Як ажывіць вёску, што знікае?

№ 39 (1113) 28.09.2013 - 04.10.2013 г

“К” шмат піша пра беларускія вёскі, якія знікаюць у выніку дэмаграфічнай сітуацыі
Між тым, любая з іх — асобны сусвет, а кожная хата, нават пустая, утрымлівае цеплыню родавага агменю. Як яе захаваць? Пра асобныя варыянты мы ў свой час пісалі: хутар Шаблі на Міншчыне і вёску Чырвоны Кастрычнік у Рэчыцкім раёне выкупілі гараджане ды ладзяць там для ахвотных самыя розныя мастацкія імпрэзы. Больш “працаёмкі” шлях — музеефікацыя пустуючай вёскі, пераўтварэнне яе ў інтэрактыўны скансен.

У турыста з’явіцца магчымасць не толькі пазнаёміцца з драўлянай архітэктурай продкаў, але і памыцца ў лазні, дагледзець коней у стайні, купіць сувеніры ў краме… На жаль, прыкладаў такога скансена, насычанага рабочымі месцамі ды прывабнага для турыстаў, мы пакуль не маем…

Наталля БАРЫСЕНКА, менеджар па праектах Беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”:

/i/content/pi/cult/447/9359/3-7.jpeg

— Наша арганізацыя прытрымліваецца адназначнай пазіцыі: адзін з дзейсных сродкаў адраджэння вёскі — аграэкатурызм. Як паказвае вопыт дзейнасці аб’яднання, гарадскія жыхары ўсё актыўней пачынаюць пераязджаць у сельскую мясцовасць для стварэння такіх сядзіб. Дзяржава ідзе насустрач і забяспечвае падатковыя льготы. Турызм дае заробак мясцоваму насельніцтву, а ў выніку — развівае вёску. Да прыкладу, мінскія бізнесмены выкупілі шэраг дамоў вёскі Зенявічы на Карэліччыне і пры сялянска-фермерскай гаспадарцы “Белыя лугі” арганізоўваюць маштабны турыстычны комплекс з традыцыйнай карчмой, гэткімі ж аўтэнтычнымі засталіся і вясковыя хаты. Жыхары, што засталіся ў Зенявічах, таксама ўцягнуты ў працэс: дапамагаюць з будаўніцтвам, робяць сувеніры, рыхтуюць для аздаблення сядзібы творы прыкладнога мастацтва.… Натуральна, гаспадары сядзібы не хутка атрымаюць грашовы прыбытак ад турызму. Неаспрэчна, аднак, і тое, што вёска ў дадзеным выпадку атрымала другое жыццё…

Ёсць нешматлікія прыклады, калі асобныя сельскія дамкі выкупляюць раённыя аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Літаральна праз дарогу ад Мотальскага этнаграфічнага музея аддзел Іванаўскага райвыканкама выкупіў хатку, якая называецца цяпер “Абрадавы дамок”. Тут за дадатковую плату турыст можа і за абрадамі паназіраць, і пачаставацца мясцовымі прысмакамі.

Унікальнай у свой час была і “закансерваваная” вёска Кудрычы, што на Піншчыне. Гэтае цяжкадаступнае з-за балот паселішча мела калісьці цалкам аўтэнтычны выгляд. Адны толькі чаротавыя дахі чаго вартыя! Таму і ад турыстаў адбою не было. Але, наколькі мне вядома, Кудрычы

 

Кірыл КРАЎЦОЎ, уладальнік вёскі Чырвоны Кастрычнік:

/i/content/pi/cult/447/9359/3-8.jpeg

— Купіць дом у вёсцы — справа не такая і складаная. Калі да паселішча няма добрай дарогі, кошт пабудовы — не такі ўжо і высокі. Калі ва ўладальніка няма на хату дакументаў, іх афармленне займае паўгода. Калі няма электраасвятлення — трэба абысці з паўдзясятка інстанцый. Але ўсё магчыма! І асабліва пасля Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае, што пустуючыя хаты адыходзяць ва ўласнасць райвыканкамаў: пры такіх умовах кошт пакупкі таксама зніжаецца...

Я — гараджанін. Але мэта нашага сямейнага праекта — прапаганда вясковага жыцця, карыснага для здароўя, спрыяльнага для паляпшэння стаўлення да жыцця, заснаванага на развіцці сельскай гаспадаркі. І да нас прыязджае шмат гасцей, якія падзяляюць мае думкі. Усе яны становяцца валанцёрамі і дапамагаюць у аднаўленні вясковых забудоў.

Плюс да ўсяго — Чырвоны Кастрычнік стаў асяродкам творчага жыцця, сельскай культуры. “К” пісала ўжо пра нашы фестывалі самага рознага кірунку. Апошні правялі ў маі. Дарэчы, не без дапамогі вашай газеты мы наладзілі самыя добрыя кантакты з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Ёсць дамоўленасць, што наступную культурную акцыю будзем ладзіць разам.

Пакуль у нашай гаспадарцы — толькі гарод. Але я — аптыміст, веру, што наш сямейны праект будзе пашырацца. У перспектыве ў Чырвоным Кастрычніку ўсё ж з’явяцца рабочыя месцы. І не толькі для вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці. Спадзяюся, што будзем прыцягваць да агульнай творчай справы сапраўдных носьбітаў беларускай традыцыі: рамеснікаў, спевакоў, танцораў. Для таго, каб ажыць, вёска павінна займець новае гучанне...

 

Чытайце таксама меркаванне эксперта рэдакцыі па названай тэме Ігара Пракаповіча тут.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"