Неверагодныя прыгоды ашмянскага Монтэ-Крыста

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

Зігмунд Мінейка: паміж Беларуссю і Грэцыяй
…У Дзяржаўным архіве Літвы захоўваецца судова-следчая справа “Аб двараніне Сігізмунду (Зігмунду) Мінейку”. Што цікава, там ёсць датаванне: справу, распачатую ў ліпені 1863-га, не закрылі і праз сорак гадоў! Да справы падшыта прашэнне, якое было пададзена ў верасні 1905-га віленскаму генерал-губернатару Аляксандру Фрэзэ ад грэчаскага падданага, урача Станіслава Мінейкі: “Бацька мой, Сігізмунд Мінейка, які прымаў удзел у польскім паўстанні 1863 года, будучы ў пастарэлым узросце (64-х гадоў), імкнецца пабачыць сваіх сваякоў, што жывуць у Віленскай губерні”.

(Працяг. Пачатак у № 35 — 39.)

/i/content/pi/cult/448/9390/15-1.jpeg

Міністэрства замежных спраў схапілася за галаву: не ўяўлялася магчымым устанавіць, калі і пры якіх абставінах мяцежнік Мінейка “эмігрыраваў за мяжу”. Звярнуліся “наверх”. І са сталіцы ў Вільню перадалі згоду “прыехаць часова, з устанаўленнем за Мінейкам нагляду паліцыі”. Але тады Зігмунд на радзіму не трапіў: мабыць, перашкодзілі рэвалюцыйныя падзеі…

Па выніках следчых органаў у 1864 годзе быў створаны “Список политических преступников, лишенных по суду прав состояния, имущество коих подлежит конфискации в казну”. Там сказана (без знакаў прыпынку): “Минейко Сигизмунд дворянин Виленской губернии Ошмянского уезда мать его имеет в этом уезде усадьбу Болванишки”. Гэтыя спісы былі растыражаваны і парассыланы ў губерні на выкананне: для пошуку ды канфіскацыі маёмасці. Такія спісы захоўваюцца і ў архіве Літвы (фонд Віленскай следчай камісіі (1803 — 1898 гг.), і ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.

Такім чынам, Мінейку чакала сібірская катарга. Трэба сказаць, што пасля масавых рэпрэсій у месцы не вельмі аддаленыя было адаслана шмат паўстанцаў: больш як 800 чалавек — ва Усходнюю Сібір, на катаргу, каля 13 тысяч — на пасяленне ў Заходнюю Сібір. Але Зігмунду, можна сказаць, пашанцавала, асабіста ў параўнанні з тымі яго 128 аднадумцамі па паўстанні, якія трапілі на плаху… Паводле статута 1857 г. (арт. 553), катаржнікі дзяліліся на тры разрады. Мінейка ішоў па першым, дзе быў вызначаны тэрмін: ад 12 да 15 гадоў катаргі.

Па чыгунцы Зігмунда ды яго таварышаў па няшчасці павезлі з Вільні праз Пецярбург да Масквы, а адтуль па этапе — у Сібір. Да 1840-га катаржан гналі пехатой. Потым — з’явіліся падводы. Гэтым разам партыя ссыльных з 80 — 90 чалавек была змяшаная: пасяленцы і катаржнікі, сярод якіх было некалькі французаў ды італьянцаў, былых гарыбальдзійцаў, удзельнікаў паўстання ў Польшчы. Катаржнікі, як правіла, былі ў кайданах вагой да шасці кілаграмаў, і рухаліся яны наперадзе ссыльнапасяленцаў. У хвасце цягнуліся абозы з хворымі ды багажом, жонкамі і дзецьмі, што накіроўваліся за мужамі ды бацькамі ў ссылку. Праўда, палітычным ссыльным дазвалялася браць з сабой асабістыя рэчы, кнігі, некаторую суму грошай. Па баках, спераду і ззаду калоны рухаліся канвойныя салдаты ў падначаленні жандарскага афіцэра, які меў спецыяльную інструкцыю аб тым, як суправаджаць арыштантаў. Рабіць гэта належыла “…з асцярожнасцю, тайна, каб яны, калоднікі, не змаглі ўцячы, і нікога да іх не дапушчаць”.

Праз 20 — 25 кіламетраў калона спынялася на начлег (паўэтап). Пасля двух дзён шляху — сутачны адпачынак у этапнай турме. Такія этапы цягнуліся доўга: ад некалькіх месяцаў да паўтара года, у залежнасці ад многіх абставін (адлегласці, надвор’я, стану дарог, пары года, якасці транспарту, розных чалавечых фактараў). Канешне ж, кожнаму гаротніку выдзяляўся сціплы паёк, але па дарозе іх маглі падкормліваць літасцівыя ўральскія і сібірскія сяляне.

З кім ехаў па этапе Мінейка — дакладна не вядома. Вядомыя толькі імёны некаторых “замежных” рэвалюцыянераў і мянушка аднаго чалавека — “сасланага на жыхарства ў Томскую губерню паўстанца Струмілы”. Альфрэд Струміла быў шляхцічам Лідскага павета Віленскай губерні. Падкрэслю, што сярод пасяленцаў, якія менавіта ў гэты час накіроўваліся ў Сібір, было шмат землякоў Мінейкі — паўстанцаў Ашмянскага павета: А.Вяржбіцкі, І.Барановіч, Д.Баранцэвіч, А.Балтуц, М.Войніш, Б.Бабровіч, Г.Валовіч, С.Вішнеўскі, І.Беркман, З.Гансоўскі, І.Зайнчкоўскі, В.Кулеш, М.Радзевіч, С.Булгароўскі ды іншыя. Магчыма, хтосьці з іх мог скласці кампанію Зігмунду.

Што ж да французаў ды італьянцаў, якія накіроўваліся на катаргу ва Усходнюю Сібір на Пятроўскі завод, то сярод Мінейкавых таварышаў па няшчасці былі Шарль Рышар, Луі-Альфрэд Дые, граф Луіджы Каролі, Ахіл Бэндзі, Джакома Маулі, Аляксандр Венацыа, Эміль Андрэолі, Феба Арканджэлі, Дворжачак. Усе яны, дзякуючы Зігмунду Мінейку і... імператару Напалеону III, пляменніку Напалеона Банапарта, пазней былі вызвалены па распараджэнні Аляксандра II ды вярнуліся на радзіму. (Ніжэй я распавяду пра гэта больш падрабязна.)

“Зорны” час у лёсе Мінейкі настаў недзе на паўэтапе пад Касімавым. Уначы, калі партыя ссыльных, у тым ліку канвой, адпачывала, нечакана памёр Альфрэд Струміла: яго зваліў сыпны тыф — хвароба, якую страшэнна баяліся і канваіры, таму яны трымаліся падалей ад нябожчыка. А так здарылася, што Струміла (яго следчая справа — № 657) быў не толькі равеснікам Зігмунда, але і нават з выгляду падобным на яго.

Пакуль побач аховы не было, рашэнне прыйшло наступнае: Мінейка з дапамогай таварышаў імгненна пераапрануўся ў вопратку Струмілы, свой арэстанцкі касцюм нацягнуў на нябожчыка, канешне ж, “рэквізаваў” яго дакумент і рэчы, і такім чынам ператварыўся ў вольнага пасяленца — шляхціча Альфрэда Струмілу. Прыкладна так паўстагоддзя таму літаратурны Эдмон Дантэс “развітаўся” з абатам Фарыа ў крэпасці Іф, перш чым стаць графам Монтэ-Крыста. Мінейка пасля Сібіры таксама стане графам — фон Мебертам. Але пра гэта — ніжэй.

Словам, на золку “нябожчыка Зігмунда Мінейку” канваіры моўчкі, без усялякіх падазрэнняў, пахавалі на ўзбочыне дарогі. А наваяўленага Струмілу чакаў “над Томью град старинный” — Томск. У Томскай губерні ў час прабывання там Зігмунда большасць палякаў і беларусаў — ссыльных паўстанцаў праходзілі па так званым літоўскім спісе і складалі прыкладна адзін працэнт (каля трох тысяч) насельніцтва.

Падкрэслю, што ў этнічны склад пасяленцаў уваходзілі не толькі ўласна палякі (як паўсюль лічыцца ва ўсіх крыніцах), але і шмат карэнных ды апалячаных беларусаў ды рускіх, якія пражывалі задоўга да паўстання на тэрыторыі былых ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Становішча шляхцічаў было больш цяжкім у параўнанні з асуджанымі за ўдзел у паўстанні сялян, таму прадстаўнікі польскага і беларускага шляхецтва часта стараліся ўтойваць сваё паходжанне. Канешне ж, высылка на пасяленне — гэта не работы на катаржных Нерчынскіх рудніках, але права пакідаць месца жыхарства нават “паўсвабодным” пасяленцам было строга забаронена.

Калі Мінейка з’явіўся ў Томску, то даведаўся, што тут, за некалькі гадоў да яго, знаходзіўся ў ссылцы знакаміты анархіст Міхаіл Бакунін, які сустракаўся з групай палякаў і беларусаў, у тым ліку з Пятром Высоцкім — вядомым удзельнікам паўстання 1830-га, асуджаным варшаўскім судом на дваццаць гадоў сібірскай катаргі. І што яны на сваіх тайных зборышчах будавалі планы магчымага паўстання ў Сібіры, якое магло б пашырыцца па ўсёй Расіі, ператварыцца ў новую разіншчыну ці пугачоўшчыну і тым самым дапамагло б Польшчы выратавацца ад Расійскай імперыі ды стаць незалежнай дзяржавай. Думкі, канешне ж, наіўныя, але ў нейкай ступені яны ўзнімалі настрой былых баявых афіцэраў ды інсургентаў, уліваючы ў іхнія душы нейкую віртуальную асалоду мары-надзеі…

Так, Мінейка-“Струміла” знаходзіўся ў Томску на правах амаль вольнага чалавека, хаця і пад наглядам паліцыі. Жыў непадалёк ад Цагельнай Слабады (цяпер — раён тэлецэнтра). Побач жылі ссыльныя польска-беларускія землякі-гарыбальдзійцы, а таксама некалькі французаў ды італьянцаў — удзельнікаў паўстання 1863 года, асуджаных у Варшаве. Іх сюды даставілі з Пятроўскага металургічнага завода з Забайкалля, замяніўшы катаргу на пасяленне.

Так што Мінейку маркоціцца ў адзіноцтве не даводзілася. Апроч таго, у Томску Зігмунд умудрыўся адкрыць уласны бізнес: вырабляў футравыя кучэмкі, падушкі, штучныя кветкі, зробленыя ў тэхніцы “арыгамі” (вырабы з паперы), якія карысталіся вялікім поспехам у гараджан і “бацькоў” горада. Калісьці, яшчэ ў дзяцінстве, у Балванішках, гэтаму арыгінальнаму рамяству яго навучыла маці Цэцылія, якая па-майстэрску стварала шыкоўныя папяровыя кветкі, рознакаляровыя шары, шматграннікі, ромбы і г. д. Не цураўся Зігмунд і таго, каб даваць дзецям багатых гараджан урокі замежных моў: ён дасканала ведаў беларускую, рускую, нямецкую, англійскую, французскую, італьянскую, ужо не кажучы пра польскую. Пазней вывучыў турэцкую і грэчаскую. Рэгулярна чытаў газету “Томские губернские ведомости”, каб быць у курсе хаця б некаторых навін у імперыі, і сябраваў з яе рэдактарам — вельмі адукаваным журналістам ды археолагам Д.Кузняцовым.

Сябраваў Мінейка таксама з купцамі з ліку былых ямшчыкоў, што здолелі моцна разбагацець; папросту ўваходзіў у дом мільянера, залатапрамыслоўца Івана Асташава, які, дарэчы, пабудаваў у Томску першы мураваны дом (цяпер — будынак Краязнаўчага музея). Да Мінейкі-"Струмілы" добра ставіўся і сам кіраўнік па справах пасяленцаў барон Фелькерзан, які, будучы чалавекам ліберальных поглядаў, неаднойчы запрашаў пана Струмілу да сябе ў рэзідэнцыю — у вёску Спаскае Каінскага павета Томскай губерні.

Словам, Мінейка быў вельмі камунікабельным чалавекам, які ішоў на ўсё дзеля адной, але палымянай страсці-мары: рана ці позна выбудаваць сабе нейкі матэрыяльны падмурак у выпадку магчымага пабегу з тройчы праклятай Сібіры. Хаця і там, пры яго прыродных талентах, ён мог добра атабарыцца, як гэта зрабілі дзясяткі іншых беларускіх ды польскіх ссыльных. Ён мог атрымаць кавалак зямлі, займець маёнтак, завесці хатнюю жывёлу, заняцца землеўладальніцтвам, стварыць сям’ю, гадаваць дзяцей, а то і арганізаваць нейкае прадпрыемства ці ўзняцца высока па кар’ернай лесвіцы, як гэта, напрыклад, зрабіў былы “нарадаволец” беларус Баляслаў Шастаковіч, дзед знакамітага кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча…

Але падобныя праекты — не для апантанага высокімі ідэямі, палкага, нястрымнага Зігмунда Мінейкі. У яго мэта была адна: вырвацца на волю. Для гэтага ён шырока разгарнуў гандаль і стаў збіраць грошы, каб набыць зручны фургон, некалькі коней і добрае харчаванне (сала, рыбу, соль, арэхі). Тым больш, што аднойчы хтосьці з ссыльных ашмянцаў ці, можа, вілянчан пазнаў Мінейку на вуліцы і з радасцю кінуўся да яго. Давялося, як кажуць, замятаць сляды, бо нават выпадковае раскрыццё сапраўднай асобы Зігмунда пагражала трагічным зыходам.

Трэба было спяшацца. Тым больш, прыйшоў новы губернатар Томскай губерні — Герман Лерхе, і што ад яго чакаць пасяленцам, было невядома. І вось надышоў час, калі Зігмунд разам з двума сябрамі (адзін з іх — Вашкевіч, другі — нейкі доктар) у адну цудоўную месячную ноч, з дапамогай томскіх сяброў, выправіўся ў доўгі шлях. Пакуль праз Ніжні Ноўгарад і Казань — да Масквы…

(Працяг будзе.)


Чытайце таксама папярэднія часткі матэрыяла пра Зігмунда Мінейку:
Частка І, Частка ІІ, Частка ІІІ, Частка ІV, Частка V.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"