З сёння ў “Yesterday”

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Горад, што зрабіў стаўку на “Бітлз”. І не дарма!
Наша госця — доктар медыцынскіх навук, прафесар Ірына КАСЕНКА. У кастрычніку яна ў складзе дэлегацыі нашай краіны брала ўдзел у чарговым кангрэсе Еўрапейскага анкагінекалагічнага таварыства ў Ліверпулі. Такія кангрэсы ладзяцца раз на два гады ў гарадах, якія з’яўляюцца славутымі культурнымі асяродкамі і маюць моцны навуковы патэнцыял. Карэспандэнт “К” звярнуўся да спадарыні Касенка з пытаннем пра культурны аспект таго, чым ёй запомніўся Ліверпуль.

Ліверпуль — гэта “Бітлз”

/i/content/pi/cult/452/9493/13-1.jpeg

/i/content/pi/cult/452/9493/13-2.jpeg

— Гэта была не турыстычная вандроўка, а рабочая камандзіроўка, таму вольнага часу для культурных імпрэз было няшмат. Агульнае ўражанне ад горада я атрымала пасля аўтобуснай экскурсіі, а час, вольны ад пасяджэнняў, скарыстала для вандроўкі па пунктах, якія вызначыла яшчэ ў Мінску. І першы сярод іх — Музей “Бітлз”. Наведаць яго, а потым распавесці, што ў ім цікавага, прасілі літаральна ўсе, хто даведваўся, што я еду ў Ліверпуль. Дзіўная рэч: якую заўгодна інфармацыю, тым больш — пра турыстычныя аб’екты, можна знайсці ў Сеціве, а людзям усё адно цікавыя суб’ектыўныя ўражанні таго, хто бачыў гэта на свае вочы…

Мне і да вандроўкі было вядома, што Музей “Бітлз” — гэта мясцовая Мекка, і, бадай, кожны госць горада лічыць сваім абавязкам яго наведаць. Мабыць, сярод наведвальнікаў ёсць такія, хто прыходзіць сюды, каб было што дома расказаць. Але відавочна, што абсалютная большасць хоча спаткацца з юнацтвам ці спрычыніцца да легенды. Для мяне “Бітлз” — гэта і першае, і другое: і маладосць, і легенда. Музычным фонам майго жыцця ў Гродне, адкуль я родам, былі “Бітлз” і Высоцкі. У меншай ступені — польская эстрада. Нават “Песняроў” я пачала ўспрымаць толькі па прыездзе ў Мінск. І тое не адразу, бо напачатку мяне раздражняла тое, што з ўсяго іх рэпертуару найчасцей круцілі папсовую “Вологду”…

Каму зніжка?

— Музей “Бітлз” займае немалую прастору і вельмі насычаны інфармацыйна. Экскурсія па ім займае паўтары гадзіны. Білет каштуе 18 фунтаў (каля 40 долараў). Гэта і па брытанскіх мерках не танна. Праўда, для ўдзельнікаў кангрэса была прадугледжана зніжка да 50% на білеты ў гарадскія музеі. Замест экскурсіі я карысталася аўдыягідам, які, сярод іншых моў, змяшчаў і рускую.

Знаходзіцца музей у гістарычнай частцы горада — у падвальным паверсе будынка, які калісьці быў прамысловым. Вокнаў няма, асвятленне — штучнае. Мне спачатку падумалася, што ў музей ператвораны паб, дзе пачыналася кар’ера гурта. Аднак не: паб той існуе і сёння, і на ім — мемарыяльная шыльда. У канцэптуальным сэнсе экспазіцыя пабудавана гэтак жа, як і ў іншых мемарыяльных музеях, дзе распавядаецца пра жыццё ды творчасць выдатных асоб: шмат фотаздымкаў, кампазіцыя з васковых фігур за шклом, музычныя інструменты, асабістыя рэчы... Тут, у прыватнасці, узноўлены фрагмент залы, дзе публіка ўпершыню пачула “Бітлз”. Сярод рэчавых экспанатаў мне асабіста запомніўся вельветавы сцэнічны касцюм Джона Ленана.

Дарэчы, у музеі ёсць раздзел, тэму якога можна акрэсліць “Бітлз і СССР: культурны прарыў праз так званую жалезную заслону". І гэта трактуецца як надзвычай важнае дасягненне гурта…

Легенда квартэта

— Хоць музей створаны для таго, каб сілкаваць легенду “Бітлз”, яго экспазіцыя адлюстроўвае, як мне падаецца, менавіта праўдзівы, не прыхарошаны вобраз славутых музыкантаў і асяроддзя, з якога яны выйшлі. Экспазіцыя распавядае пра хлопцаў з народу, што здолелі зрабіць фантастычную кар’еру, але, высока ўзняўшыся па сацыяльнай лесвіцы, захавалі ў творчасці дэмакратызм. Пра іх гаворыцца як пра дзяцей паваеннага часу. Гэтая пара была ў Брытаніі не такой цяжкай, як на нашых папялішчах пасля выгнання акупантаў, але таксама нялёгкай. Двое з чальцоў ансамбля былі з няпоўных сем’яў. Прыходзіш да высновы, што загартавалі хлопцаў, надалі ім упартасці ды ўчэпістасці менавіта час і асяродак. Занятак музыкай для тых, хто стаў “бітламі”, быў спробай змяніць свой сацыяльны статус, выбіцца з беднасці, пераадолець побытавую завядзёнку ды наканаванасць лёсу. Прычым яны і самі не ўяўлялі, што ў іх атрымаецца ў выніку…

Мне ў Музеі “Бітлз” прыгадалася Вольга Корбут. Яна, як і я, з Гродна. Мы не сябравалі, але вучыліся ў адной школе. Мне даводзілася бываць у яе дома, у паўпадвале на плошчы Леніна. Ёй так хацелася выкараскацца са свайго падзямелля ў прыстойнае жытло і жыццё, што яна не шкадавала сябе на трэніроўках у спартыўнай зале…

Крыху пра сувеніры і сэрвіс

— На выхадзе з музея — кавярня ды крама. Тут можна набыць кнігі пра “Бітлз”, у тым ліку на рускай мове, сувеніры: бірулькі, футболкі, кубачкі. Я ўпадабала кнігу, дзе сабраны тэксты і ноты ўсіх песень ансамбля. Але кошт падаўся непад’ёмным.

Дарэчы, Музей “Бітлз” я наведвала двойчы. Першы раз паспела прагледзець толькі палову экспазіцыі, бо ў залах з’явіліся службоўцы і хуценька вывелі ўсіх наведвальнікаў на вуліцу, патлумачыўшы, што спрацавала супрацьпажарная сігналізацыя. Нас папрасілі пачакаць, пакуль спецыялісты высветляць, у чым справа, а потым вярнуцца ў музей. Мне чакаць — час марнаваць. Я спытала, ці змагу па тым жа білеце прыйсці заўтра, і — атрымала дазвол…

А яшчэ Ліверпуль — гэта…

— У Ліверпулі сустрэчы з “Бітлз” не заканчваюцца на выхадзе з музея гурта. Іхняя музыка гучыць паўсюль, дзе збіраюцца людзі: у крамах, пабах, кавярнях. І на афіцыйным адкрыцці нашага кангрэса іх песні спявалі маладыя музыканты, апранутыя і пастрыжаныя, як “Бітлз”. Цікава, што гэта не надакучвала. Варта ўдакладніць: не надакучвала мне, бо для мяне “Бітлз” — частка маёй біяграфіі. А вось для маіх сыноў яны — не біяграфія, а гісторыя. Сувеніры, якія я набыла ў Музеі “Бітлз”, асаблівага захаплення ў іх не выклікалі…


Дарэчы

А наша легенда — па раскладзе...

Сэр Пол Макартні, як сцвярджаюць легенды, быў узрушаны гітарнымі акордамі і “энергаёмістымі” песеннымі маналогамі нашага Уладзіміра Мулявіна. Таму паралелі паміж “бітламі” і мулявінскімі “Песнярамі” заканамерныя: апошнія зрабілі для Беларусі не менш, чым першыя — для ўсяго свету. Але — Бог няроўна дзеліць. У Ліверпулі музыка “Бітлз” гучыць паўсюдна, мінскі ж бульвар Мулявіна — задуменна маўчыць… У музеі знакамітай чацвёркі — процьма сувеніраў. Музей Мулявіна ў Белдзяржфілармоніі ў гэтым плане — недаравальна аскетычны. А вельмі хацелася б, каб і на бульвары, і ў музеі таксама прадаваліся бірулькі, факсіміле першых афіш ды альбомных вокладак, паштоўкі, значкі, кубкі, талеркі, футболкі з выявамі тагачасных, сапраўдных “Песняроў” ды іхняга легендарнага кіраўніка.

Ці, можа, Мінск пакуль яшчэ “не дарос” да Ліверпуля?.. А мо справа ў тым, што музей ствараецца не толькі ўласна экспазіцыяй, але і калямузейнай прасторай? Так, бульвар, дзе месціцца Белдзяржфілармонія, і сапраўды носіць імя Мулявіна. Але ў Музей Песняра трапіць можна хіба пад час арганізаванай экскурсіі (карыстаюцца такой магчымасцю пераважна школьнікі) альбо канцэрта ў самой установе. Не паклапаціліся пакуль і пра кавярню з “песняроўскай” тэматыкай, што магла б размясціцца проста ў самім будынку. А скверык па-за філармоніяй пакуль не набыў скульптурных выяў легенд нашай музыкі. Ды і глабальных гучных праектаў, якія, прынамсі, задзейнічалі б у сабе гарадское жыццё, у Музея Мулявіна пакуль не чутно, апроч традыцыйных: з нагоды дня нараджэння і смерці народнага артыста, Дня музеяў і яшчэ некалькіх дат. І не верыцца, што іх няма, але... Факт пакуль застаецца фактам.


На здымках: уваход у Музей "Бітлз" і афармленне адной з залаў.

Фота Ірыны КАСЕНКА і з Інтэрнэту

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"