Сусвет у амулеце

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

Прыгажосць і сіла, як іх разумелі нашы продкі
У часе археалагічных раскопак на тэрыторыі старажытнага Бярэсця было знойдзена шмат мініяцюрных прывесак — найгалоўнейшага і самага распаўсюджанага атрыбуту жаночага ўпрыгожання Сярэднявечча сярод тых, што рабіліся з металу. Функцыя прывесак — абараняць іх уладальніцу ад злых сіл.

/i/content/pi/cult/450/9422/14-1.jpeg
Іх у якасці амулетаў-абярэгаў насілі і гараджанкі, і сялянкі. Не грэбавалі гэтым упрыгожаннем і княгіні. Навукоўцы лічаць, што прывескі былі вядомыя яшчэ з канца эпохі бронзы (больш за 10 тыс. гадоў да н.э.). Падобныя ўпрыгожанні праіснавалі да ХІ — XІІ стагоддзя. Традыцыя нашэння прывесак была страчана з пашырэннем уплыву хрысціянства, якое змагалася са “спадчынай” язычніцтва.

Прывескі распаўсюджаны па ўсёй Усходняй Еўропе. Толькі на тэрыторыі Беларусі іх вядома больш як 200 відаў. Найчасцей сярод іх сустракаецца язычніцкі сімвал — “лунніца”. У Бярэсці знойдзена адзінаццаць прывесак, “лунніца” сярод іх — толькі адна. Тая прывеска датуецца канцом ХІІІ стагоддзя. З упэўненасцю можна сцвярджаць, што гэтая знаходка, аналагі якой невядомыя, рабілася на ўзор твора высокага мастацтва, прызначанага для княжацка-баярскага кола. Калісьці берастаўчанка насіла яе на доўгім шнурку або ланцужку. А магчыма, гэтая свінцова-алавяністага сплаву прывеска была часткай пацерак.

Верхняя частка “лунніцы” мае выяву паўмесяца рогамі долу. Абярэг звернуты, найперш, да начнога свяціла, адлюстроўвае шанаванне “жаночай” планеты — Месяца, звязанае з культам урадлівасці. Нават сёння з гэтым чыннікам астранамічнага кода беларускай мадэлі Сусвету звязана мноства павер’яў ды прыкмет. Яны, па сутнасці, з’яўляюцца рэшткамі некалі вельмі развітага культу гэтага свяціла. Лічыцца, што пакланенне Месяцу больш старажытнае, чым Сонцу. Гэтая планета сімвалізуе жаночы пачатак, і жанчыны свята верылі ў яе магічную сілу. “Лунніца” ў тыя часы была абярэгам жаночага здароўя, прадухіляла розныя захворванні, ахоўвала жанчын у час цяжарнасці, дапамагала пры родавых схватках. А яшчэ абараняла ад розных бед, праклёну і сурокаў, ад злых духаў, якія актывізуюцца ўначы. Інакш кажучы, абярэг мусіў дапамагаць уладальніцы ва ўсім. І што вельмі важна — “лунніца” рабіла жанчыну больш прывабнай у мужчынскіх вачах.

Рогі Месяца долу ў “лунніцы” сімвалізуюць небакрай, далягляд, “увесь белы свет”. “Лунніца” аздоблена рэльефным раслінным крынападобным (від дробных кветак у мяцёлках, распаўсюджаны ў Еўразіі) арнаментам. Гэта сімвал урадлівасці, вечнага жыцця, што бярэ пачатак ад “дрэва жыцця”. Крын — увасабленне “райскага саду”, вяршыні чалавечай працы. Дарэчы, паводле народных вераванняў, менавіта Месяц уплывае на рост раслін, на развіццё кветак і траў. Цікавая і сімволіка бакавых ліній па краях “лунніцы”. Пры ўважлівым поглядзе на светлыя і цёмныя палоскі ўзняцця і зніжэння рэльефу можна ўбачыць, што іх колькасць адпавядае дням у астранамічным месяцы. Месячны месяц роўны 28 дням. Левая, вузкая, частка рога Паўмесяца запоўнена выявай серпападобнага, крыху ўсечанага, маладога начнога свяціла, увагнутага ўправа. Адпаведна, правая частка сімвалізуе стары месяц. Ён ўвагнуты ўлева. Менавіта так малююць астранамічныя фазы Месяца. У цэнтры кампазіцыі знаходзіцца трохкутнік: так малююць поўню — яшчэ адзін жаночы сімвал, увасабленне багіні Мокашы. Такім чынам, перад намі — адлюстраванне астранамічнага цыкла бачнага дыска Месяца. Малады і стары Месяцы навісаюць над зямлёй з райскім садам на крыне.

Але нашу прывеску можна ўспрымаць і як адзіны салярна-лунарны сімвал. У рогі Месяца змешчаны крыж — сімвал Сонца. Крыж — гэта найстаражытнейшы сімвал, які з’явіўся задоўга да хрысціянства. Напачатку ён быў сімвалам агню, потым  — Сонца, галоўнага нябеснага свяціла. Агонь быў ачышчальнай, гаючай стыхіяй, здольнай адагнаць нячыстую сілу. Сувязь Сонца і агню абазначалася адзіным сімвалам — крыжам. У язычніцтве шанаванне Сонца і Месяца як багоў, якія бласлаўляюць шлюб, — з’ява шырока распаўсюджаная. Іх саюз — нябесны прататып чалавечага шлюбу. Вось іх магічныя функцыі і перанесены на ўмоўныя выявы гэтых свяціл, што выконваюць ролю цудадзейных абярэгаў.

Цікава, што бліжэй да ХІІІ стагоддзя колькасць язычніцкіх упрыгожанняў хутка скарачаецца, выціскаецца хрысціянскімі абразамі. Аднак прызначэнне новых выяў тое ж самае: ахоўваць ад бед і няшчасцяў. Знаходка “лунніцы” дае магчымасць скласці ўяўленне пра жывучасць язычніцкіх светаўяўленняў у тую эпоху. У “Слове” Кірыла Тураўскі (ХІІ ст.) гнеўна вінаваціць язычніцтва: “Не нарекайте себе бога на земле, ни в реках, ни в студенцах, ни в птицах, ни в воздуси, ни в луне, ни в камении”. Мітрапаліт Фокій (ХІV ст.) выказваецца нават больш канкрэтна: “Будь проклят тот, кто целует Месяц!”. Але для жыхаркі Бярэсця гэтая “лунніца” была знакам сілы, у якую яна верыла. Маленькі амулет у пацерках адлюстроўваў цэлы макракосм. Тры элементы — Зямля, Сонца і Месяц — пададзены ў ім як складнікі агульнай карціны свету. Кожны фрагмент арнаменту меў тут глыбокі сэнс, выяўлены праз прыгажосць, дэкаратыўнасць і выразнасць. Глядзячы на яго, тагачасная берастаўчанка бачыла больш, чым сёння бачым мы…

Ала РАСІНСКАЯ, навуковы супрацоўнік Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея

Фота Святланы САСОННАЙ