Інвестыцыі ў культурную спадчыну

№ 43 (1117) 26.10.2013 - 01.11.2013 г

“Не проста адрэстаўраваць, але і даць працоўныя месцы”
Пытанне кансервацыі Крэўскага замка, вельмі важнага для нас не толькі ці не столькі архітэктурнымі адметнасцямі, колькі гістарычнымі падзеямі, з ім звязанымі, узнімалася неаднойчы. Што і казаць, у руінах замак знаходзіцца не адно стагоддзе, а яго рэшткі ўражваюць сваёй веліччу. Зусім нядаўна гэты ўнікальны аб’ект наведалі эксперт UNESCO, прафесар Крыстэр Густафсан, а таксама галоўны архітэктар Каралеўскага палаца ў Стакгольме прафесар Андрэас Хеймоўскі. На думку шведскіх спецыялістаў, найлепшае на сённяшні дзень выйсце для Крэўскага замка — прафесійная кансервацыя аб’екта. Пры гэтым, па словах Андрэаса Хеймоўскага, дзіўнай падаецца адсутнасць турыстычнай інфраструктуры каля замка: пакуль няма магчымасці не толькі набыць сувеніры, але і нават наведаць цывільную прыбіральню. У той жа час, гэтыя аб’екты не варта размяшчаць на тэрыторыі замка: у выніку такога шчыравання страціцца аўтэнтыка, дух старадаўняй фартэцыі. Найлепшы выбар для той жа сувенірнай крамы — закінуты будынак колішняй сінагогі, размешчаны побач з замкам. Словам, патрэбна грунтоўная рэвіталізацыя прызамкавай тэрыторыі.

/i/content/pi/cult/451/9481/13-2.jpeg

Што ж да метадаў кансервацыі, то, як запэўнілі шведскія эксперты, замку патрабуюцца найлепшыя сучасныя методыкі, якія змогуць спыніць далейшае разбурэнне сцен, пры гэтым не пашкодзіўшы замку. І капіраваць досвед, да прыкладу, французскіх ці нямецкіх рэстаўратараў на аналагічных аб’ектах, на жаль, нельга: у нас зусім іншыя кліматычныя ўмовы.

Зразумела, што і аднаго вонкавага агляду нават найлепшых спецыялістаў для вырашэння гэтага пытання недастаткова. А таму было прынята рашэнне правесці дадатковае даследаванне аб’екта, а таксама выніковы “круглы стол”, прысвечаны кансервацыі замка, з удзелам лепшых экспертаў Еўропы. Яго правядзенне, пры падтрымцы Міжнароднага фонду “Культурная спадчына без межаў”, плануецца ў бліжэйшыя месяцы.

А пакуль Крыстэр ГУСТАФСАН і Андрэас ХЕЙМОЎСКІ пагадзіліся распавесці чытачам “К” пра шведскі і агульнаеўрапейскі вопыт кансервацыі гісторыка-культурнай спадчыны.

— Які алгарытм працы на аб’екце сёння маюць шведскія рэстаўратары?

К.Г.: — Кожны прафесіянал павінен адказаць на пытанне: чаму мы павінны захоўваць той ці іншы аб’ект? Трэба таксама адразу вырашаць, як будзе выглядаць аб’ект пасля рэстаўрацыі: альбо нібыта як новы, альбо з захаваннем элементаў розных эпох. Важна таксама разумець, што каштоўнасцю з’яўляецца не толькі сам аб’ект, але і гісторыя, якую можна пра яго распавесці.

— Ці актуальнае для Швецыі пытанне аховы гістарычных аб’ектаў?

К.Г.: — На жаль, далёка не ўсё ў захаванні архітэктурнай спадчыны залежыць ад навукоўцаў. У Швецыі, як і ў іншых краінах свету, вельмі шмат вырашаюць грошы. Таму маім калегам даводзіцца не толькі праводзіць экспертызы, але і пераконваць улады ў правядзенні рэстаўрацыі на найбольш каштоўных аб’ектах, пераконваць у тым, што інвестыцыі ў культурную спадчыну — важны элемент устойлівага развіцця рэгіёна.

Важна на мясцовым узроўні адсочваць стан гістарычных помнікаў, фіксаваць змяненні. У гэтым кірунку мы выпрацавалі новыя падыходы з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій. Такая сучасная інвентарызацыя дазваляе шырокай грамадскасці мець магчымасць доступу да інфармацыі пра аб’екты спадчыны.

— Згодна з пазіцыяй ААН, устойлівае развіццё немагчымае без сацыяльнага, эканамічнага і культурнага складнікаў…

К.Г.: — Так, а таму новы выклік для нас — як выкарыстоўваць адрэстаўраваныя гістарычныя збудаванні. Не менш актуальна і тое, наколькі палепшыцца эканамічнае жыццё мясцовага насельніцтва вакол архітэктурнага помніка. А таму, распачынаючы працу на любым аб’екце, думаем, як спалучыць кансервацыю будынка з яго ўключэннем у агульны кантэкст развіцця рэгіёна. Трэба не проста адрэстаўраваць помнік, але і даць працоўныя месцы тым людзям, якія жывуць побач. Напрыклад, ствараць школы рамеснікаў, народных майстроў. Вельмі рады, што сёння ў Еўропе культурная спадчына ўсё часцей разглядаецца не як перашкода, а, у першую чаргу, — як платформа для развіцця мясцовасці, цэлага рэгіёна.

— Якая, на вашу думку, філасофія рэстаўравання ХХІ стагоддзя?

А.Х.: — Рэстаўратару трэба заўсёды памятаць, што, згодна з Венецыянскай хартыяй, неабходна захаваць, так бы мовіць, усе эпохі будынка. Пры гэтым новыя фрагменты павінны адрознівацца ад арыгінальных. Яшчэ адно важнае палажэнне: рэстаўрацыю трэба спыняць, калі навука заканчваецца і пачынаецца фантазія.

Што сёння, што ў мінулым ХХ стагоддзі існавалі розныя, часам палярныя, падыходы да рэстаўрацыі. Возьмем Ратэрдам і Варшаву. У 1945-м яны былі цалкам зруйнаваныя. І калі першы горад вырашылі забудаваць сучаснай архітэктурай, то другі — старанна аднаўляць. Яшчэ адзін прыклад: у 60-я гады мінулага стагоддзя ў цэнтры Стакгольма адбылося знішчэнне некаторых аб’ектаў культурнай спадчыны, каб на амерыканскім прыкладзе пабудаваць сучасны горад...

На самой жа справе, амаль няма безнадзейных "пацыентаў". Паверце, старыя будынкі з цэглы і дрэва — неверагодна гібкія і могуць паступова прыстасоўвацца да новых абставін: раствор з вапны дзейнічае нібыта шарыкападшыпнікі. Да слова, побач з руінамі палаца Баргхольм, што на востраве Эланд, была створана печ для выпрацоўкі раствору з вапны па старадаўніх рэцэптах. Сёння да іх паступаюць замовы з усёй Швецыі.

— Але ж пры рэстаўрацыі нельга не ўлічваць і пэўныя сацыяльныя стандарты?

А.Х.: — Вядома. Калі казаць пра некаторыя тэндэнцыі ў сучасным шведскім рэстаўраванні, то, поруч з выкарыстаннем па магчымасці арыгінальных матэрыялаў альбо іх ідэнтычных аналагаў, пры рэстаўрацыі ўлічваецца даступнасць аб’екта для інвалідаў, эканомія электраэнергіі ў старых дамах і, як ужо адзначыў мой калега, “integrated conservation”: правядзенне рэстаўрацыйных работ з улікам патрэб грамадскасці, развіццё маленькай лакальнай прамысловасці, стварэнне новых месцаў працы, развіццё турызму. Вядома ж, сёння ў Швецыі любая рэстаўрацыя не абыходзіцца без выкарыстання магчымасцей міжнароднага супрацоўніцтва, бо, пагадзіцеся, гістарычны помнік у Іспаніі, Сербіі, Беларусі або Швецыі — наша агульная еўрапейская спадчына…

Мінск — Крэва — Мінск

На здымку: беларускія рэстаўратары разам са шведскімі экспертамі ля сцен Крэўскага замка.

Фота аўтара

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"