Здымак — праз дзесяцігоддзе

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

Не так даўно адзначаўся Дзень фатографа. Таму распавяду гісторыю старога фотаздымка з сямейнага альбома.

…Калі мая маці скончыла Гродзенскую жаночую гімназію, яна стала рыхтавацца да паступлення ў кансерваторыю. Ейная музычная адоранасць усіх здзіўляла, і яна, працуючы лабаранткай у паліклініцы, стала зарабляць грошы, каб плаціць настаўніку музыкі за ўрокі ігры на фартэпіяна. Улетку 1939 года яна паехала ў Варшаву і паспяхова здала ў кансерваторыі іспыт. Удзел ва ўладкаванні студэнткі прыняў варшаўскі прафесар музыкі. Ён дамовіўся з дырэкцыяй аб месцы для яе ў інтэрнаце, стаў хадайнічаць аб стыпендыі, паказваў ёй Варшаву… На адной з вулачак іх сфатаграфаваў вулічны фатограф, які сказаў, што за гатовымі фотакарткамі пан і пані могуць прыйсці да яго праз тыдзень. Пан прафесар усклаў на сябе клопат атрымаць іх. Маці вярнулася ў Гродна (у той час ён быў польскім горадам) і стала збірацца да пачатку навучальнага года ў Варшаву. Прастуда з тэмпературай затрымала ейны ад’езд, а праз некалькі дзён у Польшчы пачалася вайна… Заходняя Беларусь увайшла ў склад СССР і мяжа аказалася на замку…

/i/content/pi/cult/436/9078/1-1.jpeg

Тое самае фота з сямейнага альбома, што захавалася ў ваеннае ліхалецце.

У 1948 годзе, праз Чырвоны Крыж, прафесар музыкі расшукаў маці, напісаў ёй ліст з запрашэннем прыехаць у Варшаву і даслаў гэты даваенны фотаздымак, які захоўваў усю вайну… Звалі яго Адамам.

Мама была на той час ужо замужняя, нарадзіўся мой старэйшы брат, яна жыла ў СССР. Яны ніколі больш не сустрэліся…

Наталля ДОРАШ, журналіст

Гродна