"Праз усю вайну": вяртанне нявыкананай песні

№ 22 (1096) 29.05.2013 - 29.05.2013 г

Рукапіс збірае ўспаміны

У архівах Уладзіміра Мулявіна, частка якіх захоўваецца ў ягонай дачкі Марыны, быў знойдзены рукапіс партытуры яго песні “Беларусь збірае сяброў” на словы Валянціна Тараса, што прызначалася для цыкла “Праз усю вайну”, але так і не была выканана (гл. “К” № 19 за 2013 г.). Гітарыст і аранжыроўшчык “Песняроў” у 1978 — 1985 гг., заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ткачэнка, выказаўшы меркаванне, што аранжыроўка належыць Ігару Паліводу, пагадзіўся зрабіць з яе клавір, каб песня магла быць даступнай усім, хто пажадае яе выканаць. Мы патэлефанавалі яму, каб даведацца, як ідзе справа. А да таго ж, звярнуліся да ўдавы пісьменніка Рэгіны Бакуновіч: можа, яна памятае, як вялася праца над песняй?

/i/content/pi/cult/429/8860/7-1.jpeg

У кнізе Валянціна Тараса “На выспе ўспамінаў” такая песня не згадваецца. Але ж і сама тая кніга — не зусім мемуары! А тым больш — зусім не дзённік-штотыднёвік, бо аўтар імкнецца ў ёй не да падрабязнага “жыццяпісу”, а да блукання па сцежках набалелых праблем.

— На жаль, я наўрад ці змагу вам чымсьці дапамагчы, — кажа Рэгіна Дзмітрыеўна. — Мулявін прыходзіў — яны зачыняліся і працавалі. Са Светай, ягонай жонкай (Святланай Пенкінай. — Н.Б.), мы былі знаёмы і раней. А з самім Мулявіным пазнаёміліся праз Паўла Якубовіча, які сёння ўзначальвае газету “СБ: Беларусь сегодня”. Менавіта ён параіў Мулявіну звярнуцца да Тараса. Той прыйшоў да нас — і пачалося супрацоўніцтва. Дарэчы, менавіта Тарас прапаноўваў Мулявіну для гэтага цыкла вершы іншых паэтаў: тых жа Аляксандра Твардоўскага, Аляксандра Пракоф’ева, якія ў гады вайны працавалі журналістамі, нашых — Янкі Купалы, Эдзі Агняцвет, Рыгора Барадуліна. Сам франтавік, ён падказаў і вершы іншых паэтаў-франтавікоў: Міхаіла Кульчыцкага, які загінуў у гады вайны, Сямёна Гудзенкі, Навума Кісліка, што пайшлі на фронт добраахвотнікамі і былі цяжка паранены... Мулявін быў задаволены, дый Валянцін працаваў з вялікім задавальненнем. А ўжо на прэм’еры ў філармоніі быў сапраўдны трыумф! Для нас гэта таксама было свята: завершана буйная праца, публіка цыкл прымала горача, Мулявін запрасіў нас у рэстаран… Шкада, што потым цыкл неяк “разышоўся” па асобных частках. Песні з яго ўключаліся ў канцэрты, але як цэласная праграма, здаецца, ён уражваў больш. І я нават не ведала, што туды, як аказалася, увайшло не ўсё напісанае...

Паспрабуем вылучыць уласныя версіі наконт таго, чаму песня ў цыкле не прагучала. Можа, па сваіх мастацкіх якасцях была слабейшай за астатнія? Не, гэта не так. Не падыходзіла па змесце? Яшчэ як падыходзіла! “Беларусь збірае сяброў” — пра пасляваенны час і пра тое, што памяць аб вайне жыве ў нашых сэрцах. Дык можа, песня не спалучалася з іншымі па стылі? Спалучалася. Але па сваім змесце яна павінна была б вянчаць цыкл, ідучы пасля частак “Вяртанне” на словы В.Тараса і “Апошнія залпы” на словы А.Твардоўскага. У выніку мог атрымацца падвойна-патройны фінал. І, калі разабрацца, гэта знізіла б філасофскі нерв праграмы. Бо “Вяртанне” — своеасаблівая “замалёўка з натуры”, рэальная карціна таго, як успрымалася доўгачаканая Перамога ў далёкім 1945-м. “Апошнія залпы” — выхад у іншую “рэальнасць”, на касмічную мяжу зямлі і нябёс, дзе ідзе развітанне з загінулымі: “запоўнены таварышамі бераг” пакрываецца смугой і сыходзіць у далячынь, заклікаючы жывых ужо не да помсты, а да асэнсавання ўсяго, што адбылося. І пасля гэтага новае “вяртанне на зямлю”, нават выратаваную ад ворагаў, усё ж успрымалася б прыніжэннем тэмы, сыходам ад “філасофскай касмічнасці” да побыту.

Ёсць і яшчэ адна дэталь. Пэўна, фінал з вершамі Твардоўскага, прызнанага савецкага класіка, мог падавацца таму ж Тарасу больш “этычным”, чым завяршэнне на “сабе самім”. І, у рэшце рэшт, — больш спрыяльным для далейшага “прасоўвання” ўсяго твора. Цыкл быў прымеркаваны да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і да такой жа гадавіны Вялікай Перамогі, выдадзены да гэтай даты на двайной грампласцінцы фірмы “Мелодыя”. Але некаторыя яго часткі ўспрымаліся дысанансам да “агульнапрынятых” ваенных успамінаў, бо з асэнсаваннем вайны ў сярэдзіне 80-х усё было не так “празрыста”. Таму імя Твардоўскага ажно ў трох песнях, уключаючы фінальную, магло стаць дадатковым “пропускам”. Але ўсё гэта — пакуль толькі здагадкі. Што ж у рэальнасці?

— Звесці ўсё да “куплета з прыпевам” аказалася не так проста, — кажа Уладзімір Ткачэнка, — бо пры кожным наступным паўторы штосьці крыху змяняецца, вар’іруецца. І каб зрабіць версію, агульнапрынятую ў друкаванні, з гэтых некалькіх варыянтаў хочацца ўзяць самае цікавае — і прывесці, як кажуць, “да аднаго назоўніка”. Чым больш займаюся гэтай партытурай, тым больш знаходжу дэталей, не заўважаных пры першым праглядзе. Знайшоў і памылкі-апіскі, якія дадаткова сведчаць, што партытура не выконвалася: такія “дробязі”, непазбежныя ў рукапісах, звычайна выпраўляюцца на першай рэпетыцыі. А падлічаная колькасць тактаў можа быць ускосным сведчаннем таго, што гэты экзэмпляр прызначаўся для бухгалтэрыі, бо аранжыроўкі аплачваліся ў прамой залежнасці ад тактавых рыс. Дайце яшчэ крыху часу — і неўзабаве зможаце надрукаваць клавір…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"