Чаканне наступнага трука

№ 39 (1113) 28.09.2013 - 04.10.2013 г

Сяргей ПУКСТ, музыкант, кампазітар, радыёвядучы
Я вось гляджу на выстаўку на агароджы парку Чалюскінцаў і думаю не пра карціны, а пра зусім іншыя рэчы.

Вось хоча яе аўтар Андрэй Смаляк быць свецкім. Ён відавочна надзвычай амбіцыйны і прагне быць зоркай. Ён (а дакладней — ягоная жонка Вольга Смаляк) заахвоціў да ўдзелу ў праекце самых знакамітых беларусаў. Тое, што мы бачым тут, падабаецца людзям, пакуль яны гэта бачаць. Але як толькі праект знікне — ці не знікне з памяці і Андрэй Смаляк? Таму што аніякай масавай памяці як органа няма ўвогуле. Ёсць толькі грамадскае чаканне наступнага трука.

Справа ў тым, што мы жывём у палоне вельмі рамантычных уяўленняў пра тое, як запальваюцца зоркі.

Таблоідамі паўсюдна падтрымліваецца міф аб тым, што вось, маўляў, была бедная дзяўчына, яна спявала песні ў нейкім закінутым кафэ, і ЯЕ ПАЧУЛІ. Прыйшоў нейкі ўплывовы прынц шоу-бізнесу і пасля канцэрта запрасіў дзяўчыну да сябе ў офіс ды заключыў з ёй узаемавыгадны кантракт. Альбо фраза: "На наступны дзень яна прачнулася знакамітай". Калі першы варыянт часткова можа быць праўдай, то другі сёння выглядае цалкам нерэальна. Справа ў тым, што высілкамі або талентам адно толькі артыста такія рэчы даўно ўжо не вырашаюцца.

Сёння сфарміравана асобая мадэль глядацкага ўспрымання. Як толькі даўжыня кадра зменшылася да памеру дваццаць пятага, стала дарэмна чакаць ад глядацкай аўдыторыі пэўнай аддачы. Гэтыя вочы гатовы прапусціць інфармацыю без затрымкі. Галава ўжо даўно не месца для памяці або для фарміравання ўяўленняў — гэта месца для стварэння схемы тых або іншых дзеянняў у тым ці іншым выпадку. У эпоху Вікіпедыі эрудыцыя страчвае сэнс. Тонкі дысідэнцкі гумар з двайным дном саступіў месца практычным жартам. І гэтыя практычныя жарты былі ўведзены ў масавую свядомасць тонка, праз інтэлігенцыю, праз Хармса і абсурдыстаў.

У эпоху FM-мыслення адбываецца смерць любых фіксуючых медыя. Крамы з CD або кніжныя магазіны імкліва пераўтвараюцца ў музеі, а гандляры сумна жартуюць, што вы можаце набыць тавар у якасці сувеніра.

Зніжэнне каштоўнасці гуманітарных дысцыплін без далейшага асабліва практычнага прымянення навідавоку. Усё вяртаецца да базы. Філасофія — "бедная навука", "балбатня".

Вядома, жыць у свеце паверхняў, час ад часу звяртаючыся да тых або іншых спасылак, можна. Тым больш, што на выклікі рэальнасці ты будзеш рэагаваць больш эфектыўна. Пэўны запас сучасных гуманітарных ведаў неабходны хаця б для таго, каб хоць трохі аналізаваць рэальнасць, у якой мы жывём, разумець сваё месца ў сучасным свеце. Але навошта? Каму гэтыя высновы патрэбны?

Незразумела.

 

Будзем на сувязі!

Паважаныя чытачы! Нам цікавае ваша меркаванне па тэмах нумара. Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77, альбо на электронную скрыню kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-286-07-97, абмяркоўвайце на facebook.com/kimpressby, vk.com/kimpressby, twitter.com/kultura_by!