная ініцыятыва з выразным камерцыйным прысмакам: з’яўляюцца музеі агурка, перніка, самавара... Як належыць ставіцца да гэтай з’явы прафесіяналам?

— Толькі станоўча, асабліва калі такія музеі з’яўляюцца не на пустым месцы, а адлюстроўваюць старадаўнія рэгіянальныя традыцыі ды спрыяюць іх захаванню. Прыкладам, непадалёк ад Яраслаўля ёсць сяло Вяцкае, якое здавён лічылася “агурковай сталіцай”. Клімат там для гэтага спрыяльны: туманы... Ды і людзі спаконвек былі вельмі прадпрымальныя ды працавітыя. І вось, ужо ў наш час, адзін заможны чалавек вырашыў набыць там сабе старадаўнюю камяніцу, адрэстаўраваў яе. У Вяцкім яму спадабалася, і ён набыў другі дом  — пад гатэль. Потым сама сабой з’явілася ідэя стварыць музей. Цяпер музеяў там ужо каля дзесяці, самай рознай тэматыкі. Яшчэ нядаўна Вяцкае было звычайным сялом з перспектывамі такімі ж туманнымі, як і сам гэты край. Але турыстычны бум стварыў новыя працоўныя месцы, спарадзіў шматлікія інвестыцыі, у тым ліку — і ў рэстаўрацыю гістарычнай забудовы. Адным словам, сяло ажыло. А ўсё пачыналася менавіта з музея!..

Мінск — Масква — Мінск
Фота Ільі СВІРЫНА і з архіва ўстановы