Неверагодныя прыгоды ашмянскага Монтэ-Крыста

№ 39 (1113) 28.09.2013 - 04.10.2013 г

Зігмунд Мінейка: паміж Беларуссю і Грэцыяй
...Праз нейкі час Мінейка апынуўся ў Генуі. Тут, па чутках, італьянскі ўрад з падачы ўжо добра вядомага ў Еўропе “чырвонакашульніка” Джузэпэ Гарыбальдзі (ягоныя валанцёры насілі чырвоныя кашулі, понча і самбрэра) адкрываў польскую ваенную школу для будучых афіцэраў паўстанцкай арміі Свабоды, якія марылі змагацца з царскай Расіяй за адраджэнне былой велічы незалежнай Рэчы Паспалітай.

(Працяг. Пачатак у № 35 — 38.)

/i/content/pi/cult/447/9328/15-2.jpeg

Пра гэтую школу мала хто ведае, таму скажу пра яе некалькі слоў, бо практычна ўсе яе выхаванцы-курсанты, у тым ліку і наш герой, потым прынялі актыўны ўдзел ва ўзброеным паўстанні 1863 года. Гэтая школа ваеннай падрыхтоўкі была створана ў Генуі ў кастрычніку 1861-га палякамі-эмігрантамі пад кіраўніцтвам генерала Людвіка Мераслаўскага — удзельніка паўстання 1830 года. Да гэтага ён камандаваў інтэрнацыянальным батальёнам у арміі Гарыбальдзі. А яшчэ раней, у 1847-м, у Берліне, ён ледзь не трапіў пад расстрэл, але смяротны прысуд быў заменены турмой...

Хутка школа (у сакавіку 1862 года) была пераведзена ў горад Кунеа, і яе дырэктарам стаў таксама польскі генерал — Юзаф Высоцкі, удзельнік паўстання 1830-га. А яшчэ яму давялося ўдзельнічаць у Венгерскай рэвалюцыі 1848 года, супраць Габсбургаў, дзе ён у якасці камандзіра польскага легіёна змагаўся плячо ў плячо з баявым таварышам, знакамітым Лаяшам Кошутам. І Мераслаўскі, і Высоцкі, умудроныя вялікім жыццёвым вопытам, былі ў вельмі дружалюбных зносінах з маладым Зігмундам, нягледзячы на значную розніцу ва ўзросце.

Падрыхтоўка ў школе вялася па трох напрамках: пяхотным, артылерыйскім ды кавалерыйскім. І вучобу прайшлі больш за 200 курсантаў — палякаў ды беларусаў, сярод якіх пазней асабліва праславіўся Раман Рагінскі, будучы рэвалюцыйны камісар Падляшскага ваяводства. Ён гераічна прайшоў з баямі па Пінскім, Брэсцкім і Кобрынскім паветах, пакуль не быў арыштаваны ды асуджаны на смерць, якую замянілі на пажыццёвую катаргу…

Так здарылася, што ў ліпені 1862-га Польская ваенная школа як кузня афіцэрскіх кадраў была ліквідавана італьянскім урадам пад націскам Расіі. Гарыбальдзі ў гэты час рыхтаваў сваіх салдат-валанцёраў да паходу на Рым супраць караля Віктора-Эмануіла ды папскіх рэгулярных войскаў, і яму было не да праблем польскай школы. Але сваю справу школа паспела зрабіць выдатна. Большасць курсантаў вярнулася на радзіму, каб змагацца за свабоду, хтосьці ўліўся ў армію Гарыбальдзі, а Зігмунд Мінейка апынуўся ў Балгарыі, якая ў той момант знаходзілася пад туркамі, дзе дапамагаў будаваць чыгунку, так бы мовіць, “павышаў сваё прафесійнае майстэрства” ў галіне будаўнічай інжынерыі.

Там, у першых чыслах

сакавіка 1863 года, Зігмунда

заспела паведамленне пра тое,

што ў ноч на 23 студзеня

ў Варшаве пачалося паўстанне,

якое хутка, як полымя па ветры,

перакінулася на тэрыторыю

Гродзенскай і Віленскай губерняў.

Там з’явіліся першыя атрады інсургентаў, што прыбылі з Польшчы. Не затрымліваючыся ні на гадзіну, Мінейка кружным шляхам, праз Галіцыю ды Прусію, ранняй вясной дабраўся да Вільні.

Хутка ён увайшоў у Літоўскі правінцыйны камітэт — цэнтр па падрыхтоўцы паўстання. Яго з восені 1862 года ўзначальваў К.Каліноўскі. З Вільні Зігмунд у якасці “падрыхтаванага афіцэра” быў прызначаны ваенным начальнікам Ашмянскага павета і спачатку здзейсніў “інспекцыйную” паездку па Гродзеншчыне, дзе, можна зрабіць здагадку, сустракаўся з В.Урублеўскім, К.Ясінскім, Р.Траўгутам і Ф.Ражанскім — наваяўленымі камандзірамі паўстанцкіх атрадаў. А калі дабраўся да родных Ашмян, пачаў збіраць атрад інсургентаў. Асабіста хадзіў па хатах, знаёміў непісьменных і напаўпісьменных сялян з маніфестам да народу з заклікам да паўстання, падрыхтаванага Літоўскім правінцыйным камітэтам, горача запэўніваў землякоў у справядлівасці той народнай справы, за якую ён і яго таварышы гатовы аддаць жыццё…

Дамовіліся сустрэцца на зборным

пункце каля Гальшан. Натхнёны

Зігмунд разлічваў сустрэць

не менш за тысячу касінераў,

але яго чакалі...

толькі чалавек трыццаць.

Не выказаўшы расчаравання, Мінейка пачаў наводзіць дысцыпліну, заказаў для сялян некалькі тысяч кос, насаджаныя на дрэўкі, раздабыў невялічкі арсенал ружжаў і шабляў. Але атрад павялічыўся толькі на два дзясяткі чалавек: простыя сяляне не вельмі ахвотна паддаваліся ўгаворам “пана”. Мабыць, на іх розум больш рабілі ўплыў расійскія ўлёткі, дзе было сказана, што мяцежныя “паны ваююць за вяртанне прыгоннай няволі”.

Пасля некалькіх сутычак з рускімі рэгулярнымі атрадамі касіянеры Мінейкі адышлі ў бок Налібоцкай пушчы, каб аддыхацца і папоўніць запасы харчавання. Але 15 чэрвеня царскі атрад нагнаў паўстанцаў у балотах ля вёскі Расолішкі (гэта за 65 кіламетраў ад Ашмян). Мінейка арганізаваў засаду і вырашыў прыняць бой. Паўстанцы раптоўна атакавалі салдат, якія пачалі адступаць. Але ў разгар бою адзін з касіянераў быў забіты, і гэтая смерць так уразіла астатніх, што ў паніцы ўсе пакідалі косы ды схаваліся ў глыбіні лесу…

Мінейка, разгублены такім нечаканым вынікам, застаўся зусім адзін. Побач нікога не было: ні салдат, ні нядаўніх паплечнікаў. Што рабіць? І ён пацягнуўся да бліжэйшай хацінкі лесніка. А там у гэты час напрапалую гулялі мужыкі. Пабачыўшы незнаёмца ў шляхецкай вопратцы, счарнелай ад дыму, ды яшчэ з шабляй, сяляне абкружылі яго, наваліліся, звязалі, скінулі на калёсы і завезлі ў Ашмяны. Адтуль яго даставілі ў Вільню, дзе ў ліпені 1863 года адбыўся хуткі суд…

Мне здаецца, што Мінейка быў гатовы да самага жорсткага прысуду. А ці ведаў ён, што паўстанне загадзя было асуджана і што сяляне ў сваёй большасці не падтрымаюць яго? Цяжка сказаць... Пра гэта ён не піша ў сваіх мемуарах. Сапраўды, толькі 18 працэнтаў сялянства Гродзенскай і Віленскай губерняў спачатку ўзялі ў рукі зброю. У астатніх рэгіёнах краю працэнт быў яшчэ меншы. Асноўныя сілы паўстанцаў складалі шляхцічы (больш за 70 працэнтаў), у тым ліку збяднелыя, якія не здолелі пацвердзіць сваё паходжанне, і шляхецкая чэлядзь, а таксама студэнты, мяшчане, чыноўнікі, некаторыя дзеючыя ды адстаўныя ваенныя. Дадам, што большасць беларусаў тады лічыла сябе палякамі, і таму большасць гісторыкаў называе паўстанне чыста шляхецкім па сваім характары.

Драма вызваленчага руху была яшчэ і ў тым, што шмат бедных людзей ставіліся да шляхты надзвычай варожа. Стагоддзямі назапашаная нянавісць да польскага пана знайшла выяўленне і ў рэальнай дапамозе расійскім атрадам М.Мураўёва, і ў нясенні са зброяй у руках ахоўнай службы наўкол сваіх вёсак…

Вось у такую драматычную сітуацыю і трапіў Зігмунд Мінейка, калі, здавалася б, “свае” людзі, за якіх ён змагаўся, ледзь не прывялі яго на эшафот. Кажуць, у сваёй хаце і сцены дапамагаюць, але ў дадзеным выпадку — “сцены” ў вобразе народа не дапамаглі...

Рашэнне суда было адназначнае: Зігмунду Мінейку вынеслі смяротны прысуд. Яго чакала шыбеніца. Але з-за хваробы Зігмунда часова змясцілі ў турэмны лазарэт: хворых, пакуль тыя не ачуняюць, тады не каралі. Менавіта ў гэты час у Вільню прыехала міжнародная інспекцыя, якая пажадала наведаць і турэмны лазарэт, каб паглядзець, у якіх умовах утрымліваюцца асуджаныя на смерць. А галоўным інспектарам з’яўляўся ўчарашні германскі пасланнік у Расіі і блізкі сябра расійскага міністра замежных спраў А.Гарчакова — не хто іншы, як будучы першы канцлер Германскай імперыі Карл Ота фон Бісмарк! Праўда, ён ужо некалькі месяцаў таму быў прызначаны паслом у Францыі, але цесных сувязей з высокімі ўрадавымі чынамі ў Санкт-Пецярбургу не страчваў.

Дык вось, калі Бісмарк увайшоў у віленскую турму, то са здзіўленнем пабачыў, што зняволены Мінейка чытае ў адзіночнай камеры адзін з шасці тамоў кнігі на французскай мове “Histoire de la prostitution” П’ера Дзюфура, якая з’явілася ў свет у Парыжы літаральна дзесяць гадоў таму — на пачатку 50-х XIX стагоддзя. Даследаванне было прысвечана жыццю і норавам цудоўных ды нястомных “начных матылькоў” — пачынаючы ад старажытнасці і да новага часу. Думаю, што такая кніга нейкім чынам дапамагала Зігмунду бавіць апошнія дні перад смяротнай карай…

Дарэчы, на рускую мову гэтая своеасаблівая энцыклапедыя была перакладзена ў 1908-м, выйшла ў Санкт-Пецярбургу і карысталася вялікім поспехам. У студэнцкія гады я бачыў тое выданне ў ленінградскай бібліятэцы імя М.Салтыкова-Шчадрына, і, шчыра кажучы, яно зрабіла на мяне ўражанне, асабліва — незвычайнымі ілюстрацыямі. Імя мастака не памятаю, але чамусьці запомніў назву выдавецтва: “Выдавецкі дом “Сакрэт жыцця”.

Дык вось, Бісмарка вельмі зацікавіў прыгавораны да смерці чалавек, і яны, зразумела, у прысутнасці варты, разгаварыліся, пераходзячы з нямецкай мовы на французскую і наадварот. Дакладна не вядома, пра што яны размаўлялі, але вядома іншае. Праз дваццаць гадоў першы канцлер Германскай імперыі адзначыў, што нядрэнна было б “пасадзіць у наш парламент аднаго паляка, якога я аднойчы бачыў у рускай турме”, маючы на ўвазе Мінейку. Так ці інакш, Бісмарк, дзякуючы свайму высокаму аўтарытэту ва ўрадавых колах Расійскай імперыі, угаварыў віленскі “высокі суд” захаваць жыццё Зігмунду. Дванаццаць гадоў катаргі на сібірскіх Нерчынскіх рудніках — такі быў апошні прысуд “мяцежніку”.

Але існуе і іншая версія

ўратавання Мінейкі ад шыбеніцы.

Нібыта маці Зігмунда — Цэцылія праз графа Эдуарда Татлебена, свайго сваяка, звярнулася да імператрыцы Марыі Аляксандраўны з просьбай аб памілаванні сына, але ейны ліст застаўся без адказу. І тады мужная і прывабная Цэцылія на свой страх ды рызыку пайшла, можна сказаць, на дзяржаўнае злачынства: уручыла хабар у дзевяць тысяч рублёў (сума па тых часах вялізная!) самому генерал-губернатару Міхаілу Мураўёву і яго памочніку генералу Васільеву. Але падкрэслю, што падрабязнасцей дадзенай гісторыі не ведаю, адпаведных доказаў не бачыў (можа, уся гэтая небяспечная “гульня” з хабарам — чыясь выдумка?), але вынік — той жа самы: дванаццаць гадоў катаргі. Я больш схіляюся да першай версіі, бо не думаю, што Мураўёў пайшоў на гэта…

(Працяг будзе.)


Чытайце таксама папярэднія часткі матэрыяла пра Зігмунда Мінейку:
Частка І, Частка ІІ, Частка ІІІ, Частка ІV.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"