Аб самым простым…

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

Сцэны з жыцця аднаго гарадка
Валянцін Распуцін у адной са сваіх аповесцяў пісаў: “Чатыры апірышчы ў чалавека ў жыцці: дом з сям’ёй, праца, людзі, з кім разам і ў святы і ў будні, ды зямля, на якой стаіць твой дом”. Гэтыя словы даволі дакладна адлюстроўваюць сэнс п’есы амерыканскага драматурга Торнтана Уайлдара “Наш гарадок”. Прэм'ера пастаўленага па ёй спектакля адбылася 21 верасня ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры.

/i/content/pi/cult/450/9439/9-7.jpeg

“Наш гарадок” — адна з самых значных п’ес XX стагоддзя, за якую Торнтан Уайлдар у 1938 атрымаў Пулітцэраўскую прэмію. Яе з упэўненасцю можна аднесці да амерыканскай класікі.

На першы погляд, “Наш гарадок” апавядае аб самым простым: штодзённых сняданках, наказах бацькі, сямейных святах, матчыных клопатах. Але за ўсім гэтым — сапраўдная філасофская прытча аб сутнасці чалавечага жыцця.

Сам Торнтан Уайлдар казаў пра гэты твор: “…Простая п’еса, у якой прысутнічаюць усе складаныя тэмы; і гэта вельмі складаная п’еса, дзе я з любоўю распавядаю аб простых рэчах на свеце”.

Рэжысёр-пастаноўшчык Генадзь Мушперт патлумачыў, чаму звярнуўся менавіта да гэтага твора: “П’еса “Наш гарадок” ставілася ў самых розных кутках свету, і паўсюдна тэатры ставілі менавіта пра свой гарадок: у Грузіі  — пра Грузію, у Літве — пра Літву… Мы не хаваем, што дзея адбываецца ў Амерыцы, але што дзіўна: гарадок Торнтана Уайлдара вельмі падобны на наш. І тое, што наш горад мы называем мястэчкам, яго ніколькі не прыніжае, а наадварот — мы прызнаём сваю кампактнасць, утульнасць.Трэба гэта ўсведамляць, не забываць і нават ганарыцца”.

Мастак-пастаноўшчык Алесь Сураў увасобіў ідэю рэжысёра, наблізіўшы амерыканскую п’есу да рэчаіснасці нашага гарадка, так званага мястэчка, таго часу: “Працуючы над сцэнаграфіяй, я прыгадаў беларускага мастака Марка Шагала, які ўсё жыццё маляваў Віцебск, пісаў беларускія гарады ды мястэчкі. І нават жывучы ў ЗША, ён не забываў гэтую тэму. Таму мы злучылі два кантыненты, два гарадкі імем Марка Шагала. Дэкарацыя выканана ў стылі жывапісу мастака. На наш погляд, гэта ўдалося, бо ўсе вельмі хутка пазнаюць Шагала і прачытваюць тую паралель”.

Сцэнічная прастора максімальна ачышчана ад лішніх дэталей, а ўсе жыхары апрануты ў касцюмы аднаго колеру, якія нагадваюць уніформу. Усё гэта зроблена для таго, каб даць гледачам магчымасць убачыць жыццё без упрыгожанняў ды празмернасцяў, паглядзець на яго па-сапраўднаму.

На першым плане — людзі, іхнія лёсы, нягоды і радасці, зусім звычайныя і, можа быць, не вартыя нашай увагі. Вось Місіс Гібс (Людміла Волкава) дзеліцца з суседкай Місіс Уэб (Аксана Плікус) марай з’ездзіць разам з мужам, Доктарам Гібсам, у Парыж. А Доктар Гібс (Аляксандр Шалкаплясаў) зусім не імкнецца пакідаць любімы гарадок… Даволі звычайная сітуацыя, і пра яе можна было б не гаварыць. Але смутак Місіс Гібс з гэтай нагоды — рэальны, не штучны.

Тое ж датычыцца і парачкі закаханых падлеткаў Эмілі Уэб (Марыя Бутрымовіч) і Джорджа Гібса (Ігар Уланаў). Іхняя гісторыя — простая і банальная. Яны — суседзі, і іх звыклыя паўсядзённыя кантакты паступова перарастаюць у палкае пачуццё, поўнае шчырых эмоцый. Але сапраўднае жыццё не можа быць банальным — яно складаецца з моцных пачуццяў і перажыванняў, са слёз і смеху…

Торнтан Уайлдар вызначыў жанр п’есы як “жыццё ў трох дзеяннях”. Вядучы (Аляксандр Калагрыў), як бы тлумачачы задумку аўтара, распавядае: “Першае дзеянне нашай драмы называецца “Будні”. Другое — “Каханне і жаніцьба”. Ну а як будзе называцца апошняе, вы, напэўна, і самі здагадваецеся”. У апошняй дзеі гарадок наведвае Смерць. І гэтая падзея падводзіць гледача да разумення ўсяго таго, пра што гаварылася раней. Словамі Эмілі Уэб аўтар нагадвае нам пра хуткаплыннасць жыцця, пра ўнікальнасць і каштоўнасць кожнага яго імгнення: “Усё адбываецца з такой хуткасцю! Мы не паспяваем зірнуць адно на аднаго. Я не разумела! Дзень сыходзіў за днём, а мы нічога не заўважалі... О зямля, ты занадта прыгожая, каб хто-небудзь мог зразумець, якая ты! Ці ёсць такія людзі, якія разумеюць, што такое жыццё, пакуль яны жывыя? У кожны, кожны момант жыцця?...”

Вольга МАСЬ, загадчык літаратурнай часткі Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра