Пасля заканчэння Пецярбургскага гісторыка-філалагічнага інстытута Краснянскі выкладаў у Беластоку і Мінску, працаваў памочнікам архіварыуса Віленскага цэнтральнага архіва старажытных актаў, кіраўніком канцылярыі Віленскай вучэбнай акругі. З 1911 года ягонае жыццё звязана з Віцебскам. Тут напачатку ён займаў пасаду дырэктара рэальнага вучылішча, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі быў лектарам ды выкладчыкам. У новых сацыяльных варунках стаўся запатрабаваным і ягоны навуковы досвед: спярша Краснянскі працаваў навуковым супрацоўнікам, а пасля — і дырэктарам гістарычнага музея. Акрамя таго, пэўны час ён быў чальцом камісіі па ахове помнікаў даўніны і мастацтва, а таксама — акружнога Таварыства краязнаўства. Краязнаўчую дзейнасць Уладзімір Краснянскі пачынаў з раскопак курганоў у Барысаўскім павеце. Ён — аўтар работ пра падзеі Айчыннай вайны 1812 года, па гісторыі Мсціслава, па старажытнай архітэктуры Віцебска.
150-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Краснянскага прысвечана чарговая навуковая канферэнцыя “Віцебскія старажытнасці”. Яна адбылася на бягучым тыдні. Навуковае сумоўе з такой назвай ладзіцца ў горадзе на Дзвіне ўжо пяты раз, і яно заўжды прымеркавана да юбілейных дат. Геаграфічна тэматыка канферэнцый не замыкаецца ў межах сучаснай Віцебскай вобласці, але ахоплівае гісторыю земляў, якія раней уваходзілі ў склад Полацкага Княства, Віцебскага і Полацкага ваяводстваў, Віцебскай губерні. Сёлетняя канферэнцыя сабрала 50 удзельнікаў. Даклады былі прысвечаны вынікам археалагічных даследаванняў бягучага года, архіўным знаходкам, побытавай культуры, духоўнаму жыццю і эканоміцы краю ў мінулых стагоддзях. Па завяршэнні канферэнцыі матэрыялы будуць надрукаваны ў зборніку.