“Зубрыкі” замест “слонікаў”

№ 43 (1117) 26.10.2013 - 01.11.2013 г

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, спецкарэспандэнт газеты "Культура"
Я не заспеў той час, калі прыналежнасць чалавека да пэўнай краіны можна было вызначыць па ягонай мове, калі традыцыйны (нацыянальны) строй быў не сцэнічным касцюмам, а штодзённай вопраткай, калі сам лад жыцця быў адлюстраваннем тысячагадовай традыцыі дадзенага краю.

/i/content/pi/cult/451/9465/4-1.JPG

Я жыву ў іншым свеце, у іншым інфармацыйным полі. І, бадай, адзінае, што лучыць мой побыт, маё жытло, у прыватнасці, з беларушчынай менавіта вонкава, — гэта побытавыя дробязі. Кшталту льняных тканін, а яшчэ сувеніраў, якія прывожу з камандзіровак па рэгіёнах маёй Радзімы. Менталітэт, генетычная памяць — тэма зусім іншая.

Мабыць, шмат беларусаў могуць сказаць пра сябе нешта падобнае. У гэтым святле “сувенірная прадукцыя”, што, здаецца, яшчэ адносна нядаўна лічылася сінонімам не надта прэзентабельнага тыражаванага “шырспажыву”, да якой эстэты, выхаваныя на ўзорах элітарнага мастацтва, звыкла ставіліся з пагардай, набывае значэнне ледзь не чынніка нацыянальнай тоеснасці. У любым выпадку, сувенір — гэта не драбяза. Стварэнне прыгожай цацкі, месца якой на каміннай паліцы (калі яна — рэч аб’ёмная) альбо на дзверцы лядоўні (калі “магніцік”), але якая пры такім сціплым статусе магла б працаваць на ідэнтыфікацыйны вобраз краіны, — годная задача для мастака, дызайнера, спецыяліста культурніцкага менеджменту. Увогуле, творчым людзям не варта ігнараваць “несур’ёзныя” жанры. Вялікабрытанію ў свеце ведаюць праз Шэрлака Холмса, Украіна мусіць быць удзячная Гогалю за показкі “Вечароў на хутары каля Дзіканькі”, а наш класік Уладзімір Караткевіч шмат людзей павярнуў да беларушчыны, напісаўшы дэтэктыў “Дзікае паляванне караля Стаха”. Ды і Вальтэр раіў тым, хто хоча ўплываць на грамадскую думку, пісаць не шматтомныя эпапеі, а кішэннага фарматы брашуры. Паралель у дадзеным выпадку, можа, і не зусім карэктная, але, спадзяюся, зразумелая. Для пазітыўнага іміджа краіне патрэбна не толькі высокае мастацтва, але і так званая масавая культура. Тая ж якасная сувенірная прадукцыя.

Нагадаю, што матрошку, якая сёння сімвалізуе народнае рускае мастацтва і ў нейкай ступені — глыбіню “таямнічай” рускай душы, прыдумаў не ананімны майстар з народу, а прафесійны мастак. Ён узяў за ўзор японскую цацку — старога, у якім паслядоўна хаваецца ўся ягоная сям’я: жонка, дзеці, унукі. Другі зыходны чыннік — драўляныя яйкі, што па меры памяншэння хаваліся адно ў адном. Гэтую велікодную цацку рабілі ў рускіх вёсках. Упершыню матрошка была прадстаўлена ў расійскай экспазіцыі на Сусветнай выстаўцы ў Парыжы. Першыя ўзоры матрошак лічыліся эксклюзіўнымі і каштавалі вельмі дорага. Можна сказаць: плагіят, кампіляцыя. А можна — творчае развіццё ідэі. Сёння робяць матрошкі і традыцыйныя, і, так бы мовіць, “па прыколе”.

Чаму б і нам не зрабіць нешта падобнае? Скажам, набор куфэркаў, сабраны паводле прынцыпу матрошкі. А тыя куфэркі могуць быць аздоблены краявідамі гістарычных сталіц Беларусі ад Полацка да Мінска, сюжэтамі нашых гістарычных хронік, рамантычнымі вобразамі твораў Адама Міцкевіча, Максіма Багдановіча або Уладзіміра Караткевіча, касмічнымі сюжэтамі Язэпа Драздовіча. Тэхніка аздобы — саламяная інкрустацыя, разьба па дрэве, роспіс “пад інсіт”, а можа — спалучэнне сучаснай стылістыкі і вобразнасці з чымсьці звыклым, традыцыйным.

З дзяцінства памятаю, як буфеты ўпрыгожвалі “слонікамі”: цэлы статак — ад даволі вялікага да зусім маленькага. Сёння вярнулася мода на гэтых дэкаратыўных звяроў. А што, нельга замест “слонікаў” рабіць у Беларусі “зубрыкаў”?

Прынцыповым мне падаецца тое, што праца над стварэннем канкурэнтаздольнага нацыянальнага сувеніра павінна весціся не ў выглядзе спантаннага пошуку, гэткім “метадам тыку”, а — мэтанакіравана. Каб напачатку была акрэслена мэта, потым — зроблены аналіз існуючай сувенірнай сітуацыі ў Беларусі і ў свеце, сфармулявана канцэпцыя. Можна правесці гэта праз дыпломныя работы ВНУ, дзе рыхтуюць мастакоў і дызайнераў. А можна вызначыць лепшыя ідэі праз нацыянальны конкурс.

Хацелася б засяродзіцца яшчэ на адной акалічнасці. З уласнага досведу ведаю, што ў краінах СНД і нават у Прыбалтыцы на савецкай атрыбутыцы робіцца бізнес. Прытым што ў Прыбалтыцы савецкую эпоху добрым словам не згадваюць. Чым патлумачыць гэтую цікавасць да нядаўняй мінуўшчыны?

У любым выпадку, гэта не настальгія. Проста, сёння разуменне абрэвіятуры “СССР” на рыначнай прасторы пазбаўлена палітычнага сэнсу і ўспрымаецца як вядомы ва ўсім свеце гістарычны брэнд. А для народаў постсавецкай прасторы памяць пра СССР, мяркую, — свайго роду яшчэ і “прышчэпка” ад нівелюючай глабалізацыі. Беларусь жа магла б з такім жа поспехам раскручваць унутры краіны і на турыстычным рынку тэму “Вялікае Княства Літоўскае”. А пачынаць можна і з “зубрыкаў”. Усё лепш, чым “слонікі”, бо — сваё…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"