Адкрыцці — застаюцца

№ 21 (1095) 25.05.2013 - 31.05.2013 г

Мінск: рэй вядуць фалькларысты

Па традыцыі, у Мінску адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя “Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання”. Сёмае па ліку мерапрыемства арганізавана Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў. Пад час канферэнцыі, урачыста адкрытай новым рэктарам БДУКіМ Юрыем Бондарам, замежныя навукоўцы з Украіны, Польшчы, Расіі, Латвіі, Літвы, Славакіі, Кітая і айчынныя даследчыкі этнічнай спадчыны актуалізавалі сучасную фалькларыстыку не толькі як тэарэтычную, але і як практычную дысцыпліну, якая мае шырокае культурна-антрапалагічнае значэнне.

/i/content/pi/cult/428/8829/12-1.jpeg

Сенсацыйная хроніка

Сярод бясспрэчных унёскаў канферэнцыі ў сусветную навуку варта адзначыць канцэптуальнае выступленне легенды еўрапейскай этнамузыкалогіі, акадэміка з Санкт-Пецярбурга Ігара Маціеўскага. Яго прамова прысвячалася генезісу і гендэрнай спецыфіцы мужчынскіх этнаспеваў.

Навуковую сенсацыю еўрапейскага маштабу выклікаў і даклад па эпізодзе кінахронікі 1939 года, які вышукалі і прадэманстравалі супрацоўнікі БДУКіМ Вячаслаў Калацэй і Канстанцін Рэмішэўскі. На відэакадрах можна пабачыць двух сівых дудароў, што выконваюць найгрыш, па якім адсочваецца страчаная манера ігры на беларускай валынцы — дудзе. Гэта — адзіны ў свеце відэадакумент аўтэнтычнай беларускай дударскай традыцыі, прычым прад’яўлены ХХІ стагоддзю менавіта навуковай імпрэзай БДУКіМ.

“Фольк-прайм”

Як адзначыла навукова-фальклорная супольнасць, сёння ў розных краінах мы назіраем узрастаючую цікавасць да ўжывання розных форм каранёвага мастацтва. Лепшыя музычныя калектывы і выканаўцы свету маніфестуюць любоў да аўтэнтычнага фальклору. У дадзеным працэсе не засталася ўбаку і наша моладзь. Усё больш беларускіх гуртоў і выканаўцаў далучаецца да гэтай сусветнай тэндэнцыі. І гэта не толькі сцэнічныя канцэрты, але і фальклорныя імпрэзы ў начных клубах ды іншых асяродках сучаснага адпачынку. Мне давялося прысутнічаць на інтэрактыўным “фінале” канферэнцыі — на вельмі цікавай дзеі “Фольк-прайм” у сталічным клубе “Гудвін”. Яе арганізатары — удзельнікі гурта беларускай музыкі “Ветах”, аднаго з лідараў беларускага постфальклору апошніх пятнаццаці гадоў, — у чарговы раз прадэмастравалі галоўны прынцып феномену аўтэнтычнага народнага мастацтва: непасрэдны ўдзел і артыстаў, і гледачоў у этнічна афарбаваных мадэлях паводзін ды адпачынку. Гэта і спевы, і танцы, і традыцыйныя гульні беларусаў, якія не былі іншароднымі ў мегаполісе ХХІ стагоддзя.

Каранёвы мелас

Усе ўдзельнікі “Ветаха” штогод удзельнічаюць у арганізацыі і правядзенні імпрэз канферэнцыі — як каардынатары, этнографы-даследчыкі, рэдактары навуковых тэкстаў, канцэртмайстры ды валанцёры. І гэта не замінае, а дапамагае ім паслядоўна рэканструяваць каранёвы мелас беларусаў, “завязаны” на дударскай і смыковай музыцы ды этнічных спевах. Калектыў паспяхова лідзіруе ў сваім жанры і таму рэгулярна прадстаўляе Беларусь на буйных фэстах у Францыі, Бельгіі, Расіі, Нідэрландах, Германіі, Польшчы, Харватыі, Літве, Латвіі, Грэцыі і Славакіі. Што гэта — не выпадковасць, стала зразумела, калі на сцэну няспынным шэрагам падняліся і вучні заснавальнікаў “Ветаху” Вячаслава Калацэя, Таццяны Пладуновай, Эвеліны Шчадрыной ды іхніх калег па кафедры этналогіі Ларысы Рыжковай і Наталлі Петуховай: гурты “Этнасуполка”, “Страла”, “Вяснянка”, “Кроса”. Віншавалі з 15-годдзем гурт-легенду майстар Дзяніс Сухі і яго паплечнік Стась Чавус, што гралі на дудзе і скрыпцы, латышы “Raksti” і літоўцы “Kaukoras”, украінскі дудар Віктар Лявіцкі.

Не толькі тэорыя

Вельмі паспяхова ў рамках канферэнцыі, па традыцыі, прайшлі канцэрты “Фальклор беларускай глыбінкі” (з удзелам дзіцячага фальклорнага танцавальнага калектыву “Палескія плясуны” са Століна і аўтэнтычных спеўных гуртоў “Лабчанка” і “Вытокі” вёсак Лобча і Дзятлавічы) і “Традыцыі і пераемнікі” (“Ліцвіны” Уладзіміра Бярберава, “Калыханка” Ларысы Рыжковай, “Сеніцкія дудары” Юрася Галаўко). Таму варта адзначыць, што сёлетняя канферэнцыя была багатая не толькі на фалькларыстаў-навукоўцаў, але і на фалькарыстаў-практыкаў — спевакоў, музыкаў і танцораў. Яна засведчыла, што даследча-рэканструктарскі каляфальклорны працэс у наш час стаў вельмі спецыфічным.

/i/content/pi/cult/428/8829/12-2.jpeg

Ён аб’яднаў разнастайныя дасягненні ў сферы міжкультурных камунікацый і паўсюднае імкненне народаў да адраджэння ўласнай этнамастацкай аўтэнтыкі. На пачатку ХХІ стагоддзя фальклорная моладзь, пад кіраўніцтвам найбольш прагрэсіўнай часткі старэйшага пакалення фалькларыстаў, імкнецца да спалучэння гэтых процілеглых напрамкаў ды пакідае ў часе і прасторы падзеі і адкрыцці, якія з’яўляюцца моцным унёскам у навуку і сацыякультурную практыку.

Энгельс ДАРАШЭВІЧ, прафесар кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ

На здымках: эпізод з кінахронікі 1939 г., які зафіксаваў страчаную манеру ігры на дудзе; на сцэне — "Ветах".