Памяці пакутнікаў

№ 43 (1117) 26.10.2013 - 01.11.2013 г

Memoria
У гісторыі Мінска шмат трагічных старонак. Адна з іх — кастрычнік 1943 года: знішчэнне акупантамі вязняў Мінскага гета.

/i/content/pi/cult/451/9458/2-1.jpeg

Сумныя ўгодкі былі адзначаны жалобнымі мерапрыемствамі. Па Нацыянальным тэлебачанні паказалі новы дакументальна-публіцыстычны фільм: у ім пра трагедыю распавядалі сведкі тых падзей, якім пашчасціла выжыць. Мінскае гета было часткай канвеера смерці. Тут гінулі не толькі нашы суайчыннікі — сюды прывозілі яўрэяў з Германіі ды акупаваных нацыстамі еўрапейскіх краін. А заканчваўся іхні шлях у Трасцянцы…

21 кастрычніка прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, дыпламатычнага корпуса, замежныя госці наведалі мемарыял “Яма” і ўшанавалі памяць ахвяр нацызму. У жалобнай цырымоніі браў удзел міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей. У сваёй прамове ён, у прыватнасці, сказаў:

— 70 гадоў таму ў акупаваным Мінску фашысты знішчылі апошніх вязняў Мінскага гета. Гэта вельмі сумная дата для Беларусі. Яна гаворыць пра цяжкія выпрабаванні, што выпалі на долю нашых людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта таксама і напамін пра тое, што мы абавязаны захаваць праўду ды памяць пра мінулае…

Далей кіраўнік знешнепалітычнага ведамства нагадаў, што ў сучаснай Беларусі шмат робіцца для захавання памяці аб ахвярах Халакоста. У краіне створаны ўмовы для захавання і развіцця традыцыйнай яўрэйскай культуры, актыўна аднаўляюцца значныя для гісторыі беларускіх яўрэяў сінагогі і ешывы.

У адпаведнасці з іудзейскай традыцыяй на мемарыял быў ускладзены камень, прывезены з наваколля Іерусаліма.

 

Дарэчы

У рамках праекта АНТ “Зваротны адлік” быў зняты дакументальны фільм “Хроніка Мінскага гета”, які прымеркаваны да 70-годдзя з дня ліквідацыі Мінскага гета.

Стужка распавядае пра малавядомыя факты гісторыі яўрэйскага гета ў Мінску.

Лекары, шаўцы, муляры, рабіны... За калючы дрот загналі больш як 80 тысяч чалавек. Агульная “віна” перад нацысцкай Германіяй: яны былі яўрэямі...

На здымку: прадзюсар Уладзімір Бокун, рэжысёр Уладзімір Луцкі, аўтар сцэнарыя Барыс Герстэн і адна з гераінь фільма Фрыда Лосік перад прэм’ерай карціны ў мінскім кінатэатры “Перамога”.

Фота Юрыя ІВАНОВА