Вялікая беларуская сцяна перад “новай драмай” + усе артыкулы дыскусіі

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

Частка ІV / Праекцыя “ТэАРТ” на інтэрактыў, а яшчэ…
Тыдзень таму ў Мінску распачаўся ІІІ Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТэАРТ”. Гэты фестываль літаральна за два гады заваяваў сабе імідж аднаго з галоўных тэатральных святаў у краіне. Адметнасць чарговага форуму — у цэлым блоку беларускіх прэм’ер, большасць з якіх была ініцыявана яго арганізатарамі. Падкрэслім, блок фарміраваўся не з таго, што, як кажуць, “пад рукой ляжала”, — “ТэАРТ” сам замаўляў і пастаноўкі, і нават некаторыя п’есы.

Атрымалася, нагадаем, пяць спектакляў у асноўнай праграме і яшчэ тры — у дадатковай. “Patris” ажно трох аўтараў — Сяргея Анцалевіча (ён жа рэжысёр), Дзмітрыя Багаслаўскага, Віктара Красоўскага — тэму патрыятызму вырашыў новымі мастацкімі сродкамі з выкарыстаннем тэхнікі “verbatim”. У “Кароткачасовай” Канстанціна Сцешыка рэжысёр Сямён Александроўскі не вывеў на сцэну ніводнага “жывога” артыста, толькі праецыраваў на сцяну тэкст п’есы, а далей прапанаваў інтэрактыў: каб гледачы самі выходзілі на сцэну, бралі навушнікі ды слухалі той дыялог, агучаны паўсотняй розных бацькоў і сыноў, сярод якіх быў і сам рэжысёр. “Маркотны хакеіст” Паўла Пражко, напісаны па замове форуму і пастаўлены Дзмітрыем Валкастрэлавым, атрымаўся спалучэннем пранікнёна-настальгічных вершаў “з дзённіка”, прачытаных дзвюма артысткамі ў рэжыме “рэха” з далейшым аматарскім відэа гарадскіх краявідаў, “дзе я жыву”. “Ціхі шоргат сыходзячых крокаў” Дзмітрыя Багаслаўскага ў пастаноўцы маладога кыргызскага рэжысёра Шаміля Дыйканбаева стаўся сумесным праектам РТБД з Міжнароднай канфедэрацыяй тэатральных саюзаў (Масква). Нарэшце, “Рамонт” тэатра “Інжэст” паўстаў чарговай аўтарскай работай Вячаслава Іназемцава — як заўсёды, канцэптуальнай, заснаванай на пошуку надзвычай “пластычнага”, “кантыленнага” сінтэзу мастацтваў.

Вядома, падрабязны аналіз убачанага яшчэ наперадзе. Пакуль жа — падвядзём некаторыя вынікі цыкла публікацый “К”, прысвечаных “новай драме”: ён аказаўся акурат у сугуччы з беларускім блокам “ТэАРТ”а і многія тэарэтычныя развагі пацвердзіў на практыцы.

 

Лёд бадай не крануўся, але…

Дзіўным чынам апытанне выявіла парадаксальную рэч: нягледзячы на тое, што феномен “новай драмы” беларускімі тэатрамі пераважна не прызнаецца, актуальныя п’есы паступова трапляюць у іх рэпертуары. Цікава, але выявілася, што ў дзесяці з апытаных намі тэатраў плануюцца да пастаноўкі або ўжо ідуць творы Паўла Пражко, Дзмітрыя Багаслаўскага і Мікалая Рудкоўскага.

Да прыкладу, п’есы Паўла Пражко ідуць на сцэнах Магілёўскага абласнога тэатра, Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа. Мікалая Рудкоўскага — у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, плануецца пастаноўка ў Нацыянальным акадэмічным драматычным імя Максіма Горкага. А Дзмітрый Багаслаўскі зараз, лічы, становіцца “топавым” аўтарам: намер паставіць ягоныя творы выказалі Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Брэсцкі акадэмічны, ды яшчэ пэўную зацікаўленасць выказаў Тэатр імя Максіма Горкага. Гэта не кажучы пра тое, што аднайменнай прэм’ерай спектакля па ягонай п’есе “Ціхі шоргат сыходзячых крокаў” (рэжысёр — Шаміль Дыйканбаеў (Кыргызстан) распачаў свой новы сезон РТБД. Словам, непрызнанне “дэ-юрэ” не перашкаджае адноснаму прызнанню асобных аўтараў “дэ-факта”.

Нагадаю, галоўнае пытанне, якім мы “шпулялі”, як выказаўся тэатразнаўца Аляксей Стрэльнікаў, у нашым няхітрым апытанні гучала так: ці зацікаўлены тэатры ў п’есах “новай драмы”? І адказы на яго акурат і выявілі сэнсавую “нестыкоўку” паміж паняццямі “сучасная беларуская драматургія” і “новая драма”.

У разуменні многіх рэжысёраў, кіраўнікоў дзяржаўных устаноў розніцы паміж гэтымі з’явамі не існуе. “Не лічу “новую драму” феноменам”; “піяр”; “раздутае паняцце” і г. д. — сутнасць адказаў некаторых рэспандэнтаў зразумець нескладана. Між тым, “сучасная беларуская драматургія” трапіла ў катэгорыю легалізаваных тэрмінаў: з беларускімі драматургамі, у цэлым, тэатральная супольнасць працуе.

Па сутнасці, мэтай нашага апытання было дазнацца, пра што думаюць, куды рушаць беларускія тэатры на прыкладзе “непрызнанага” феномена і якую пазіцыю яны займаюць у дачыненні да развіцця тэатра як пляцоўкі, што мусіць прапанаваць разнастайныя формы размовы з гледачом.

"Дыягназ" атрымаўся нясуцяшальным, ды ўсё ж прыкметным: тэатры трымаюцца за традыцыйныя формы выказванняў, у тым ліку і таму, што да апошніх прызвычаіўся беларускі глядач, які “галасуе” рублём. У выніку, у віхуры гэтага замкнёнага кола “тэатр — традыцыя — глядач — тэатр” галовы кружацца ўжо ў многіх, аднак разарваць яго наважваюцца адзінкі.

Як ні дзіўна, але тыя самыя адзінкі, якія вырашыліся на эксперымент, зусім не губляюць, і досвед Магілёўскага абласнога тэатра, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, таго ж Брэсцкага акадэмічнага, які, дарэчы, прадставіў сябе на сёлетнім Міжнародным тэатральным фестывалі “Белая вежа” спектаклем ”Ураджай” па п’есе П. Пражко, — таму прыкладам.

Акрамя занепакоенасці ў рэнтабельнасці эксперыментальных пастановак, да якіх большасць рэжысёраў далучае творы “новай драмы”, сімптаматычным аказваецца яшчэ адно назіранне. Гэтую рэакцыю трапна выказаў дырэктар — мастацкі кіраўнік Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра Юрый Вута. “Стаўлюся насцярожана”, — сказаў ён у дачыненні да твораў сучасных драматургаў. Гэтая насцярожанасць, палітыка чакання — бадай, галоўны парог, аб які спатыкаюцца тэатральныя (ды не толькі) ініцыятывы. Можна зразумець жаданне кіраўнікоў стварыць свой, адметны, не падобны да іншых, тэатр, але агульная карціна нашых тэатраў не песціць вока яскравымі колерамі. Магчыма, таму, што рызыкаваць у нас акурат і развучыліся.

І яшчэ адно. Як заўважыў галоўны рэжысёр Мазырскага драматычнага тэатра Раман Цыркін: “Ды і адкуль нам дазнацца пра тую “новую драму”?”. Рэжысёр панаракаў на адсутнасць спецыялізаванага выдання, прысвечанага тэатру, дзе друкаваліся б новыя драматургічныя творы, абмяркоўваліся праблемы беларускай тэатральнай прасторы. Вядома, ён у нечым меў рацыю, аднак калі казаць пра дзень сённяшні, то ў Інтэрнэце ёсць прыклады шэрагу ініцыятыў, якімі можна было б скарыстацца. Аднак недахоп інфармацыі, які адчуваюць тэатралы, маглі б часткова кампенсаваць дадатковыя медыяпраекты. Да прыкладу, сайт Цэнтра сучаснай драматургіі значна выйграў бы, калі б на ім былі размешчаны відэа- ці аўдыязапісы чытак новых п’ес. Падаецца, тэхнічна цалкам магчымыя он-лайн-трансляцыі тых жа чытак па Скайпе. У кірунку скарыстання іншых спосабаў распаўсюджвання “новай драмы” ёсць куды рухацца.

Ды тым не менш… Сёння, як бы ні цураліся паняцця “новая драма” дзяржаўныя тэатры, працэс паволі ідзе. Як бы ні былі заняты рэжысёры “вечнасцю”, але паставіць “штосьці жывое” таксама хочацца. Лёд яшчэ не крануўся, спадарства, але ён дае расколіны.

Д.А.

 

Новая драма: шампанскае ці толькі пырскі ад яго?

“Завочная” дыскусія, што разгарнулася на старонках “К” наконт “новай драмы”, стала своеасаблівым люстэркам “падвойнага дзеяння”, бо адлюстравала не толькі стаўленне тэатраў да гэтага жанравага ўтварэння, але і некаторыя асаблівасці самой “новай драмы”. Дык што ж мы ўбачылі?

Некаторыя рэжысёрскія рэплікі сведчылі пра тое, што нашы пастаноўшчыкі не зусім, так бы мовіць, “падкаваныя” не толькі ў тэрміналогіі, але і ў тым, што дакладна стаіць за словазлучэннем “новая драма”. Бо іх запытваюць пра адно, а яны адказваюць — пра іншае. Іх — пра новую драму, а яны — пра драмтэатр увогуле, а таксама пра тое новае, што там можа быць. А між тым, згаданае азначэнне ўжо можа лічыцца агульнапрынятым, і пры цяперашніх інфармацыйных магчымасцях высветліць, “што ёсць што”, не так і цяжка, не спасылаючыся на тое, што мы, маўляў, “бедныя” (ва ўсіх адносінах, не толькі фінансавых). Гэтак жа, пры жаданні, можна азнаёміцца з самімі п’есамі: і на свае вочы — на сайце Платформы перфарматыўных тэхнік “Зерне”, і на свае вушы — на чытках п’ес, якія раз-пораз ладзіць Цэнтр беларускай драматургіі на Малой сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Дый па тэатрах тыя п’есы рассылаюцца. Іншымі словамі, хто шукае — той знаходзіць. Я — пра тое, што некаторым кіраўнікам тэатраў няблага хаця б ведаць, што робіцца навокал — і менавіта ў іхняй тэатральна-драматургічнай сферы.

Тут, праўда, ёсць адна дэталь, якая датычыцца ўжо не саміх тэатраў, а аўтараў, што належаць да гэтага кірунку. На адным з “круглых сталоў”, серыя якіх ладзіцца напярэдадні чарговага Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва “ТэАРТ”, некаторыя з іх адкрытым тэкстам дэкларавалі сваю пазіцыю: маўляў, нічога асабліва не чытаць з сусветнай драматургіі для таго, каб... лепш захаваць сваю адметнасць.

Так што ў сэнсе элементарнай дасведчанасці — тэатры і аўтары, што называецца, на роўных. Не, я ні ў якім разе не супраць “новай” і нават “звышновай” драмы, трагедыі, камедыі. Тым больш, і аўтары там вельмі розныя. Адпаведна, такія ж розныя і тэксты: ёсць і спрэс з мацюкамі, і ці не матэматычна вывераныя, і з эйфарыяй ад нявыпраўленых памылак, і з цікавымі разважаннямі на вечную тэму розных пакаленняў — “бацькоў і дзяцей”. Але аўтарам таксама было б няблага часам выглядаць са свайго “панцыра”: пакуль яны збольшага пішуць пра сябе саміх. А каб выйсці кудысьці за гэтыя межы, звяртаюцца да тэхнікі “verbatim”, заснаванай на выкарыстанні дакументальных запісаў (дзённікаў, інтэрв’ю). Але ніводная тэхніка, ніводны самы навамодны стыль — яшчэ не гарантыя якасці.

Калі ж мы, нарэшце, уцямім, што новае і добрае — не заўсёды сінонімы? Як і не антонімы, разведзеныя па розныя бакі барыкад. Гэтыя два паняцці існуюць паасобку, кожнае — само па сабе.

Каб ім пасябраваць, трэба элементарна зрабіць крок насустрач адно аднаму. Добрае (тое, да прыкладу, што мы лічым класікай) робіць такія крокі пастаянна — і жыве перапрачытаннямі, пераасэнсаваннямі. А вось новае — здараецца, часам папросту не развіваецца, не ўдасканальваецца, застаючыся ў сваім аднойчы знойдзеным “загончыку”. Вядома, ужо сама спроба знайсці сваю нішу заслугоўвае ўвагі. Але ўзгадайце: тое, што прынята называць тэатральнай “вампукай”, калісьці таксама было... новым. У мастацтве папросту нельга заставацца ўвесь час на адным месцы: у лепшым выпадку, атрымліваецца звыклае рамяство, не больш…

У беларускую драматургію прыходзіць (ды ўжо прыйшло!) новае пакаленне аўтараў. Цыкл публікацый “К”, прысвечаны “новай драме”, безумоўна, узніме (ды ўжо ўзняў) увагу да апошняй. Не далей як днямі сустрэла дырэктара аднаго з абласных тэатраў. Той радасна “рапартаваў”: маўляў, перачыталі, спыніліся на адной з п’ес — пэўна, будзем ставіць. І гэта добра! Бо так паступова будзе рабіцца “натуральны адбор”, а новыя рэжысёрскія прачытанні настрояць і саміх аўтараў на пошук новых гарызонтаў. Бо пакуль асабіста я заўважыла наступную дэталь, якая стала ледзь не заканамернасцю. Увасабленні беларускіх “новадраматычных” твораў выйграюць за кошт цікавай, нешараговай, па-рэжысёрску адметнай пастаноўкі, якая часам “спрачаецца” з драматургічным тэкстам. А вось пры звароце нашых маладых рэжысёраў да еўрапейскіх твораў апошніх дзесяцігоддзяў — наадварот, часцей “выйграюць” самі тэксты, якія аказваюцца больш цікавымі за сваё ўвасабленне на беларускай сцэне. Хаця ёсць і парытэтныя варыянты — тое ж “Вянчанне” паводле аднайменнай п’есы польскага пісьменніка Вітольда Гамбровіча, напісанай у 1953 годзе, і пастаўленае Аляксандрам Янушкевічам у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек у 2011-м.

Дыскусія ў чарговы раз пераканала, наколькі важныя для тэатра студыйная праца, эксперыментальная сцэна, прычым з улікам таго, што любы эксперымент як крок у нязведанае далёка не заўжды можа быць паспяховым. Гэта заўсёды рызыка. А хто не рызыкуе — той, як вядома... Дарэчы, вы любіце шампанскае?..

Н.Б.


Чытайце папярэдні часткі матэрыяла "Вялікая беларуская сцяна перад новай драмай":
Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"