Ваш пашпарт, калі ласка!

№ 39 (1113) 28.09.2013 - 04.10.2013 г

Яўген РАГІН, рэдактар аддзела газеты "Культура"
За свой век я змяніў не адну рэдакцыю. І ў кожнай час ад часу назалялі тэлефанаванні ад фізічных ды юрыдычных асоб, кшталту: “А як напісаць па-беларуску...?” Далей гучалі тэрміны, паняцці і прозвішчы на рускай мове. Мы с сябрамі нават пра стварэнне прыватнай моўнай даведкі пачалі задумвацца. Але тэлефанаванні апошнімі гадамі зніклі.

Моўнае пытанне, па ўсім відаць, вырашана, аднак далёка не на карысць роднай мовы. І хто ад гэтага выйграў?

/i/content/pi/cult/447/9339/55-56.JPG

Цудоўна ведаю, што пад час выпіскі вучнёўскіх атэстатаў за курс базавай школы самым папулярным сярод настаўнікаў-класных кіраўнікоў становіцца філолаг-беларусазнаўца. Гэта толькі невук сцвярджае, што ў нашай мове як усё чуецца, так спрэс і пішацца. Таму пераклад прозвішча выпускніка з рускай мовы — справа тонкая ды далікатная. Вось філолаг і шчыруе на ўсеагульную, як падаецца, карысць. Сам быў настаўнікам-філолагам — ведаю. Мову, як і маму, не выбіраюць. Як яе можна не паважаць? У свой час некалькі дзён бегаў за ўніверсітэцкай сакратаркай, каб тая выправіла мне ў дыпломе касмапалітычнае “Яўгеній” на тутэйшае “Яўген”. Пра нацыянальнае я тады, шчыра кажучы, не вельмі думаў. Проста, дзед Сцяпан называў мяне ўсё жыццё Яўгенам. А хтосьці з ягоных сяброў-аднагодкаў спрабаваў нават клікаць Аўгенам, апелюючы да таго, што жаночы беларускі аналаг майго імя — Аўгіння. Аднак не буду ўнікаць у гістарызмы. Самае галоўнае, як потым высветлілася, павага да дзеда, што не цураўся беларушчыны, — і ёсць першарадная праява нацыянальнага гонару. Гэта Анегін у перакладзе Куляшова застаецца Яўгеніем, а Рагін — толькі Яўгенам...

Але атэстат з дыпломам, у параўнанні з афіцыйным пашпартам, — дакументы не такія лёсавызначальныя. А ў пашпартных сталах, як паказвае шматгадовая практыка, па дапамогу прафесійных славістаў не надта звяртаюцца. І маем мы ў выніку тое, што маем. У трох маіх стрыечных братоў цудоўнае прозвішча — Пячорыны. І ў кожнага з трох беларускі пашпартны правапіс гэтага прозвішча парушаны найгрубейшым чынам. Прычым, памылкі ў трох пашпартах — розныя (!). Уявіце, як вар’яцеў натарыус пры дзяльбе паміж братамі бацькоўскай спадчыны… Але гаворка не пра юрыдычныя казусы, а пра павагу да беларускамоўных дзядоў...

Хтосьці запярэчыць: непісьменныя пашпартысткі рэй вялі за савецкім часам. Ды не. Непісьменнасць, я перакананы, — першая перашкода для паяднання дзяржаўных ды нацыянальных інтарэсаў.

І перашкода, мяркуючы па сённяшніх памылках у беларускамоўных назвах вуліц, рэкламных абвестках ды на афіцыйных шыльдах, — досыць жывучая. Хто ад гэтага выйграў?

Вельмі характэрны галаўны боль кожнага з журналістаў нашай (дый не толькі) рэдакцыі. Пры перакладзе прозвішча на беларускую пазаштатны аўтар просіць пісаць яго з памылкай. Аргумент адзіны: “Так у пашпарце перакладзена!” Калі пашпартную памылку выправіць у газеце, аўтар не атрымае на пошце ганарар. Натуральна, ідзём насустрач. Хоць і прыкра за мову, але матэрыяльнае ў дадзеным выпадку пераважае над духоўным. Таму, дасведчаны чытач, даруй нам за недарэчныя памылкі ў шэрагу прозвішчаў нашых пазаштатнікаў.

Як змяніць сітуацыю? Як пераўтварыць пашпарт у сапраўдны сімвал еднасці дзяржаўнага і нацыянальнага? Ды вельмі проста. Трэба дапамагчы пашпартыстцы.

Абкласціся падручнікамі, даведнікамі і дапаможнікамі, звярнуцца да філолагаў, параіцца з навукоўцамі, патэлефанаваць у любую з беларускамоўных рэдакцый, памяняць пашпарт, навучыцца паважаць сябе, уласных дзядоў, дзяцей, унукаў і будучых праўнукаў…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"