Элітарнае мастацтва для паспалітага чалавека

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

Мастыхін
Ёсць творцы, якія вельмі аператыўна рэагуюць на з’яўленне новых тэхналогій, на змены ў кан’юнктуры мастацкага рынку і ў густах гледачоў. Вечны пошук новых сродкаў выразнасці дзеля таго, каб здзівіць аўдыторыю ды займець імідж “сучаснага” мастака, для іх — калі не сэнс, дык вельмі важны чыннік творчасці. Іншыя ж прытрымліваюцца традыцыйнага, праверанага часам інструментарыя і стылістыкі, мяркуючы, што сродкі выяўлення — справа другасная: маўляў, былі б думкі, а словы — знойдуцца, адпаведна, знойдзецца і аўдыторыя. Такі мастак звычайна мае кола сваіх гледачоў, з якімі на працягу творчай кар’еры здолеў наладзіць ментальны дыялог.

/i/content/pi/cult/450/9437/9-1.jpeg

/i/content/pi/cult/450/9437/9-2.jpeg

/i/content/pi/cult/450/9437/9-3.jpeg

Пра мастачку па тэкстылі Маргарыту Шчамялёву можна сказаць, што яна даволі гарманічна спалучае ў сваёй творчасці абодва падыходы. Не ігнаруе новых павеваў і новых тэхнічных магчымасцей, з разуменнем ставіцца да эстэтычных стэрэатыпаў, пануючых у асяродку людзей, неабыякавых да мастацтва, не замыкаецца ў коле аднойчы знойдзеных вобразаў, але пры гэтым застанецца сама сабой. А стылёвая трансфармацыя, што назіраецца ў ейнай творчасці апошніх гадоў, абумоўлена не вонкавымі абставінамі, але мае ўнутраную матывацыю.

Маргарыта Шчамялёва — не толькі мастак, але і педагог. У сферы мастацкай адукацыі яна працуе з 1981 года, а з 1995-га — выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сведчаннем высокага аўтарытэту мастачкі сярод калег з’яўляецца яе ўдзел у журы шэрагу міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў мадэльераў ды габеленшчыкаў.

Дадзеная персанальная выстаўка ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва мае назву “Колер-2013”. Гэта значыць, што габелены, прадстаўленыя у экспазіцыі, былі вытканы нядаўна ды раней не экспанаваліся. Але праўда і тое, што колер — найгалоўнейшы чыннік у творчых работах Маргарыты. Прадстаўленыя габелены выкананы ў аўтарскай тэхніцы ручнога ткацтва. Тут мастак усё робіць сам, у адрозненне ад сітуацыі, калі аўтар стварае толькі эскіз, а рэалізуюць творчую задуму ў матэрыяле іншыя людзі. Маргарыце Шчамялёвай падабаецца рабіць габелен, як жывапісец піша палатно; адступаючы ад пачатковай задумы, калі ў тым узнікае патрэба, уносячы карэктывы ў твор непасрэдна сваёй рукой. Творы экспазіцыі разлічаны на гледача з развітым асацыятыўным мысленнем. Але найперш гэта — рэчы, здольныя ўпрыгожыць які заўгодна інтэр’ер. Габелены Шчамялёвай паводле формы і зместу — элітарнае мастацтва для людзей паспалітых.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"