Канцэпцыя аднаго маршруту на памежжы

№ 36 (1110) 07.09.2013 - 14.09.2013 г

Рамантычныя руіны ўтопіі: ці зробяць іх кансервацыю суседзі? / Турпраект “К”: па колішнім Віленскім краі

(Працяг. Пачатак у № 34.)

Перасячэнне мяжы з Літвой на веласіпедзе — вельмі добры спосаб адчуць перавагі гэтага віду транспарту перад усімі іншымі. Аб’ехаўшы вялізную калону фур ды злавіўшы зайздросныя позіркі “дальнабояў”, ты неўзабаве ўжо прасоўваеш свой пашпарт у акенца і... вуаля! На ўсю справу  — якія паўгадзіны. Мяжы з Еўрасаюзам мы асабліва і не заўважылі. Паабапал дарог былі такія ж самыя прыгожыя краявіды, такія ж самыя дагледжаныя вёскі ды мястэчкі (са звыклай лыжкай дзёгцю ў выглядзе якой закінутай фермы), ды і самі дарогі ў нас зусім не адрозніваюцца ў горшы бок — у тым ліку і на “другасных напрамках”.Карацей, падарожнічаць на веласіпедзе — самы раз. Асабліва калі збочыць з хуткасных магістралей.

/i/content/pi/cult/444/9259/1-1.jpeg

Абаянне сціплай манументалістыкі

Маршрут па слядах Міцкевіча можна прадоўжыць у цяперашнім райцэнтры Шальчынінкай. “Ліліпуцкі” помнік, устаноўлены замест подыума на вялізнай бетоннай дузе, цікавы хіба як кур’ёз. Затое на старых каталіцкіх могілках усталявана шыльда, згодна з якой менавіта тут у лістападзе 1821 года будучы класік прасякнуўся народным абрадам Дзядоў.

Літаратуразнаўца і перакладчык аднайменнай паэмы Сяргей Мінскевіч, да якога мы звярнуліся па кансультацыю, да такой версіі ставіцца скептычна. Маўляў, спецыялісты лічаць інакш: Міцкевіч натхняўся, хутчэй за ўсё, на роднай Навагрудчыне. Але сціплы твор мемарыяльнага мастацтва робіць чароўную справу: яму верыщ...

Зрэшты, колькі мы ні дапытваліся, што ж такое звязвае тыя мясціны і з Каліноўскім, якому быў устаноўлены помнік намаганнямі беларускай дыяспары, нічога ў адказ не пачулі. Гістарычнага бэкграунду ў гэтых мясцінах бракуе: “зорны час” для звычайнай вёскі Вялікія Салечнікі пачаўся хіба гадоў сорак таму. Але пры гэтым сёння ўжо не скажаш, што турысту (асабліва беларускаму) там няма чаго рабіць. З дапамогай зусім не мудрагелістых спосабаў прыкметна вырас лік патэнцыйных аб’ектаў паказу, які раней вычэрпваўся сціплым сядзібным домам нейкіх паноў з інтрыгоўным прозвішчам Вагнер.


Шэдэўры па-тургельску

Росквіт “рэтраспектыўных стыляў” на захадзе Расійскай імперыі заканамерна прыпаў на пачатак ХХ стагоддзя, калі лібералізацыя рэлігійнай палітыкі ўмомант выклікала каталіцкі будаўнічы бум. Цяжка патлумачыць, чаму, але ў яго эпіцэнтры апынулася менавіта Віленская губерня. І ўжо зусім няўцям, чаму галоўныя шэдэўры той пары з’явіліся акурат у тых мясцінах, якія цяпер сталі памежнымі: сціплых, здавалася б, вёсках або мястэчках Відзы, Гервяты, Нача... Іх пералік будзе няпоўны і без папраўдзе ўражальнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Тургеляй, што па той бок мяжы.

/i/content/pi/cult/444/9259/10-3.jpeg

Касцёл у Тургеляі з унікальнай аздобай "друзам".

І гэта не проста паўтор форм віленскага барока. Галоўная “разыначка” архітэктуры — нібы “інкруставаны” друзам фасад (нічога падобнага нам бачыць раней не даводзілася!) — наўрад ці магла з’явіцца пры будаўнічых тэхналогіях канца ХVIII стагоддзя. І што цікава — той друз на сваіх вазах цягаў не хто іншы, як мясцовыя сяляне, яны ж і на будоўлі працавалі “на валанцёрскіх пачатках”. Такія вось простыя сакрэты вясковых шэдэўраў...

Колішнія Тургелі збольшага захавалі атмасферу мястэчка. У вечаровы час на плошчы назіраецца няспешны рух, а з вокнаў Дома культуры гучыць песня ў харавым выкананні. Пачуўшы яе, не маглі не прыпыніцца: песня была... па-беларуску!

— Што ж вы не папярэдзілі загадзя, што прыедзе такая дэлегацыя! — сустрэла нас кіраўнік тутэйшага фальклорнага ансамбля “Тургелянка” Уладзіслава Шылабрыт. — Мы вас так проста не адпусцілі б... А зараз, выбачайце, часу няма: рыхтуемся да выступлення на фестывалі. Літаральна дзве рэпетыцыі да ад’езду ў вашу краіну…

І ў доказ кіраўнік ансамбля “падгаварыла” сваіх кабет ізноў заспяваць песню на беларускай мове. Ды якую вясёлую, гарэзлівую! Напэўна, за доўгія часы вандровак мы такіх гумарных кампазіцый і не сустракалі.

— У Тургелях быў знаны кірмаш, — раскрывае нам крыніцу тых забаўных гісторый Уладзіслава Шылабрыт.  — Якіх толькі здарэнняў там ні было! — і тургелянскія паненкі зноў паднеслі нам “хіт”, які аказаўся яшчэ весялейшым за першы.

Яшчэ мы высветлілі, што “Тургелянка” — калектыў, які выступае не толькі ў межах Літвы. Аснова яго рэпертуару, па словах удзельнікаў, — традыцыйныя спевы і абрады Вільнюскага краю. Прытым ансамбль прытрымліваецца аўтэнтычнай манеры выканання песень, якую можна апісаць як сумесь спеваў і простай гаворкі. Мова кампазіцый — польская, літоўская і беларуская.

Не дзіва, што такі самабытны калектыў карыстаецца папулярнасцю, падумалася нам. Бо, па сутнасці, ён ва ўнікальнай манеры дэманструе багацце песенных традыцый віленскага краю, якія захаваліся да гэтай пары. І для нас вялікая ўдача вось так нечакана пазнаёміцца з жартамі па-тургельску, якія маглі б скласці канкурэнцыю і габраўскім.


Ад Мосара да Паўлава...

Літаральна за некалькі кіламетраў ад Тургеляя паабапал дарогі відаць старыя руіны. Гэта — без перабольшвання, найвялікшая адметнасць Шальчынінкайскага раёна, месца, унікальнае не раўнуючы ва ўсім свеце. Ды, прызнацца, мы даведаліся пра гэты аб’ект толькі на стадыі падрыхтоўкі маршруту.

/i/content/pi/cult/444/9259/10-2.jpeg

Памятка пра колішнюю Рэспубліку Паўлава, Канстытуцыя якой з'явілася раней за Канстытуцыю Рэчы Паспалітай.

У другой палове XVIII стагоддзя эліта ўсёй Еўропы пад уплывам ідэй асветніцтва, нарэшце, звярнула ўвагу на праблемы самай “дыскрымінаванай” часткі грамадства — сялянства. У адрозненне ад “заканадаўцы моды” Францыі, флагманам гэтага трэнда ў ВКЛ сталі не вынаходнікі гільяціны, а віленскае каталіцкае духавенства — прыкладна за два стагоддзі да з’яўлення “моднай” сёння тэалогіі вызвалення! Далей за ўсіх пайшоў ксёндз Павел Ксаверый Бжастоўскі: ён выкупіў лядашчы маёнтак Мерач ды вырашыў зладзіць там своеасаблівы сацыяльны эксперымент.

У 1767 годзе на тэрыторыі сядзібы паўстала незалежная Рэспубліка Паўлава — са сваімі двухпалатным парламентам, судом, войскам, сістэмай адукацыі і аховы здароўя... Пад час выбараў сяляне выбіралі сялян, што на той момант здавалася нечым неверагодным. Прыгоннае права было, лічы, скасавана, зямлю падзялілі паміж гаспадаркамі, укараняліся прагрэсіўныя сельскагаспадарчыя тэхналогіі... Эканамічны вынік такіх рэформ не прымусіў сябе чакаць, і сяляне ахвотна пранікліся ідэямі “дзіўнага пана”.

Кіраўніцтва Рэчы Паспалітай прыязна паставілася да такога замаху на ўласны суверэнітэт. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі наведаў Рэспубліку Паўлава ды ўручыў яе стваральніку найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду — Ордэн Белага Арла. А ў красавіку 1791 года Сейм адобрыў і канстытуцыю дзяржавы, прычым здарылася гэта амаль за месяц да зацвярджэння ўласна Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, якую многія лічаць першай у Еўропе (забываючыся, праўда, на Статут ВКЛ).

Але існаваць той атмасферы вольніцы заставалася нядоўга. Пасля паражэння паўстання Касцюшкі, самы чынны ўдзел у якім узяло і “войска” Рэспублікі Паўлава, ксёндз Бжастоўскі прадаў свой маёнтак ды з’ехаў за мяжу. Перад новым уласнікам ён паставіў абавязковую ўмову захаваць ранейшыя звычаі, аднак...

/i/content/pi/cult/444/9259/10-4.jpeg

На руінах Рэспублікі Паўлава.

На карціне вядомага французскага мастака Франсуа-Ксаўе Фабра мы бачым маркотнага ксяндза Бжастоўскага, што прытуліўся да парослай травой зламанай калоны, на барэльефе якой — урачыстая сцэна з жыцця рэспублікі. Метафара тут зразумелая... На другім плане — будынкі сядзібы, нібы спусцелыя, але... усё ж пакуль цэлыя. Гістарычныя падзеі ўжо ХХ стагоддзя ўнеслі ў гэты краявід свае карэктывы.

Творчай спадчыне архітэктара Карла Спампані ўвогуле жудасна не пашчасціла: ад шыкоўных некалі палацаў засталіся альбо вартыя жалю руіны (у Радзівілімонтах ды Сёмкаве), альбо і наогул адны ўспаміны (у Шчорсах і Заслаўі). Паўлава пакуль трапляе ў першую катэгорыю.

Мяркуючы па фотадакументацыі з Інтэрнэту, яшчэ пару-тройку гадоў таму нам давялося б прадзірацца да рэліквій утопіі цераз крапіву ды бур’ян... Сёння ж “джунглі” атачаюць толькі тыя руіны, што аддзелены ад асноўнай часткі ансамбля збудаванай у савецкі час шашой. Тэрыторыя сядзібы дбайна добраўпарадкавана, паміж яе аб’ектамі насыпаны жвіравыя дарожкі, ля кожнага з іх — інфармацыйны шчыт на некалькіх мовах, абсталявана спецыяльная аўтастаянка са сметніцай і нават прыбіральняй...

Карацей, мы прыехалі ў сапраўдны турыстычны аб’ект, дзе руіны прасякнуты настальгічным сплінам. Так, адначасова яны таксама набрыньваюць і вільгаццю, якая спрыяе далейшаму разбурэнню: ніякай кансервацыі ў рэштках сядзібы не праводзілася. Але... Тут варта заўважыць, што ўсё гэта рабілася менавіта сіламі ўлад маленькага ды небагатага раёна, а зважаючы на кошт рэстаўрацыйных работ...

— Мусіць, вы прыехалі паглядзець на наш помнік! — запытала бабуля, што праходзіла міма. Менавіта “помнік”, а не “тую развалюху”. Не прыгадаем, каб хто з мясцовых на нашым веку характарызаваў родныя руіны словам “помнік”.

На Беларусі падобных цікавостак — поўны кош. Скажам, сядзіба “электрычнага чалавека” ў вёсцы Наднёман, якая дайшла да нас у тым жа самым стане, што і Рэспубліка Паўлава. Таму для нашых раённых улад гэты немудрагелісты прыклад павінен стаць адэкватным адказам на спрадвечнае пытанне “Што рабіць?”.

Здавалася б, на ўтапічным праекце ксяндза Бжастоўскага сама гісторыя даўно паставіла тлустую кропку. Але... У біяграфіі святара ёсць папраўдзе знамянальны факт. Як выявілася, нарадзіўся ён у вёсцы Мосар тагачаснага Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. Прыкладна праз два стагоддзі па знікненні Рэспублікі Паўлава ў Мосар прыехаў працаваць пробашчам іншы ксёндз, перакананы ў тым, што яго місія не абмяжоўваецца службай пры алтары, — светлай памяці Юозас Булька. І збудаваная ім кветкавая “ўтопія” працягвае жыць.


“Маёнтак на рэстаўрацыі”

Перад тым, як рушыць на Вільнюс, не здолелі мы абысці ўвагай яшчэ адно мястэчка гістарычнай Віленшчыны — Яшуны. У XIV — XVI стагоддзях — уладанні Радзівілаў, пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай яны сталі ўласнасцю Ігната Балінскага, бацькі вядомага гісторыка і публіцыста Міхала Балінскага. А пасля таго, як Міхал узяў шлюб з Соф’яй Снядэцкай, пляменніцай прафесара і рэктара Віленскага ўніверсітэта Яна Снядэцкага, сядзіба стала належаць двум сямействам.

Аб’яднанне родаў пайшло на карысць Яшунам: у 1824 — 28 гг. з дапамогай слыннага дзядзькі Сафіі ў мястэчку быў пабудаваны палац, разбіты парк  — і сядзіба ператварылася ў сапраўдны культурны цэнтр Вілейшчыны. Па звестках, у Яшунах любілі гасцяваць наш стары знаёмы літаратар і геолаг, сябра Адама Міцкевіча, Тамаш Зан, паэт і драматург Юліюш Славацкі, паэт і перакладчык Антоній Эдвард Адынец, біскуп віленскі, доктар тэалогіі Андрэй Бенедыкт Клангевіч, не абышлося, кажуць, і без постацей Путкамераў. Бываў у сядзібе Снядэцкіх-Балінскіх і Адам Міцкевіч, аднак спрэчкі наконт метафізічных паняццяў з Янам Снядэцкім, кажуць, не спрыялі далейшым візітам паэта да славутага аўтара біяграфіі Мікалая Каперніка.

Як бы там ні было, але прамінуць гэтую сядзібу, што захавалася да нашых часоў, мы не маглі.

Якім жа было расчараванне, калі, зрабіўшы “крук” за некалькі кіламетраў, на металічных варотах да маёнтка мы ўбачылі шыльду з надпісам: “Уваход забаронены. Ідуць рэстаўрацыйныя работы”! На ўваходзе нас сустрэла руплівая даглядчыца, што ўбачыла ў нашых постацях патэнцыйных парушальнікаў парадку “рэжымнага аб’екту”. “Калі я вас пушчу, мяне звольняць з працы”, — такім быў яе катэгарычны адказ.

Тут самы час узгадаць словы фінальнай песенькі з мультфільма “Пластылінавая варона” пра небяспечнасць знаходжання ў “зоне будаўніцтва”, але ж вельмі шкада было, знаходзячыся за пару метраў да аб’екта, так і не ўбачыць яго на ўласныя вочы.

— Трапіўся вам добрасумленны работнік, — пракаментавала нашу сустрэчу ў Яшунах прадстаўнік аддзела турызму і інфармацыі адміністрацыі Шальчынінкайскага раёна Ірэна Каласоўска. — І жанчына, адзначу, мае рацыю: рэстаўрацыйныя работы там у самым разгары…

З ініцыятывы адміністрацыі праект па адаптацыі сядзібы Снядэцкіх-Балінскіх да турпатрэб атрымаў дапамогу Еўрасаюза ў памеры каля 2 мільёнаў долараў. Напрыканцы снежня наступнага года мусіць быць завершаны першы этап адаптацыі, а далей — чакаецца дадатковае фінансаванне ў падобным памеры. У выніку сядзіба ператворыцца ў культурна-турыстычны цэнтр, дзе пад “адным дахам” размесцяцца канферэнц-зала, гасцініца, музей і кафэ.

— Аб’ект для інвестыцый быў абраны невыпадкова, бо ён знаходзіцца непадалёк ад Вільнюса, — паведаміла Ірэна Каласоўска. — І, у адрозненне ад Нарвілішскага замка, які аддадзены ў арэнду, мы будзем кіраваць яго справамі самі…

У гутарцы ўдалося дазнацца, што лёс музычнага фестывалю “Be2gether”, які ладзіўся на прыступках замка, невядомы.

— Мы зацікаўлены ў падзеі, — адзначыла спецыяліст, — яна робіць мясціны прывабнымі для гасцей, але фестываль — гэта дзіця Гедруса Клімкявічуса (прадпрымальніка, які ўзяў у арэнду Нарвілішскі замак. — Рэд.), і ён вырашае, калі яму быць…

Ініцыятывы ад бізнесмена, які вырашыўся на арэнду дзяржмаёмасці на 99 гадоў, пакуль не паступала. Што да работы мэрыі Шальчынінкайскага раёна ў дачыненні да спадчыны, то, акрамя праекта рэстаўрацыі сядзібы Балінскіх, у планах — стварэнне маладзёжнага цэнтра і рэнавацыя сядзібы ў Вількішкесе, які славіцца драўлянай архітэктурай.

— Марым пра кансервацыю Рэспублікі Паўлава, — дзеліцца задумамі спадарыня Каласоўска. — Аднак пакуль пра канкрэтныя крокі ў гэтым напрамку казаць зарана…

Ілья СВІРЫН, Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ, нашы спецыяльныя карэспандэнты

Воранаўскі раён (Беларусь) — Шальчынінкайскі раён (Літва)

Фота аўтараў

(Працяг будзе.)

Чытайце таксама першую частку артыкула - тут.