Аднойчы ўначы...

№ 39 (1113) 28.09.2013 - 04.10.2013 г

Бібліятэчная творчая акцыя Гомельшчыны
13 верасня па ініцыятыве абласной універсальнай бібліятэкі на Гомельшчыне ўпершыню правялі абласную акцыю “Ноч у бібліятэцы”. У самой абласноў установе яна атрымала назву “Ноч майстроў” і была прысвечана раману Міхаіла Булгакава “Майстар і Маргарыта”.

/i/content/pi/cult/447/9331/12-1.jpeg

Хоць і ішоў дождж, але тэатралізаваная прадмова сабрала каля тысячы (а паводле даных сайта “Онлайнер.Гомель” — амаль дзве тысячы) гамяльчан і гасцей абласнога цэнтра. Ролі герояў Булгакава сыгралі супрацоўнікі бібліятэкі — акцёры народнага аматарскага тэатра “Гракі”: Воланда — Юрый Максіменка, Кароўева — Юрый Рачынскі, Бегемота — Віталь Сядзько, Азазэла — Ілья Верхаводка, Маргарыту — Ірына Студнева, Майстра — Сяргей Галомзік.

Калі гадзіннік прабіў апоўнач, таямнічы голас абвясціў: “Вялікі раман Булгакава заканчваецца ў Маскве, на тэрасе Пашкова дома, цяпер — Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, у далёкім 1929 годзе. А сёння, у ХХІ стагоддзі, Воланд са світай наведвае галоўную бібліятэку Гомеля і нашай вобласці!”

Воланд. — Цікавы горад, ці не праўда?

Кароўеў. — Месір, мне больш падабаецца Рым!

Воланд. — Ну, гэта справа густу. А што за шум у Доме Грыбаедава?

Бегемот. — Гэта гомельскія бібліятэкары рыхтуюцца да свайго прафесійнага свята. Сёння ў іх — Ноч у бібліятэцы!

Воланд. — Я з задавальненнем правёў бы ноч у бібліятэцы! Памятаеце, як я прыехаў у Маскву, каб разабраць у Дзяржаўнай бібліятэцы рукапісы Герберта Аўрылакскага?

Кароўеў. — Даруйце, месір, але ж вы іх не разабралі.

Бегемот. — Фагот, у месіра бракавала часу: ён быў заняты масквічамі.

Кароўеў. — А цяпер не пашкодзіла б заняцца гамяльчанамі.

Воланд. — А што цяпер чытае сучасны люд?

Кароўеў. — Усё больш айпады, ды слухае аўдыякнігі…

Воланд. — А гамяльчане кнігі чытаюць?

Кароўеў. — Пакуль чытаюць. І гэта радуе…

Дык што ж было той ноччу ў абласной бібліятэцы? У фае разгарнулася выстаўка котак “Кот Бегемот і родзічы”, арганізаваная Гомельскім гарадскім аддзяленнем Беларускай асацыяцыі “Фелінолаг”. Месір Воланд назваў лепшую.

У Музеі рэдкай кнігі размясціўся фотасалон “У Воланда”. Натуральна, большасць наведвальнікаў жадала сфатаграфавацца менавіта з месірам. А тым часам загадчык аддзела рэдкай кнігі Дзіна Мельнічэнка знаёміла ахвотных з кніжнымі рарытэтамі.

Кавярня ж бібліятэкі стала на час “Домам Грыбаедава”, дзе выступілі гомельскія музыкі і паэты, у прыватнасці, салісты студыі “Рэтра”, акцёр Аляксей Бычкоў, які прэзентаваў інсцэніраваны ўрывак са сваёй п’есы, прысвечанай Мікалаю Румянцаву…

У чытальнай зале працавала выстаўка гомельскага мастака Сяргея Каўрыгі “Ад Аэліты да Маргарыты”. Варта дадаць, што карціна творцы ўвайшла ў дзясятку самых незвычайных мастацкіх работ на леташнім “Славянскім базары ў Віцебску”.

Аддзел перыядычных выданняў пераўтварыўся ў “нядобрую кватэру № 50”, дзе гомельскія студэнты ды навучэнцы пагулялі ў літаратурны квэст.

На трэцім паверсе новага бібліятэчнага корпуса працаваў дамскі салон, які ўладкавалі супрацоўнікі бібліятэкі, касметычнай фірмы і салона вячэрніх і вясельных сукенак. Для дэфіле было падрыхтавана шэсць прэтэндэнтак на ролю Маргарыты, што была выбрана на Балі ў Воланда. А сам баль, дзе арганічна спалучыліся паэзія і харэаграфія (цудоўная работа Студыі тэатра і танца “Livень”), паставіў яркую запамінальную кропку Ночы майстроў.

Бібліяноч доўжылася тры гадзіны, да 23-й.

Воланду з яго світай было шкада развітвацца

з Гомелем: “Цудоўны горад — чытаючы горад!

У гэтым мы сёння пераканаліся не раз”.

Але пачулася ржанне коней, і месір

пад апладысменты гледачоў знік…

Юрый МАКСІМЕНКА, навуковы сакратар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі

 

А так адбылося свята ў адным з раёнў Гомельшчыны.