Праз далячынь стагоддзяў

№ 39 (1113) 28.09.2013 - 04.10.2013 г

Cлуцкі пояс, налібоцкае шкло — што ў перспектыве?
Апошнім разам я быў у Слуцку зімой. Летам горад выглядае прыгажэйшым, ды і паркавая зона, прылеглая да фабрыкі мастацкіх вырабаў, цяпер набыла новае аблічча. Акрамя звычайнага добраўпарадкавання, яна ўзбагацілася дзвюма бронзавымі скульптурнымі кампазіцыямі.

Адна сімвалізуе адраджэнне слуцкага пояса, другая (яна стаіць ля ўвахода на фабрыку) прадстаўляе майстра Слуцкай мануфактуры, які дэманструе грамадзе толькі што вытканы пояс.

Памятаю, колькі было

спрэчак сярод скульптараў,

архітэктараў і экспертаў

адносна канцэпцыі

манументальнай аздобы

прасторы паміж фабрыкай і ракой.

Мяркуючы па тым, што жыхары і госці горада з задавальненнем фатаграфуюцца каля скульптур, прафесійная дыскусія была плённай: у выніку яе для рэалізацыі былі вылучаны скульптурныя выявы, якія адпавядаюць і асяроддзю, і менталітэту тых, для каго гэта ўсё рабілася. Нагадаю, случчанам і гасцям скульптуры прыйшліся даспадобы.

/i/content/pi/cult/447/9330/14-6.jpeg

Ды і сам будынак фабрыкі, які зыходна ўяўляў з сябе звычайную, стандартную прамысловую пабудову, сёння стаў упрыгожаннем горада. Здалёк відаць выяву слуцкага пояса, змешчаную на фасадзе фабрыкі.

Падводзячы рысу, канстатую: Дзяржаўная праграма адраджэння слуцкага пояса ў якасці нацыянальнага брэнда пазітыўна адбіваецца на абліччы Слуцка і спрыяе ўмацаванню ў случчан пачуцця гонару за свой горад.

А што мае ад рэалізацыі Праграмы краіна ўвогуле, мы папрасілі расказаць Барыса ЛАЗУКУ, загадчыка аддзела старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Менавіта пад ягоным старшынством пад час свята ў Слуцку праходзіла навукова-практычная канферэнцыя.

— Пакуль пра вынікі рэалізацыі праграмы казаць зарана, — зазначае Барыс Андрэевіч. — Прытым што фактычна ўжо створаны Музей слуцкіх паясоў, які мае стаць культурным асяродкам Слуцка, Слуцкага рэгіёна, Міншчыны, Беларусі ўвогуле. Выкананы пэўныя мастацкія работы, пастаўлены ткацкі станок, які ў хуткім часе запрацуе. Плён — відавочны, але я хацеў бы перавесці размову ў іншую плоскасць.

У Слуцку ў рамках свята праходзіла навуковая канферэнцыя. Мы яе зрабілі рэспубліканскай, хоць свята — абласное. І паказала гэтая канферэнцыя тое, што ў свядомасці вельмі многіх людзей адбываецца неймаверная блытаніна паміж тым, што мы называем традыцыйным беларускім народным поясам, і — слуцкім, той з’явай, якая, як мы ведаем, узнікла, сфарміравалася ў другой палове XVIII стагоддзя. Тэхніка ткацтва, тэхналогія — усё гэта несусветная блытаніна. Людзі з поўным перакананнем сцвярджаюць, што мы зараз робім слуцкія паясы і гэтак далей.

Адчуваецца неабходнасць у пэўнай асветніцкай рабоце, каб людзі зразумелі простыя рэчы: народны пояс і слуцкі пояс — гэта розныя паясы. І ўвогуле, трэба адрозніваць міфы ад рэчаіснасці.

Вось, напрыклад, звяртаецца да мяне журналістка і на поўным сур’ёзе пытаецца: скажыце, калі ласка, ці праўда, што золата ў слуцкіх поясах было столькі, што вага апошніх дасягала 700 — 800 грамаў? На што я пытаюся: шаноўная мая, уяві сабе, ты магла б апрануць, павязаць пояс, які важыць больш як паўкілаграма? Кажа: не! Дык навошта пра такое нават пытацца?..

Гэта адна акалічнасць. Другая — я пакуль не бачу канкрэтных работ, якімі павінна насычацца Праграма. Маю на ўвазе адсутнасць мастацкіх твораў, у якіх слуцкі пояс атрымаў бы годнае ўвасабленне. Няма і сувенірнай прадукцыі па матывах паясоў, якая магла б колькасна ды якасна задаволіць патрэбы рынку. Той сувенірны посуд, нібыта па матывах слуцкіх паясоў, што быў на выстаўцы ў Слуцкай карціннай галерэі, па стылі і пластыцы — фактычна расійская гжэль… Я разумею, спрацоўваюць стэрэатыпы. Але ж Праграма якраз і мае на мэце разбурыць падобныя стэрэатыпы ды адрадзіць сваё — кроўнае, беларускае.

Многія не разумеюць, што паясоў, якія ўяўляюць з сябе копіі тых славутых, краіне спатрэбяцца дзясяткі, сотні, можа, якая тысяча. Жыццё пакажа, колькі іх насамрэч патрэбна для прэзентацыйных мэт. Але ж гэта не ўсё, і гэта не галоўнае. Жывая культура не можа існаваць у выглядзе копій. Культурная традыцыя павінна ўключацца ў рэальнае жыццё. Згадайце Мікалая Міхалапа, які ў 50-я гады ўвёў матыў слуцкага пояса ў дэкаратыўную аздобу ліхтароў на галоўным праспекце Мінска. Нешта падобнае, але ў большых маштабах і пры выкарыстанні сучасных тэхналогій, мусім зрабіць мы сёння дзеля надання слуцкаму поясу другога жыцця. Матыў слуцкага пояса, вобраз слуцкага пояса можа прысутнічаць у якіх заўгодна рэчах.

Ёсць такое паняцце “мастацкі твор — тэкст”. Тэкст мае ўласцівасць перакладу. Мы ўсе чыталі літаратурныя творы, а потым глядзелі мастацкі фільм, альбо наадварот. І кожны заўважаў розніцу. Вось і мы зараз маем праблему: як “перакласці” слуцкі пояс на сучаснае ткацтва, разьбярства, на мову сучаснай керамікі і гэтак далей? Я не кажу, што слуцкі пояс мусіць быць ўсюды, але як адно з найбольш яскравых увасабленняў нашай гісторыі ён прэтэндуе на пачэснае месца ў сучасным культурным працэсе.

І яшчэ. Я баюся,што ў 2015 годзе (а гэта

вельмі хутка) Дзяржаўная праграма будзе

лічыцца завершанай, і пра слуцкі пояс

забудуць. Між тым, адроджаны слуцкі пояс

можа стаць першым крокам на шляху

вяртання беларускіх гістарычных брэндаў.

Першым на чарзе я бачу налібоцкае шкло, якое калісь замаўлялі для сябе еўрапейскія манархі. Гэта, праўда, тэма для асобнай гаворкі…

 

Тым часам

21 верасня народныя майстры з усёй сталічнай вобласці сабраліся ў Слуцку на Свяце рамёстваў “Слуцкія паясы”. І месца правядзення, і назва свята — невыпадковыя: Слуцк здаўна вядомы як цэнтр рамёстваў, а слава паясоў, што вырабляліся ў XVIII стагоддзі на мясцовай мануфактуры, сягала далёка за межы Рэчы Паспалітай. Сёлетняе свята, акрамя традыцыйных для падобных імпрэз мэт, мела і прапагандысцкі аспект: яно ладзілася згодна з Дзяржаўнай праграмай адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў ды развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі. Інакш кажучы, абласное свята ў раённым цэнтры мела на мэце засяродзіць увагу грамадства на нацыянальнай праграме, каб людзі паспалітыя на свае вочы пабачылі тое, што ўжо здзейснена дзеля надання слуцкаму поясу статуса нацыянальнага брэнда, а спецыялісты абмеркавалі сённяшні стан выканання Дзяржаўнай праграмы.

Свята рамёстваў, якое было спалучана з Днём горада, мела тры асноўныя складнікі. Гэта канцэрты самадзейных калектываў Міншчыны, нашых суайчыннікаў, што жывуць у Расіі (народны хор “Купалінка” з Рэспублікі Комі), і Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча. Канцэрты ладзіліся на дзвюх пляцоўках: на Цэнтральнай плошчы горада і каля фабрыкі мастацкіх вырабаў “Слуцкія паясы”. Далей — выстаўка-кірмаш вырабаў майстроў з гарадоў ды вёсак Міншчыны і навукова-практычная канферэнцыя “Беларускія паясы: гістарычныя шляхі развіцця і сучасная практыка”. Гэта, так бы мовіць, стрыжань.

Акрамя таго, праводзіўся конкурс “Беларуская лялька”, проста на вачах публікі малявалі выхаванцы народнай студыі выяўленчага мастацтва “Вытокі”, а ахвотныя маглі пад наглядам майстроў ткаць на кроснах або плесці з лазы. Тэатралізаваная дзея нагадвала пра ваенную славу Слуцка  — пра Вялікую Айчынную вайну і бітвы Сярэднявечча. Да свята ў Мастацкай галерэі была адкрыта адмысловая экспазіцыя.

Галоўнае, што ўсё гэта адбывалася пад знакам адраджэння, вяртання слуцкага пояса і, адпаведна, набыцця горадам ды рэгіёнам новага іміджа. Гучалі песні пра слуцкі пояс, і сярод іх — знакамітыя “Слуцкія ткачыхі” на верш Максіма Багдановіча. Вобраз пояса быў увасоблены ў харэаграфіі і мастацкім слове. Выстаўка ў галерэі, якую я згадваў вышэй, мела назву “Слуцк. Праз далячынь стагоддзяў”. Яна складалася з твораў мастакоў — ураджэнцаў Случчыны (а іх, да гонару горада і рэгіёна, шмат) і распавядала, як вынікае з назвы, пра шматвяковую гісторыю горада. Тут вобраз пояса як сімвала повязі часоў меў мастацкае ўвасабленне.

Рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы ўжо таксама стала часткай гісторыі і пояса, і горада. Яна занатавана ў дакументах, фотаздымках, узорах сувенірнай прадукцыі і часткова прадстаўлена ў залах Слуцкай мастацкай галерэі. Гэтая выстаўка мае асветніцкі ўхіл. На рэпрадукцыях  — мінуўшчына горада і мануфактуры, на дакументальных фотаздымках — найноўшая гісторыя пояса. Тут жа — сувенірны посуд з матывамі слуцкіх паясоў і відамі горада.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"