Мікалай СКОБЕЛЕЎ: "Гэты музей будзе патрэбны заўжды"

№ 39 (1113) 28.09.2013 - 04.10.2013 г

23 верасня 1943-га пачалася эпапея вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
У гэты дзень 70 гадоў таму вызваліцеляў сустракаў раённы цэнтр Камарын тагачаснай Палескай вобласці. У 2014-м 70-годдзе вызвалення будзе святкаваць уся Беларусь. На сталічным праспекце Пераможцаў наваселле зладзіць шанаваны мінчанамі ды гасцямі горада і краіны Музей Вялікай Айчыннай вайны.

Пра тое, што будзе ўяўляць з сябе новая экспазіцыя ў новых сценах у сэнсе канцэптуальным, нашым чытачам распавядае дырэктар музея Мікалай СКОБЕЛЕЎ.

— Мікалай Вітальевіч, новы будынак Музея Вялікай Айчыннай вайны ўражвае ўжо сёння, на стадыі ўзвядзення, і відавочна, што з часам ён трапіць у шэраг архітэктурных сімвалаў нашай сталіцы. А што можна сказаць пра ягонае начынне, пра экспазіцыю?

/i/content/pi/cult/447/9338/6-2.jpeg

 — На дадзены момант па экспазіцыі распрацавана навуковая дакументацыя, на яе падставе зроблена канцэпцыя, што зацверджана на ўсіх ўзроўнях. Па кожнай зале мы маем распрацаваныя тэматыка-экспазіцыйныя планы, якія таксама зацверджаны. Мы гатовы распачаць мантаж экспазіцыі.

— І калі пачнецца пераезд музея ў новы будынак?

— Канкрэтную дату я не назаву. Скажу адно: няма падстаў сумнявацца, што новая экспазіцыя ў новым будынку адкрыецца ў вызначаны Указам Прэзідэнта краіны час. Спачатку будзе створана экспазіцыя, а потым пачнём пераводзіць у новае памяшканне свае фонды.

 — Такім чынам, атрымаецца, што некаторы час будуць працаваць два музеі Вялікай Айчыннай: у адным — экспазіцыйныя залы, у другім — музейныя фонды?

— Музей будзе працаваць заўжды адзін. Спачатку спыніцца праца музея тут, на Кастрычніцкай плошчы, а потым, 2 ліпеня 2014 года, як прапісана ва Указе Прэзідэнта, адбудзецца ўрачыстае адкрыццё ў будынку на праспекце Пераможцаў.

— Новая экспазіцыя мае стварацца

на базе існуючай?

— Не. Яна будзе абсалютна новая. Зразумела,

што мы скарыстаем музейныя прадметы, якія

знаходзяцца ў нашых фондах.

 — Будаўнікі ўкладваюцца ў запланаваныя тэрміны?

 — Па адных кірунках тэрміны зацягваюцца, па іншых — ідуць з апераджэннем. Недзе тэрміны карэктуюцца, але ў цэлым будоўля ідзе паводле графіка.

 — Ці ўлічваюцца пры стварэнні новай экспазіцыі сучасныя музейныя тэхналогіі, магчымасці інтэрактыўнага ўздеяння на гледача? Ці будзе ў новым музеі штосьці такое, чаго не было ў гэтым?

 — Дзеля нагляднасці пойдзем такім шляхам. Вы бачылі сённяшнюю экспазіцыю Музея Янкі Купалы? Там — сучасныя мультымедыйныя комплексы. Прыкладна такія ж сістэмы, толькі навейшыя, больш дасканалыя і ў большым аб’ёме, будуць скарыстаны ў Музеі Вялікай Айчыннай вайны.

 — Можна сказаць, што гэта будзе новая экспазіцыя для новай аўдыторыі?

 — Так. Мы імкнёмся зрабіць тэму Вялікай Айчыннай вайны зразумелай і цікавай для моладзі. Прадугледжаны новыя формы падачы матэрыялу, правядзення экскурсій, лекцый. Новыя музейныя тэхналогіі будуць тут вельмі дарэчы. Канешне ж, у аснове ўсё адно будзе музейны прадмет, які мае сваю біяграфію і які ўяўляе з сябе гістарычную каштоўнасць. Але мы павінны паказаць яго ў іншым, сучасным святле. А самае галоўнае — данесці да сённяшняга пакалення праўду пра трагедыю, што наш народ перажыў, і пра той вялікі Подзвіг, які здзейснілі нашы дзяды і бацькі…

— Мне падаецца, вайна так глыбока ўкаранілася ў нашай генетычнай памяці, што не трэба вялікіх намаганняў, каб яе абудзіць. А мо вы маеце іншую думку?

— Нават той нязначны прагал у часе — з канца 80-х па сярэдзіну 90-х, калі ў нашым грамадстве падвяргаліся рэвізіі многія факты савецкай гісторыі, у тым ліку і падзеі Вялікай Айчыннай вайны, — паспрыяў таму, што сёння пэўная частка моладзі мае вельмі цьмянае ўяўленне пра гэты гераічны і трагічны час. Нават да Вялікай Перамогі яна ставіцца без дастатковай павагі. Так што ролю генетычнай памяці я не стаў бы перабольшваць.

Мы, музейшчыкі, павінны ўлічваць сучасную

абстаноўку ў грамадстве ды свеце. Грамадства

наша стала больш адкрытым, пашырылася

інфармацыйная прастора. Тое ж Сеціва самім

фактам свайго існавання прымушае нас

шукаць новыя формы працы з аўдыторыяй.

Калі ў савецкі час мы фактычна не сустракалі супраціўлення нашым поглядам ды ідэям, то зараз нам даводзіцца рэальна змагацца з тымі, хто хоча перапісаць гісторыю. З фальсіфікацыяй мусім змагацца праўдай, канкрэтнымі фактамі. Агульныя развагі на глабальным ўзроўні тут не спрацуюць — толькі гістарычная канкрэтыка.

Неаспрэчным з’яўляецца той факт, што вырашальную ролю ў перамозе над фашызмам адыграў Савецкі Саюз. Пра гэта сведчыць колькасць разгромленых Чырвонай арміяй фашысцкіх дывізій і выведзенай са строю бранятэхнікі, маштаб франтавых, армейскіх ды іншых аперацый. Народы Савецкага Саюза панеслі найбольшыя ў Другой сусветнай вайне страты, наша армія вызваліла ад фашызму большую частку Еўропы…

З гэтай канкрэтыкай і трэба выходзіць на аўдыторыю. Але ж не варта замоўчваць і тое, на што спасылаюцца, чым маніпулююць нашы апаненты.

— А вы не лічыце, што праўда можа быць рознай? Чалавек, які быў у сучасным Берліне, расказваў мне, што немцам даліся ў знакі бамбардзіроўкі ды штурм Берліна, і яны калі-нікалі любяць паскардзіцца, прыгадваючы, што таксама пакутавалі…

— У 90-я гады я служыў у Заходняй групе войскаў, у Германіі, і сам ведаю, што фашызм прынёс пакуты і гэтай зямлі. Але адна справа, калі вайна крыху закранула які-небудзь нямецкі горад, і іншая — калі акупанты знішчылі наш Мінск дазвання, ушчэнт. У Мінску, проста ў гарадскіх межах, было некалькі канцэнтрацыйных лагераў, дзе знішчылі, закатавалі тысячы людзей. Дадайце сюды ж сотні спаленых беларускіх вёсак…

І канешне ж, на экскурсіях для турыстаў немцы расказваюць пра тое, што іх бамбілі саюзнікі, пра тое, што былі ахвяры, пра тое, што ў іх бацькі і дзеці гінулі на Усходнім фронце. Вайна ёсць вайна, яна без ахвяр не бывае. Але я лічу, і ў гэтым гістарычная праўда, што тое, што давялося перажыць у вайну немцам, і тыя пакуты, якія прынеслі нашаму народу, нашай зямлі фашысты, — рэчы несупастаўныя.

— Мікалай Вітальевіч, як мяркуеце, колькі часу беларускае грамадства будзе мець патрэбу ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны? Ці скажу інакш: як доўга памяць пра гэтую вайну будзе для беларусаў актуальнай — бліжэйшыя пяцьдзясят гадоў, сто? У Еўрасаюзе сёння не надта любяць прыгадваць Другую сусветную. Нас тая тэндэнцыя не закране?

— Гэты музей будзе патрэбны заўжды.

Не падлягае сумневу тое, што памяць

пра Подзвіг нашага народа

ў Вялікай Айчыннай будзе жыць вечна…

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"