Фотаздымак з сямейнага альбома

№ 41 (1115) 13.10.2013 - 18.10.2013 г

Жыццё ў Міры было для іх кароткім
Сярод здымкаў з альбома Святаполк-Мірскіх ёсць адзін, на якім уладальнік Мірскага замка князь Міхаіл сфатаграфаваны з пажылой жанчынай. Яны сядзяць у крэслах у адным з замкавых пакояў. Хто ж гэтая жанчына?

Адказ мы атрымалі ў 2008 годзе пад час перапіскі з прадстаўніцай роду Святаполк-Мірскіх — Бернадэт, якая жыве ў Францыі. На тым фота яна пазнала бабулю свайго бацькі — Эмілію Паўлаўну Зіноўеву, якая ў 1878-м выйшла замуж за Аляксандра Карлавіча Бельгарда.

/i/content/pi/cult/449/9409/14-2.jpeg

Больш звестак пра яе тады атрымаць не ўдалося, і толькі цяпер нам адкрываюцца невядомыя дасюль старонкі ейнага жыцця.

Пачаць варта з гісторыі сям’і Вітгенштэйн. Дачкой Пятра Хрысціянавіча Вітгенштэйна, героя вайны 1812 года, была Эмілія. Яна нарадзілася ў 1801-м, выхоўвалася ў Смольным інстытуце, які скончыла ў 1818-м. Праз тры гады адбыўся яе шлюб з князем Пятром Іванавічам Трубяцкім, чалавекам, які бязмерна любіў уладу і характар меў выбуховы. Жонка князя была выдатнай гаспадыняй, усё кіраванне маёнткамі ляжала на ёй. Эмілія Пятроўна памерла раптоўна 28 красавіка 1869 г. на адной з паштовых станцый. Пахавана ў мястэчку Каменка Падольскай губерні.

/i/content/pi/cult/449/9409/14-1.jpeg

Княгіня Эмілія Пятроўна Трубяцкая нарадзіла мужу дзевяць дзяцей, якія даводзіліся ўнукамі праслаўленаму фельдмаршалу. Адна з дачок Эміліі і Пятра Трубяцкіх — Марыя (пра яе вядома толькі тое, што яна была мастачкай-аматаркай) выйшла замуж за Паўла Васільевіча Зіноўева. Іх дачка Эмілія Паўлаўна і была жонкай Аляксандра Карлавіча Бельгарда — губернатара Палтавы, сенатара. Пра яе казалі, што была яна вельмі ветлівая ды гасцінная, таму губернатарскi дом хутка зрабіўся цэнтрам мясцовага свецкага жыцця. Ён заўсёды быў поўны гасцей, якіх склікалі на абеды, танцавальныя вечары, хатнія спектаклі. На адным з такіх вечароў з Марыяй Аляксандраўнай Бельгард, дачкой палтаўскага губернатара, пазнаёміўся ўнук А.С. Пушкіна — Сяргей Аляксандравіч. Пазнаёміўся — і закахаўся. Улетку 1898 г., атрымаўшы дазвол бацькі, А.А. Пушкіна, і ўзяўшы адпачынак, ён прыехаў у Палтаву, каб пасватацца да Бельгард. Але ейныя бацькі не далі згоды на шлюб. Магчыма, таму, што мелі на ўвазе іншага жаніха — князя Дзмітрыя Мікалаевіча Святаполк-Мірскага, за якога Марыя Аляксандраўна пасля і выйшла замуж. Прычынай адмовы магло быць і тое, што Сяргей Аляксандравіч Пушкін быў хворы на сэрца. Узрушаны адмовай, ён неўзабаве пакінуў Палтаву.

Вярнуўшыся ў Маскву, С.А. Пушкін ва ўзросце 24 гадоў скончыў жыццё самагубствам. Вось так трагічна абарваўся лёс унука вядомага рускага паэта…

Маці Марыі Аляксандраўны — Эмілія Паўлаўна Бельгард, жонка палтаўскага губернатара, даволі актыўна праявіла сябе ў грамадскім жыцці Палтавы. Асаблівай яе ўвагай карыстаўся Дом Працавітасці. Кожны дзень там яна наведвала дзяцей-сірот, ставілася да іх па-мацярынску. І не дзіва, што ўсе яны плакалі, калі ў 1902 годзе Марыя Аляксандраўна пакідала Палтаву назаўжды… Прычынай ад’езду быў сялянскі бунт, што адбыўся вясной таго года ў Палтаўскай і Харкаўскай губернях. За недастатковую рашучасць пры падаўленні бунту губернатар Аляксандр Карлавіч Бельгард быў адхілены ад займаемай пасады. Ён памёр у 1921-м ва ўзросце 67 гадоў, перажыўшы малодшую дачку Эмілію на чатыры гады, а старэйшую Марыю — на год. Ягоная жонка, Эмілія Бельгард, засталася без сродкаў да існавання і знайшла прытулак у брата свайго зяця — князя Міхаіла Святаполк-Мірскага ў мястэчку Мір. На той момант гэта была тэрыторыя пад польскай юрысдыкцыяй. Дзеці яе дачкі Марыі — Аляксандр, Мікалай, Міхаіл, Уладзімір — жылі з бацькам, князем Дзмітрыем Мікалаевічам Святаполк-Мірскім, у Румыніі, куды эмігрыравалі пасля рэвалюцыі 1917 г. Пазней толькі князь Аляксандр Дзмітрыевіч, усыноўлены Міхаілам Святаполк-Мірскім 9 чэрвеня 1937 г., сустрэнецца са сваёй бабуляй Эміліяй Паўлаўнай Бельгард. Аднак жыццё ў Міры было для іх занадта кароткім. Восенню 1939 г. князя Аляксандра Святаполк-Мірскага арыштавалі як “сацыяльна небяспечны элемент” і заключылі ў лагер Краслаг (г. Канск) тэрмінам на восем гадоў. Ён быў вызвалены з-пад варты 15 студзеня 1942-га на падставе Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 12 жніўня 1941 г. аб амністыі польскіх грамадзян. Пасля вызвалення адбыў на пастаяннае месца жыхарства ў г. Алма-Ату. Сустрэўшыся з сям’ёй, выправіўся ў Турцыю праз Іран. На працягу некалькіх гадоў жыў у Канстанцінопалі. Затым Святаполк-Мірскія вырашылі эмігрыраваць у Іспанію, і ў лістападзе 1946 г. пераехалі ў Мадрыд. Аляксандр Святаполк-Мірскі, апошні гаспадар Мірскага замка, памёр у 1984-м ва ўзросце 85 гадоў. Яго бабуля Эмілія Паўлаўна Бельгард пайшла з жыцця ў мястэчку Мір у 1940 г. і была пахавана на мясцовых праваслаўных могілках…

Вольга НАВІЦКАЯ, загадчык сектара па навуковай рабоце музея “Замкавы комплекс “Мір”