У сонечны дзень 30 красавіка ў дзяржаўнай установе адукацыі “Цэнтр дзяцячай творчасці г. п. Смілавічы”, дзе вось ужо роўна пяць гадоў, дзякуючы сродкам Парыжскага бюро UNESCO і высілкам Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, існуе экспазіцыя “Прастора Хаіма Суціна”, адбылося свята, прысвечанае 120-годдзю з дня нараджэння нашага выдатнага земляка, унікальнага жывапісца-каларыста, яркага прадстаўніка сусветна вядомай Парыжскай школы.
Ангеліна Цісецкая (9 гадоў). Партрэт Хаіма Суціна.
Падкрэслім, што гэтае імя ў Беларусі (ды і ў Расіі таксама) з’явілася “на слыху” толькі ў пачатку 1990-х. І ў гэтым — немалая заслуга газеты “Культура”, якая першай у рэспубліцы апублікавала вялікі матэрыял пра “забытага” мастака родам з берагоў ракі Волма, найбліжэйшага сябра Амадэа Мадзільяні, таго жывапісца, які па волі лёсу прынёс славу французскаму і ўсяму сусветнаму выяўленчаму мастацтву.
Палац Манюшкаў.
Менавіта ў 1990-я і пачалося, услед за вяртаннем імені Шагала, сапраўднае “вяртанне” Хаіма Суціна на яго малую радзіму. І адным з апошніх акордаў гэтай шматгадовай акцыі стала набыццё ААТ “Белгазпрамбанк” у 2012 годзе на англійскім аўкцыёне “Christie’s” карціны Х.Суціна “Вялікія лужкі ў Шартры каля віядука”. Такім чынам у нашай краіне з’явіўся першы (спадзяёмся, што не апошні) арыгінальны твор мастака.
Віктар Бабарыка і Надзея Усава разглядаюць дзіцячыя малюнкі.
У складзе дэлегацыі, якая прыняла ўдзел у святкаванні юбілею Суціна ў Смілавічах, былі тыя, хто ў розныя гады меў непасрэднае дачыненне да “вяртання” імені мастака на Радзіму: старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах UNESCO Уладзімір Шчасны, старшыня Праўлення ААТ “Белгазпрамбанк” Віктар Бабарыка, каардынатар арт-праекта выстаўкі “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі” Сяргей Прыёмка, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, мастацтвазнаўца Надзея Усава, рэдактар аддзела і член рэдкалегіі газеты “Культура”, мастацтвазнаўца Барыс Крэпак, дырэктар і галоўны рэдактар выдавецтва “Чатыры чвэрці” Ліліяна Анцух, саветнік па культуры Савета беларускіх яўрэйскіх аб’яднанняў і суполак Галіна Левіна ды іншыя.
Экспазіцыя "У прасторы Х.Суціна" ў смілавіцкім Доме дзіцячай творчасці.
Прэлюдыяй святкавання ў Цэнтры дзіцячай творчасці пры ўдзеле раёных улад стала цікавая выстаўка дзіцячых твораў пад назвай “У атмасферы Суціна”: рэмінісцэнцыі на работы самога юбіляра і погляды маленькіх мастакоў на тую прастору, у якой ён жыў. Члены дэлегацыі ўвайшлі ў склад журы і тайным галасаваннем выбралі лепшыя работы дзяцей, пасля чаго ва ўрачыстай атмасферы пераможцам былі ўручаны дыпломы і падарункі. Сярод пераможцаў — Юлія Душко, Сафія Канапецкая, Ангеліна Пясецкая, Станіслава Ракава, Аляксандра Зайко, Яніна Аблавацкая… Акрамя гэтага, Цэнтру дзіцячай творчасці ад мінчан былі ўручаны розныя падарункі: ад шыкоўных мастацкіх альбомаў да відэафільмаў.
Мабыць, Віктар Бабарыка меў рацыю, калі ў сваёй прамове сказаў, што для яго найбольш каштоўнымі з’яўляюцца тыя мастакі, хто валодае здольнасцю змяняць выгляд свету, аказваючы на яго ўплыў сваім мастацтвам, якое адлюстроўвае іх стаўленне да рэчаіснасці. І гэта супадае з ідэалогіяй банка, што ён ачольвае: адкрыта фарміраваць навакольнае асяроддзе такім, якім яно павінна быць, таму што знешні свет — унутры нас. Ён такі, якім мы яго жадаем бачыць і якім мы яго робім. Менавіта ад нас залежыць, які ён цяпер і — самае галоўнае — якім ён будзе для нашых дзяцей ды ўнукаў…
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Смілавічы — Мінск
Фота аўтара