“La Belle Ligne Сорына пастаіць за сябе…”

№ 25 (1099) 22.06.2013 - 29.06.2013 г

Як полацкі юнак узышоў на Алімп мастацтва

(Працяг. Пачатак у №№ 22 — 24 за 2013 г.)

…Калі Сорын упершыню сустрэў Мэры ў Тыфлісе, ён быў настолькі ўражаны і выглядам, і норавам яе, што потым кожны раз казаў сваім будучым мадэлям: “Чаму вы так сябе паводзіце? Уяўляеце сабе Мэры Эрыставу-Шэрвашыдзэ? Дык ведайце, што другой такой у свеце не існуе”. Партрэт Мэры мастак забраў з сабой у эміграцыю, калі быў вымушаны пакінуць Грузію, зямлі якой вось-вось збіраліся дакрануцца боты бальшавікоў. Праз гады ўдава Сорына — Ганна Сцяпанаўна, што дажывала свой век у Монтэ-Карла, спачатку збіралася перадаць партрэт савецкай Грузіі, аднак у апошні момант перадумала. І палатно, па яе завяшчанні, перайшло ва ўласнасць сям’і прынцаў Манака — Рэнье.

Наогул, для мяне сорынскія партрэты, акрамя ўсяго іншага, прывабныя яшчэ і таму, што яны даюць магчымасць бліжэй “пазнаёміцца” з біяграфіямі тых яго мадэлей, якія маглі б стаць сапраўднымі героямі цікавых раманаў ці мастацкіх кінасерыялаў. Я ўжо не кажу пра сусветна вядомых Шаляпіна, Паўлаву, Ахматаву, Горкага. А што казаць пра менш знакамітых асоб?

Дык вось, партрэт князя Сяргея Абаленскага пэндзля Сорына. Гэта — старэйшы сын Платона Абаленскага-Нелядзінскага і Марыі Нарышкінай, зразумела, з асяродка буйнога расійскага дваранства. Сяргей служыў у кавалергардскім палку і там жа ажаніўся з дачкой імператара Аляксандра II — найсвятлейшай князёўнай Кацярынай Юр’еўскай. У час Грамадзянскай вайны, зразумела, удзельнічаў у “белым” руху, але высокіх ваенных пасад не займаў. У сваіх мемуарах тлумачыў, што пасля кастрычніка 1917 года займаў актыўную антыбальшавісцкую пазіцыю, аднак Саветы яго не арыштавалі: за яго, быццам бы, “нязначнасць”, “малаважнасць”. Словам, на ўзроўні “Карнет Абаленскі, наліце віна!”. Пасля рэвалюцыі — у эміграцыі ў ЗША. А далей — яшчэ больш цікава. З пачаткам Другой сусветнай вайны Абаленскі стаў супрацоўнікам Упраўлення стратэгічных служб ЗША (папярэдніка ЦРУ), даслужыўся да падпалкоўніка. У 53 гады аказаўся найстарэйшым парашутыстам у амерыканскай арміі (першыя пяць скачкоў зрабіў у 1943-м) і стаў адным з заснавальнікаў спецназа ЗША…

Яшчэ адна карціна Сорына — “Тамара Карсавіна ў балеце “Сільфіды”. Знаўцы, канешне ж, ведаюць, што Карсавіна з 1902 па 1918 гг. танцавала ў Марыінскім тэатры, хутка стала прымай-балерынай. Удзельнічала ў дзягілеўскіх “Рускіх сезонах”, была музай балетмайстраў М.Фокіна, Л.Мясіна і вялікага танцора В.Няжынскага. Дарэчы, яна была адзінай жанчынай у “мастацкім савеце” антрэпрызы Дзягілева. Разумная, таленавітая, прыгожая жанчына прыцягнула ўвагу Савелія Сорына, і мастак у 1910 годзе адлюстраваў яе ў ролі Сільфіды, — паветраная, лёгкая, пранізаная святлом сцэнічная кампазіцыя мела вельмі вялікі поспех у гледачоў.

/i/content/pi/cult/432/8975/2-1.jpeg

С.Сорын. Нацюрморт.

У 1918-м Карсавіна разам з мужам — брытанскім дыпламатам Генры Бруксам — пакінула Расію і з’ехала ў Англію, дзе шмат гастралявала і дзе стала віцэ-прэзідэнтам Каралеўскай Акадэміі танца, аўтарам цікавых мемуараў і вучэбных дапаможнікаў па методыцы класічнага танца. А яшчэ яна ў сярэдзіне 1920-х нават здымалася ў кіно разам са знакамітай Лені Рыфеншталь.

Вось што піша М.Яўрэінаў пра гэтую карціну (1910 г.): “…Сорын — верны паладзін мастацтва Карсавінай (платанічны паклоннік Тамары Платонаўны!) — з максімальнай асалодай маляваў адзін час яе і толькі яе. Карсавіна! Якая дзіўная, якая чарадзейная форма для сорынскага зместу! Праўда, Сорын іншым разам засмечвае гэтую чыстую форму сусальна-залатой павуцінай, што тчэ часам яго кашэчая летуценнасць, але, тым не менш (трэба ведаць і Карсавіну, і Сорына), яго Карсавіны — чароўныя!..”

А вось як аналізуе Мікалай Мікалаевіч свой партрэт, для якога сам пазіраваў Сорыну: “…Не ведаю, ці дастаткова тонкае, ці дастаткова натхняльнае рэчышча даў мой твар для гэтага партрэта, але, мяркуючы па выніку, здаецца, даволі ўдалае. Я вельмі задаволены гэтым партрэтам. Мяркуйце самі! Варта яму было з’явіцца ў выданні “Солнце России”, як я імгненна атрымаў шмат лістоў ад невядомых прыхільніц, дзе мяне называлі “дусяй”, “коцікам”, “прыгажуном” — карацей, эпісталярна напаілі гарбатай з клубнічным варэннем. “Мілы Коцік...” — піша адна. Як гэта слушна! І на самой справе, які я “коцік”, які я “Сорын” на гэтым чароўным палатне! Такі ціхі… Добры. Скажы мая служанка, што я крычу па глупствах, — ніхто не паверыць. Характар роўны, спакойны. Анёл, а не чалавек. У рамку — ды павесіць. Павесіць ды маліцца. Я так і зрабіў…” Наогул, чароўны свет тэатра, музыкі, балета заўсёды быў прэрагатывай творчасці мастака. Каго ён толькі ні пісаў: Міхаіла Фокіна з яго антычнай пластыкай цела і бліскучую ды недасяжную Ганну Паўлаву (партрэт вывез з пераможанай Францыі ў Германію “аматар прыгожага”, рэйхсмаршал Герман Герынг; пасля заканчэння вайны твор быў вернуты ў Францыю), вялікага харэографа і заснавальніка амерыканскага балета Джорджа Баланчына і амерыканскую зорку нямога кіно Ліліян Гіш, кампазітара-авангардыста, музыказнаўцу Артура Лур’е, палюбоўніка Ганны Ахматавай (дарэчы, народжанага ў Прапойску — сённяшнім Слаўгарадзе, — што на Магілёўшчыне) і харэографа-”дзягілеўца” Леаніда Мясіна, французскую танцоўшчыцу рускага паходжання Ірыну Баронаву, а таксама іншых балерын — Наталлю Красоўскую, натхнёную, жаноцкую, хрупкую Вольгу Спясіўцаву. А побач — пісьменніца Надзея Тэфі і прынцэса Елізавета, будучая каралева Англіі, герцагіня Марыя Расэл і дачка Шаляпіна — Марыя…

/i/content/pi/cult/432/8975/2-2.jpeg

С.Сорын. Партрэт князя Сяргея Абаленскага.

Вось цудоўны партрэт Наталлі Каванька — рускай кінаактрысы, зоркі гандлёвага кінадома “Двігапіс”, жонкі вядомага тады кінарэжысёра Віктара Туржанскага. Абодва яны эмігрыравалі з Ялты ў Грэцыю, потым пераехалі ў Францыю. Здымалася ў Галівудзе. “Цудоўная зорка кінематографа, нервовая і ўражальная артыстка, якая жыве непраўдападобным жыццём экрана і якая асляпляльная чартоўскім агнём пражэктараў, царыца натоўпу і яе нявольніца”, — пісаў у 1926 годзе пра гэты сорынскі партрэт Аляксандр Купрын у парыжскай газеце “Русское время”. Пасля разводу з мужам у 1935-м Наталля Іванаўна вярнулася ў СССР. Пайшла з жыцця ў Кіеве ў 1967 годзе…

Мабыць, няма сэнсу пералічваць хаця б “цвіковыя” партрэты майстра — іх у яго сотні, зробленых з натуры і ў Расіі, і ў Грузіі, і ва Украіне, і ў Заходняй Еўропе, і ў ЗША. Шкада, канешне ж, што сляды памяці пра сваю малую радзіму — Полаччыну, хаця б у партрэтным “ракурсе”, ён так і не пакінуў сваім нашчадкам, не лічачы партрэтаў землякоў: актрысы Аляксандры Зорынай, эмігранткі і сяброўкі Шаляпіна, народжанай напрыканцы XIX ст. у Бабруйску, і ўжо згаданага Артура Лур’е з Прапойска.

Вось тут у мяне ўзнікае пытанне: чаму ўсё ж такі Савелій Сорын, пакінуўшы родны горад яшчэ ў юнацтве, больш не знайшоў часу прыехаць сюды — хаця б на кароткі тэрмін, каб наведаць сваіх бацькоў ды прыхваткамі намаляваць партрэт нейкага славутага палачаніна ці прыгажуні-палачанкі? Хачу высказаць сваё асабістае меркаванне на гэты конт. Справа ў тым, што сям’я Сорыных была своеасаблівай у шэрагу іншых полацкіх сем’яў. Відаць, галоўным аўтарытэтам сорынскага клана была маці. Бацька Абрам Сорын ціха-мірна займаўся дробным рамяством, у асноўным, кравецтвам, штосьці паспяхова прадаваў, а вось маці... Маці была членам рэлігійнай секты малаканаў (разнавіднасць духоўнага хрысціянства), якія не прызнавалі крыжа ды ікон, не елі свініны, не ўжывалі алкаголь, не курылі, а ў посныя дні скарыстоўвалі толькі малако (ці не адсюль назва секты?). Праўда, напрыканцы XIX — на пачатку XX стст. малаканы жылі, галоўным чынам, на Паўночным Каўказе, у Грузіі і Арменіі, ва Украіне і Цэнтральнай Расіі — у Беларусі іх было зусім не шмат. Але былі.

Хутчэй за ўсё, на глебе непаразуменняў у адносінах да такой рэлігіі паміж юнаком Савеліем і маці (а можа, і бацькам) і адбылася сямейная драма, у выніку якой будучы мастак назаўсёды збег з дому, каб самастойна, талерантна ставячыся да ўсіх рэлігій, тварыць свой лёс. І пакуль не трапіў у Адэсу — каваў і загартоўваў свой характар у бурах нягод і ліхтугі, калі часам не было чаго есці і ў што адзецца. Можа, таму, калі стаў знакамітым ды ўдалым мастаком, ён так ненавідзеў беднасць ды пагарджаў ёю і ўсё жыццё імкнуўся быць “сваім” у вышэйшым ды элітарным свеце, дзе правяць баль не толькі багацце, але і талент. Вось чаму ён амаль ніколі не пісаў партрэты “маленькіх” простых людзей, усякіх там акакіяў акакіявічаў, сонечак мармеладавых, горкаўскіх басякоў ды іншых іонычаў. У гэтым Сорын быў падобны да свайго папярэдніка-земляка, бліскучага партрэтыста — Сяргея Заранкі, які добра ведаў сваіх багатых заказчыкаў, ведаў, каго, за што і як маляваць.

Але ці мог малады Савелій тады, у свае шаснаццаць гадоў, меркаваць, што, напрыклад, Рэпін будзе ягоным настаўнікам, а члены каралеўскай сям’і ў Лондане — яго заказчыкамі? Што ягонымі сябрамі стануць Шаляпін і Масквін, Качалаў і Станіслаўскі, Шагал і Судзейкін, Карсавіна і Паўлава, Бакст і Бенуа? Канешне ж, не, бо ён тады наогул не ведаў нават іхнія імёны. Але кола Фартуны аддало сваё стырно вытанчанаму шчасліўцу Сорыну, і той яго не выпускаў з рук да канца свайго жыцця...

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"