“La Belle Ligne Сорына пастаіць за сябе…”

№ 22 (1096) 29.05.2013 - 29.05.2013 г

Як полацкі юнак узышоў на Алімп мастацтва

24 мая ў час работы летняй школы журналістыкі Інстытута журналістыкі БДУ ў рамках VIII Беларускага Міжнароднага медыяфоруму “Партнёрства ў імя будучыні: гісторыка-культурная спадчына як фактар яднання” я ў якасці эксперта форуму расказаў яго ўдзельнікам, а таксама студэнтам пра нашу газету “Культура”. І асабліва падкрэсліў рубрыку “Вяртанне імёнаў”, што вяду вось ужо чацвёрты год. Адна студэнтка задала пытанне: маўляў, навошта “вяртаць” імёны тых дзеячаў культуры, якія, хаця і нарадзіліся тут, на нашай зямлі, але потым, на сваёй “другой радзіме”, ніколі, па сутнасці, не ўспаміналі Бацькаўшчыну, і тым самым не прынеслі ёй у сваім мастацтве ніякай карысці. Канешне ж, былі і такія “изгои”. Хаця хто ведае, што там рабілася ў іхніх душах, калі яны заставаліся ў адзіноце, сам-насам са сваімі думкамі далёка ад матчынай зямлі…

Так ці інакш, па гэтай вострай праблеме разгарэлася цэлая дыскусія, у якой прынялі ўдзел выдатныя журналісты і навукоўцы розных краін. У выніку, практычна ўсе падтрымалі мой тэзіс: трэба вяртаць імёны і такіх творцаў, якія з розных прычын страцілі глебу сваіх продкаў, сваіх бацькоў. Як ні круці, карані іх характараў, гуканне ментальнасці, першыя сляды мастакоўскіх здольнасцей назаўсёды засталіся ад той запаветнай зямлі, што іх нарадзіла. Канешне, манкурты сустракаліся заўсёды і зараз сустракаюцца, але хіба можна меркаваць па іх прыкладах пра культуру той або іншай нацыі?

Зараз жа я раскажу пра мастака, нашага земляка, складаны лёс якога прама не ўпісваецца ў беларускую выяўленчую культуру, урэшце, як і ў рускі, французскі, амерыканскі “фармат”. Аднак радзіма яго — найстаражытнейшы беларускі горад Полацк, дзе ён пражыў першыя чатырнаццаць гадоў свайго жыцця. І не думаю, што ён ніколі не ўспамінаў вуліцы ды завулкі сваіх продкаў, хаця, магчыма, ягонае дзяцінства, як і ў Хаіма Суціна, не было бясхмарным. Менавіта ў гэтым узросце, у Полацку, у юнака праявіліся незвычайныя здольнасці і любоў да рысавання. Але, як бы там ні было, дзяцінства, пагадзіцеся,  — гэта маральны фундамент усяго будучага жыцця чалавека. Ці не так?

Гаворка пойдзе пра Савелія Сорына, духоўнага паслядоўніка Энгра і непасрэднага вучня Кірыяка Кастандзі ды Ільі Рэпіна, — выдатнага партрэтыста 1-й паловы ХХ стагоддзя і эмігранта “першай хвалі”, які 8 мая 1920-га з Ялты, з дапамогай Зіновія Пешкава, эмігрыраваў на параходзе “Souirah” у Марсэль і потым надоўга пасяліўся ў Парыжы. Менавіта ў “культурнай сталіцы свету” ён стаў адным з самых паспяховых ды папулярных жывапісцаў-эмігрантаў. Падоўгу бываў у ЗША, дзе таксама быў, як кажуць, нарасхват у багатых заказчыкаў ды галерэйшчыкаў. У час Вялікай Айчыннай вайны Сорын востра перажываў лёс Радзімы і, падобна да Сяргея Рахманінава, выдаткоўваў вялікія грашовыя сродкі ў дапамогу Савецкаму Саюзу. Захаваўся ліст з адпаведнай падзякай, падпісаны Андрэем Грамыкам. Ёсць і лісты Сорыну ад І.Грабара і П.Канчалоўскага, у якіх выказвалася ўдзячнасць за пасылкі з ЗША ў Маскву фарбаў ды іншых мастацкіх матэрыялаў у дар савецкім мастакам. Дарэчы, апошнім жаданнем жывапісца, незадоўга да смерці, было перадаць свае творы ў калекцыі музеяў СССР.

Так здарылася, што менавіта сёлета, 4 лютага, споўнілася 125 гадоў з дня яго нараджэння, а 22 лістапада будзе 60 гадоў з дня смерці мастака. Такім чынам, гэты матэрыял, дарэчы, першы ў Беларусі, — таксама нейкі маленькі ўклад у гэтыя “круглыя” лічбы 75-гадовай біяграфіі нашага земляка.

/i/content/pi/cult/429/8853/15-2.jpeg

С.Сорын. Аўтапартрэт.

Што гэта быў за творца? У чым яго “разыначка”? Як ён маляваў свае вялікія партрэты, якія даводзіў алоўкам і акварэллю? Чаму так ахвотна яму ў розныя гады пазіравалі такія знакамітасці, як Ф.Шаляпін, М.Горкі, Г.Ахматава, Т.Карсавіна, В.Спясіўцава, Дж.Баланчын, Г.Паўлава, М.Фокін, Н.Тэфі, Э.Дузэ, С.Судзейкін, Л.Мясін, А.Лур’е, Л.Шастоў, Л.Гіш, А.Бенуа, не кажучы пра членаў брытанскай каралеўскай сям’і, рускіх прынцэс ды вялікіх князёў, знатных грузінскіх князёўнаў ды амерыканскіх мільянераў? І чаму такія розныя, часам процілеглыя, водгукі мастацкіх крытыкаў ды наогул прыхільнікаў жывапісу наконт якасці партрэтаў з-пад яго пэндзля?

Для аб’ектыўнасці агульнай карціны ў гэтым плане прывяду некалькі меркаванняў вядомых у свеце людзей, у шчырасці якіх я не сумняваюся. І няхай кожны выкажа сваю ўласную думку і прыме бок ці то прыхільнікаў творчасці Сорына, ці то яго праціўнікаў.

У любым выпадку, партрэтнае мастацтва жывапісца, асабіста для мяне (у прынцыпе, гэта не зусім “мой” мастак) цікавае ўжо таму, што ён быў сучаснікам многіх выдатных людзей, якія прадстаўлялі сусветную культуру, меў зносіны з імі і адлюстраваў іх на сваіх палотнах. Канешне ж, парадны партрэт стаў галоўнай сферай дзейнасці Сорына, які імкнуўся ў сваёй творчасці дэклараваць адраджэнне тэхнікі малюнка старых майстроў. Ён “прыдумаў” уласную змяшаную тэхніку, у якой злучаны практычна ўсе графічныя ды жывапісныя матэрыялы: алей, акварэль, пастэль, вугаль, графітны аловак, соус, лак. У партрэтах, створаных ім, безумоўна, — выразны прысмак салоннай прыгожасці і фатаграфічнага ілюзіянізму — рысы, якія і сёння ў пераважнай часткі сусветнага грамадства, у тым ліку нашага, карыстаюцца найбольшым поспехам.

Што і казаць, Сорын у сваіх партрэтах дамагаўся дакладнага, каліграфічнага падабенства. Пры гэтым ён заўсёды знаходзіў такое кампазіцыйнае рашэнне, якое дазваляла яму прадставіць мадэль у найбольш выгадным святле і ракурсе, — гэтыя якасці, дзе ўражанні зграбнасці і лёгкасці, несумненна, адпавядалі патрабаванням заказчыка. Я думаю, што Сорын — адзін з нямногіх майстроў “рускага замежжа”, які, нароўні з землякамі Шагалам, Бакстам, Цадкіным, дамогся ў эміграцыі вялікага прызнання, славы і фінансавага дабрабыту. Як гэта ўсё адбывалася, пачынаючы з першых крокаў творчага жыцця полацкага юнака, будзе расказана ніжэй.

/i/content/pi/cult/429/8853/15-1.jpeg

С.Сорын. "Тамара Карсавіна ў балеце "Сільфіды". 1910 г.

А пакуль — пра абяцаныя вышэй водгукі. Паважаны мной мастацкі крытык Сяргей Макоўскі пісаў у часопісе “Жар-Птица”, № 8 за 1922 год): “…Сорын, прытрымліваючыся класічных прыкладаў, жадае паўнаты формы, г. зн., формы вельмі выразнай і, разам з тым, гарманічна завершанай. Яго дакладныя малюнкі алоўкам, ледзь кранутыя акварэллю, — красамоўнае сведчанне той прафесійнай добрасумленнасці, з якой ён дабіваецца гэтай паўнаты, складаны вынік кампазіцыйных пошукаў і тэхнічных перамог… Пераймальнікам, нават міжвольным, кагосьці з ранейшых майстроў яго нельга назваць ніяк. Усё, што здаецца несучасным альбо “не сваім” у партрэтах пэндзля Сорына, цалкам умяшчаецца ў паняцце пераемнасці, г. зн. свядомых запазычанняў, творча пераўтвораных… Можна вызначыць пераемную сувязь сорынскіх партрэтаў з Сомавым і Сяровым. Але Сорын “больш ідэалістычны”, чым яго рускія продкі (тыпу Лявіцкага, Рокатава, Баравікоўскага. — Б.К.) ды ягоныя бліжэйшыя папярэднікі… Ён не востры (хаця ў сваіх фігурных пабудовах і карыстаецца часам жарсткаватымі вугламі тканін) — любіць закругліць формы ды вытанчана выгнуць лінію. Рукі яго прыгажунь атрымалі “ў спадчыну ад Ван-Дэйка” грацыёзнае бяссілле сваіх вытанчаных суставаў. Але глыбока несправядліва было б ахарактарызаваць “грацыёзным бяссіллем” увесь рысуначны стыль гэтага таленавітага Майстра, як спрабуюць нейкія знаўцы. У тым адраджэнні класічных дасканаласцей, што мроіцца зараз побач з дасягненнямі ўсіх прызнаных ды непрызнаных творцаў, La Belle Ligne (цудоўная лінія) Сорына <…> безумоўна, пастаіць за сябе, які б ні быў ён далёкі ад дасканаласці. Бо дасканалыя — толькі богі…”

Мне здаецца, што словы Энгра “La ligne c’est tout” (“Лінія — гэта ўсё”) сапраўды могуць быць эпіграфам да ўсёй жывапіснай і графічнай спадчыны “неаакадэміста” і “элітнага мастака” Савелія Сорына.

Ігар Грабар, будучы акадэмік жывапісу і гісторык мастацтва, у 1924 годзе пісаў: “…Становішча Сорына ў сучасным мастацкім свеце Еўропы такое. Усе выстаўкі ганяюцца за яго апошнімі рэчамі. Самыя вядомыя жанчыны Англіі і Амерыкі абавязкова жадаюць мець сорынскі партрэт, музеі шукаюць ягоныя карціны. Буйныя карцінныя гандляры адзін перад адным стараюцца атрымаць даходнага мастака ў сваю крамку, — словам, Сорын у модзе, Сорын у цане, Сорын мог бы быць задаволены і спачываць на лаўрах, падобна да большасці яго папярэднікаў, але яго шчасце ў тым, што ён незадаволены і працягвае шукаць. Ён ведае, што ў яго рэчах усё яшчэ шмат банальнай ды таннай прыгожасці. Сорын — вельмі ўпарты і можа яшчэ раскрыцца ў нечаканым кірунку…”

/i/content/pi/cult/429/8853/15-3.jpeg

У 1913-м Сорын нарысаваў з натуры партрэт Ганны Ахматавай — першы ў яе біяграфіі, не лічачы некалькіх партрэтных накідаў ню, якія за два гады да таго зрабіў у Парыжы ейны сябра і палюбоўнік Модзі — Амадэа Мадзільяні. Класічна-знакаміты партрэт Ахматавай пэндзля Н.Альтмана з’явіцца пазней. Дык вось, маладая і вельмі натурыстая паэтка засталася незадаволенай сорынскім партрэтам і назвала яго “малюнкам для цукерачнай каробкі”.

Вось тут Ганна Андрэеўна памылілася! Я бачыў амаль усе ейныя партрэты, якія пісалі і рысавалі К.Пятроў-Водкін і М.Сар’ян, Г.Вярэйскі і М.Тырса, К.Елісееў і З.Серабракова, Ю.Аненкаў і Л.Бруні, А.Асьмёркін і А.Лісоўская, Н.Коган (тая самая супрэматыстка, вучаніца К.Малевіча) і В.Дэла-Вос Кардоўская. Павінен сказаць, што партрэт пэндзля Сорына (як і Н.Альтмана) — адзін з лепшых у выяўленчых скрыжалях Ахматавай. Чаму ж яна мела такую непрыязнасць да партрэта Сорына? Хутчэй за ўсё, гэта была ацэнка не столькі работы мастака, колькі ўласнай творчай няўдачы на ніве стварэння самавобраза, хаця і выказаная ў такой завуаліраванай форме. А мо паэтку проста не задаволіў дакументальна дакладны партрэт, які быў, на яе погляд, пазбаўлены паэтычнай звышзадачы?..

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"