Канцэпцыя аднаго маршруту на памежжы + спасылкі на ўсе артыкулы турпраекта па памежжы Беларусі і Літвы

№ 39 (1113) 28.09.2013 - 04.10.2013 г

Частка V / Розныя мовы — адзіны матыў...
Турпраект “К”: па колішнім Віленскім краі / Астравецкі край асацыіруецца ў многіх перадусім з неагатычным касцёлам Найсвяцейшай Троіцы ў Гярвятах, які ўзнікае на гарызонце, нібы ўзнёслы карабель у нябёсах: нечакана, хвалююча, незабыўна!

Аднак падарожжа па гэтых мясцінах здатнае адкрыць перад цікаўным вандроўнікам і мноства іншых адметнасцей — зусім не такіх прыкметных, але ад гэтага не менш уражальных. І, збочыўшы з асфальтавых дарог у маленькую вёску, ты пераконваешся ў тым, што сакавіты дух мультыкультурных традыцый колішняга Віленскага краю на Астравеччыне жывы па-ранейшаму.

Ці шмат ёсць мясцін, дзе людзі спяваюць народную песню спярша па-літоўску, а потым — на той жа матыў — і па-беларуску?

 

Сціплыя цуды Цудзенішак

Ад літоўскай мяжы да Астраўца  — лічаныя кіламетры напрасцяк, але велападарожніку даводзіцца накручваць ладнае кола, бо бліжэйшы да беларускага райцэнтра прапускны пункт разлічаны толькі на мясцовых жыхароў. Аб’язны шлях — гэта дзесяць кіламетраў прасёлачнай дарогі, амаль непраходнай для веласіпеда ў даждлівае надвор’е.

/i/content/pi/cult/447/9350/10-2.jpeg

/i/content/pi/cult/447/9350/10-3.jpeg /i/content/pi/cult/447/9350/10-4.jpeg

Зрэшты, менавіта дзякуючы згаданым абставінам на нашым маршруце з’явіўся такі бонус, як касцёл Святога апостала Якуба ў вёсцы Цудзенішкі Ашмянскага раёна. Раней падарожнікі не так і часта надавалі яму ўвагу — і, як падаецца, дарэмна. Цікавасць выклікаюць хаця б натхнёныя роспісы ў народна-наіўным стылі, што ўпрыгожваюць гэты сціплы сельскі храм з больш як двухсотгадовай гісторыяй. Няма сумневу ў тым, што рабіў гэтыя фрэскі зусім не італьянскі майстра, але менавіта “свой хлопец”.

Як распавёў пробашч касцёла ксёндз Павел, які заўсёды рады бачыць тут падарожнікаў, у савецкія часы храму пашчасціла — ён заставаўся храмам, і менавіта таму аўтэнтычны інтэр’ер захаваўся. А вось папярэднія этапы гісторыі былі пакручастыя. У звязку з вядомымі гістарычнымі падзеямі ХІХ стагоддзя, касцёл стаў царквой і набыў рысы “мураўёўскага” стылю. У міжваенны час канфесійная прыналежнасць ізноў змянілася, але змяніць архітэктурнае аблічча тады, напэўна, не хапіла часу. І менавіта таму яшчэ зусім нядаўна ў Цудзенішках быў ці не адзіны на Беларусі каталіцкі храм з выразнымі рысамі праваслаўнай
архітэктуры.

Сёння замест характэрнай “цыбулінкі” вежа касцёла мае шатровае завяршэнне. Па словах ксяндза-пробашча, патрэба ў рамонце наспела даўно, і пад час гэтых работ храму было вырашана надаць больш арганічнае для яго канфесійнай прыналежнасці аблічча. Падаецца, у візуальным плане так яно і адбылося: прынамсі, новаўвядзенні не выклікаюць дысгармоніі. Але...

Як прызнаўся ксёндз Павел, мэта аднаўлення адпачатнага, “дамураўёўскага” выгляду барочнага храма на дакументальнай аснове нават не ставілася.

Ці правамоцнай была такая рэканструкцыя і ці рэканструкцыя гэта ўвогуле? На жаль, неправамоцнымі з’яўляюцца самі пытанні: цікавы і старадаўні ўзор сакральнага дойлідства ў Цудзенішках на сёння не мае статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Ну а мясцовыя жыхары разам са сваім руплівым пробашчам робяць тое, на што хапае сіл.

 

Скульптурны “квэст”

Колішні маёнтак дзяржаўнага дзеяча ВКЛ Яна Корсака — Астравец вітаў нас ужо ў прыцемках. Гарадкі з такой колькасцю насельніцтва (трохі больш за восем тысяч чалавек) прынята называць правінцыйнымі. Можа, часам і заслужана — скажам, прымяняльна да Астраўца яшчэ дзесяцігадовай даўніны. Але толькі не ў выпадку з Астраўцом сённяшнім: ён здатны стаць найлепшым сведачаннем таго, што зусім не памеры вызначаюць правінцыйнасць.

Добраўпарадакаванымі вуліцамі, пліткай, прыгожым вечаровым асвятленнем у нашых райцэнтрах ужо не здзівіш. Розныя “малыя архітэктурныя формы”, наадварот, усё яшчэ могуць здзіўляць, але зазвычай — менавіта непрыемна. А вось, якасная і сучасная гарадская скульптура радуе вока надзвычай рэдка, прычым не толькі ў малых гарадах. У Астраўцы ж можна зладзіць цэлы квэст па такіх арт-аб’ектах.

Адчуванні — незвычайныя, асабліва ў вечаровы час. Ва ўтульным парку на цэнтральнай плошчы ты пазнаеш у незвычайным камяні абрысы рыбы, потым, збочыўшы “кудысьці за дом”, раптам бачыш гібрыд каменнага чалавека і жалезных калёс. Яшчэ праз сотню-другую метраў, ля самай ракі Лоша,  — новая цікавая скульптура... І вось, банальная прагулянка ў краму сама сабой ператвараецца ў наведанне сапраўднай вулічнай галерэі.

Як выявілася, для паўстання апошняй спатрэбіўся ўсяго толькі адзін пленэр, праведзены пяць гадоў таму. Запрошаныя на яго прафесійныя аўтары пакінулі па сабе на гарадскіх вуліцах дзесяць работ — адна адметней за другую. Архітэктурная і сэнсавая прывязка некаторых з іх, як падаецца, магла б быць і лепшай. Той жа “чалавек на калёсах” аўтарства Паўла Вайніцкага чамусьці апынуўся недзе “на задворках”, з тыльнага боку кінаканцэртнай залы.

Зрэшты, гэта дробязі, хай сабе і важныя. Але галоўнае — сам прынцып: сучасна, густоўна, прафесійна і... да таго ж, нядорага. Куды танней за розных бронзавых прыбіральшчыкаў ды сантэхнікаў. Як адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама Сяргей Сяўко, ужо налета гэты плённы досвед па магчымасці плануецца паўтарыць.

Астравец і сапраўды пакідае ўраджанне сучаснага гарадка: цэласнай старой забудовы там не захавалася. Адзін з рэдкіх ацалелых будынкаў — млын на той самай Лошы. Не так даўно яго планавалася пераўтварыць у раённы музей, аднак, як адзначыў Сяргей Сяўко, спецыялісты прыйшлі да высновы, што пад такую функцыю будынак не падыдзе: праблема з вільготнасцю.

Затое ў невялічкім гарадку ёсць ажно два касцёлы. Класіцыстычны храм Святых Касьмы і Дзям’яна пераўвасабляецца літаральна на вачах. Яшчэ параўнальна нядаўна ён выглядаў даволі занядбаным, але цяпер уражанні — зусім іншыя. Асабліва ўвечары, калі ўключаецца падсветка.

Дзякуючы апошняй, у цёмны час сутак Астравец увогуле выглядае нават лепш, чым удзень. Аднак заспець яго ў такі час не так проста: з начлегам тут звыклыя праблемы. Нумароў у гатэлі не заўсёды хапае на ўсіх ахвотных. І хаця апошні не толькі знешне, але і знутры выглядае цалкам па-еўрапейску (гаворка — пра ветлівы персанал), без лыжкі дзёгцю не абышлося: абвестка пра графік падачы гарачай вады выклікала недаўменне.

Сітуацыя можа выправіцца, калі ў гатэля з’явяцца канкурэнты. Прыкладам, за лічаныя кіламетры ад Астраўца ёсць занядбаная сядзіба ў вёсцы Каменка. Па словах Сяргея Сяўко, не так даўно яе выкупіў прыватнік, і калі ў яго справа зрушыцца...

 

Дзверы заўсёды адчынены

Як адзначыў Сяргей Сяўко, астравецкі млын, рамонт якога ўжо часткова быў зроблены, хутчэй за ўсё, знойдзе новае прызначэнне: неўзабаве ён будзе выстаўлены на аўкцыён. І сапраўды, на Астравеччыне ўжо ёсць неблагі досвед прыстасавання гэтых “анахранічных” пабудоў да сучасных патрэб. Каб іх убачыць, рушым у Варняны ды Гярвяты.

Заспець ксяндза Леаніда Несцюка, чый партрэт не так даўно апынуўся на дошцы гонару Астравецкага райвыканкама, ужо ў які раз не атрымалася: руплівы святар увесь час пры справе, вось і гэтым разам ён быў у ад’ездзе.

— Але ў касцёл вы, натуральна, трапіце, — запэўніў пробашч па тэлефоне, — бо дзверы там адчынены з ранку да вечара…

Адпаведна, скіроўваючыся ў Гярвяты, падарожнік можа быць упэўнены, што не расчаруецца, “пацалаваўшы замок”. І людзі туды едуць — нават у будні дзень ды вечаровы час. Апісваць дзівосны храм, які аточаны сапраўдным шэдэўрам ландшафтнага дызайну, створаным стараннямі айца Леаніда, мы не будзем: гэты цуд абавязкова трэба ўбачыць на ўласныя вочы. Згадаем хіба пра зямное.

Непадалёк ад касцёла  — указальнік, што скіроўвае да мясцовай кавярні, размешчанай у старадаўнім млыне. І вонкава, і ўнутры яна цалкам апраўдвае сваю назву, саступаючы гарадскім установам хіба па цэнах — прычым у разы. Пагадзіцеся, прыстойная кавярня ў нашай вёсцы — з’ява пакуль, мякка кажучы, рэдкая. У адрозненне ад закінутых млыноў.

Па праўдзе, адразу падумалася, што гэта нейкі ўвішны прыватнік прасякнуўся суседскім досведам. Але ж не! Як выявілася, кавярню адкрыла мясцовая гаспадарка “Гярвяты”. На жаль, гэта пакуль таксама рэдкасць.

Млын у суседнім мястэчку Варняны таксама належыць СВК, ён таксама адрэстаўраваны ды прыстасаваны для падобных мэт, займеўшы назву Дом урачыстасцей. Адзінае што — працуе хіба па спецыяльнай замове.

Непадалёк ад яго — знакамітая вежа на выспе, якую многія ўсур’ёз прымаюць за сапраўдную замкавую. Зрэшты, на тое і быў разлічаны гэты своеасаблівы паркавы павільён, збудаваны ўжо ў ХІХ стагоддзі. Дарэчы, у ім можна нават заначаваць, прычым за памяркоўны кошт. Прыехаў на выспу, падняў мост — і адчуваеш сябе ў прыемнай ізаляцыі ад усяго свету. Думаецца, калі б рэклама гэтай паслугі была крышку лепшай, мы б тую вежу зблізку не ўбачылі — яе арэнду распісалі б на гады наперад.

Архітэктурны праект рэгулярнай забудовы, якім некалі славілася мястэчка, сёння цяжка ацаніць без дапамогі экскурсавода, а вось галоўная адметнасць Варнянаў — касцёл Святога Юрыя, збудаваны ў стылістыцы віленскага барока, — сам сабой прыкоўвае ўвагу. Хаця і крыху застаецца ў цені блізкіх адтуль Гярвятаў.

 

Дзве мовы, два народы

Вёска са слынным неагатычным касцёлам спрадвеку была цэнтрам унікальнага мікрарэгіёна, дзе пераважае літоўскае насельніцтва. Ужо ў нашым стагоддзі цэнтр крыху змясціўся — у суседнія Рымдзюны, дзе адкрыўся Літоўскі цэнтр культуры, адукацыі і інфармацыі.

Сёння ў гэтай вёсцы дзве школы і два дзіцячыя садкі — беларускія і літоўскія. Цэнтр культуры — адзін. Адпаведна, ён павінен задавальняць патрэбы прадстаўнікоў абодвух народаў.

— Некалі бывала, што на танцах “нашы з вашымі” нешта не падзеляць, — распавядае яго дырэктар Галіна Штура. — Але тое — даўно прамінула, і цяпер падобных канфліктаў на дыскатэках дакладна не ўзнікае, бо ўсе разумеюць, што дзве мовы, два народы — гэта асаблівасць нашай зямлі…

Пад час экскурсіі па комплексе мы ўбачылі і шыкоўную актавую залу з добрым абсталяваннем, і музейны куток, дзе побач з кроснамі можна ўбачыць габелен з Дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь, вытканы тутэйшай літоўскай майстрыхай Малінай Мешкенене, і розныя іншыя памяшканні, уключна нават з кавярняй.

Адна праблема — памочнікаў у Галіны Зянонаўны катастрафічна не хапае. Нібыта і ўмовы ў Цэнтры культуры больш чым прыстойныя, і з інтэрнатам маладому спецыялісту абавязкова дапамогуць, але... Вакансіі культработнікаў пакуль не заняты.

— Засталася я тут, лічы, адна, — скардзіцца Галіна Штура. — Таму, карыстаючыся нагодай, хацела б звярнуцца са старонак “К” да ўсіх зацікаўленых: прыязджайце да нас — не пашкадуеце!..

За пару кіламетраў ад Рымдзюнаў ёсць невялічкая вёска Петрыкі. Архітэктурных адметнасцей тут не знойдзеш, але і не па іх мы прыехалі. Сапраўдны брэнд вёскі — спадарыня Марыя Мажэйка, у дзявоцтве, вядома ж, Петрык. Чаго вартая хаця б гісторыя трохгадовай даўніны, калі тагачасны літоўскі прэм’ер Андрус Кубіліс, які зладзіў небезвядомы велатур па Беларусі, палічыў за пашану праехаць з гэтай кабетай “ганаровае кола” на сваім веласіпедзе-тандэме!

Зрэшты, не толькі гэтым эпізодам яна знакамітая. Марыя Мажэйка — спявачка фальклорнага ансамбля “Жыльвіціс” (у перакладзе з літоўскай мовы — “Вярба”), які існуе пад кіраўніцтвам Галіны Штура вось ужо амаль тры дзесяцігоддзі, а таксама народная ўмеліца, добрая гаспадыня і, галоўнае, цікавы чалавек. Неўзабаве ж у яе юбілей — дзевяноста гадоў!

— Ведаеце, цыганка мне ў юнацтве наваражыла, што я буду доўга жыць і грошы лічыць, — кажа яна з усмешкай, гасцінна запрашаючы ў сваю хату, дзе пахне чаборам і малінай. — Вось і лічу цяпер пенсію ў мільёнах. Ды і чаму б не пажыць? Ціха, спакойна, шмат розных цікавых спраў...

І сапраўды, няма калі ад жыцця стамляцца. Спадарыня Марыя займаецца ткацтвам, вышывае, рыхтуе зёлкі, чытае кнігі па гісторыі ВКЛ, піша вершы і ўспаміны, а таксама збірае песні роднага краю.

— Якія песні спяваем у нашым калектыве? Ды, вядома, тыя, што засталіся ад нашых матуль ды бабуль, — распавядае яна, і разам з маладзейшай сяброўкай спадарыняй Вандай заводзіць адзін з напеваў. Спачатку — па-літоўску, а потым і па-беларуску. Самае цікавае — калі беларускае слова трапляе ў літоўскую песню, набываючы характэрны канчатак.

Між іншым, спадарыня Марыя ўмее гаварыць на добрай беларускай мове — хіба з лёгкім літоўскім акцэнтам. Бо як жа гэта — не ведаць мовы сваіх суседзяў? Інтанацыя і манеры кабеты здзіўляюць сваёй вытанчанай шляхетнасцю, дарма што яна з сялянскага роду.

“Жыльвіціс” часта выступаў на размаітых вялікіх пляцоўках, але яго спевы куды больш арганічна гучаць проста за сталом пад час бяседы. І ўпрошваць артыстак іх выканаць няма патрэбы: у пэўны момант яны самі адчуваюць, што прыспеў час. Пачуць гэтыя песні ў натуральнай абстаноўцы — найлепшая ўзнагарода для падарожніка, які выправіўся па колішнім Віленскім краі.

 

• • •

Праз якія пятнаццаць кіламетраў мы трапілі ў Солы, што ўжо на Смаргоншчыне. Незабыўны відарыс касцёла Маці Божай Ружанцовай (збудаваны ён быў ужо ў міжваенны час, але каштоўнасць жа не толькі ў даўніне) стаў апошнім фотакадрам у нашай вандроўцы.

Зрэшты, экскурсію па каталіцкіх шэдэўрах Астравеччыны можна было доўжыць, завітаўшы і ў Варону, і ў Быстрыцу, і, вядома, у Міхалішкі... Немаведама чаму, але беларуска-літоўскае памежжа ўвогуле анамальна багатае на адметнасці. Прычым, як мы пераканаліся пад час гэтай вандроўкі, “наш” бок зусім не саступае — хутчэй, наадварот.

Што ж да інфраструктуры ды разнастайных туратракцый... Калі браць канкрэтна тыя мясціны, якія мы наведалі, то пакуль што вымалёўваецца “нічыя”. Так, добрыя аб’екты вясковага сэрвісу тут яшчэ здзіўляюць, а там — ужо не. Аднак відавочна, што патэнцыял росту пакуль далёка не вычарпаны. Туріндустрыя будзе расці толькі тады, калі будзе больш турыстаў. Як падаецца, з гэтай задачай могуць справіцца менавіта транспамежныя маршруты.

— Наш аддзел можа прапанаваць турыстам ледзь не ўсё, што яны пажадаюць, — распавёў Сяргей Сяўко. — І анімацыйную праграму, і майстар-клас па народных танцах, і канцэрт… Нядаўна вось ладзілі нават феерверк з фаер-шоу... Ды хоць верталёт, абы толькі была фантазія ды рэсурсы для яе ўвасаблення.

Аднак самае галоўнае тут — знайсці далікатныя і адэкватныя спосабы неяк рэпрэзентаваць ды захаваць той самы дух Віленскага краю, які ў цяперашні век глабалізацыі рызыкуе хутка знікнуць…

нашы спецыяльныя карэспандэнты

Астравецкі раён

Фота аўтараў

 

 

Папярэднія матэрыялы Турпраекта "К"-2013 "Па колішнім віленскім краі":

Частка І / Як зрабіць адметнасцю каханне Адама з Марыляй замест запраўкі і крамы "Duty Free"?

Частка ІІ / Рамантычныя руіны ўтопіі: ці зробяць іх кансервацыю суседзі?

Частка ІІІ / Калі “адвісалі сківіцы”, а калі ў нас было лепш

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"