І ўсё ж Цяпінцы, а не Цяпіна

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

Разгаданыя сакрэты беларускага асветніка

Імя друкара, асветніка Васіля Цяпінскага — вядомае кожнаму беларускаму школьніку. Аднак да апошняга часу заставалася шмат “белых плям” адносна жыцця і дзейнасці гэтага выбітнага дзеяча часоў Адраджэння і Рэфармацыі, першага фундаментальнага перакладчыка Святога Евангелля на беларускую мову. Каб высветліць нюансы і значэнне спадчыны нашага асветніка, карэспандэнт “К” звярнуўся да даследчыка, выкладчыка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ігара КЛІМАВА.

— Нягледзячы на ўнікальнасць “Евангелля” Васіля Цяпінскага, выдадзенага каля 1574 года, вучоныя неяк абміналі сваёй увагай гэтае выданне. Можна хіба прыгадаць, што ў свой час да кнігі звярталіся нашы выбітныя навукоўцы Яўхім Карскі і Іосіф Жураўскі. Тым не менш, у савецкі перыяд яна грунтоўна і паслядоўна не даследавалася, паколькі лічылася выключна рэлігійным выданнем. Да спадчыны Цяпінскага я звярнуўся яшчэ са студэнцкіх гадоў. І гэта заслуга маіх выкладчыкаў, у прыватнасці — Адама Супруна і Льва Шакуна, якія звязалі маю навуковую дзейнасць з гэтым каштоўным помнікам беларускага пісьменства.

Кніга захавалася ўсяго ў двух экзэмплярах, якія сёння знаходзяцца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Першы — у Санкт-Пецярбургу, у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы, куды сам трапіў разам з рукапісамі ў складзе збору М.Пагодзіна. Другі апынуўся ў Архангельску, дзе доўгі час захоўваўся ў манастыры, а пасля прыходу савецкай улады — у мясцовым краязнаўчым музеі. Існуе версія, што гэткаму вялікаму падарожжу кнігі паспрыялі стараверы. На жаль, абодва экзэмпляры — няпоўныя. Адно што архангельскі — на дзве старонкі большы.

/i/content/pi/cult/422/8687/1-2.jpeg

Верагодная выява Цяпіскага, якая з'яўляецца хрэстаматыйнай.

— Чым вызначаецца кніга Цяпінскага? Ці планаваў наш зямляк працягваць кнігавыдавецкую справу?

— Вядома ж, планаваў! Тытульны аркуш кнігі сведчыць пра намер Цяпінскага выдаць усе чатыры Дабравесці, Дзеянні апосталаў, а таксама, магчыма, Апакаліпсіс. Доказам таму — і рукапісная прадмова да Евангелля Цяпінскага. Аднак нейкія неспрыяльныя абставіны перашкодзілі яму завяршыць працу.

Само ж выданне вызначаецца адметнымі друкаванымі маргіналіямі, аўтарства якіх належыць асветніку. Гэта заўвагі да асобных фрагментаў тэксту. Трэба сказаць, што традыцыя маргіналій — заходняя і не характэрна для ўсходнеславянскіх выданняў. Заўвагі на палях (фактычна — каментарыі) адрасаваліся пераважна вучоным, найперш — тэолагам, і мелі вялікае значэнне ў біблеістыцы. У выданні Цяпінскага маргіналіі набываюць тэксталагічны характар. У прыватнасці, асветнік параўноўвае розныя версіі перакладаў Евангелля, выказвае меркаванне да ўжывання тых або іншых слоў. Пераважна Цяпінскі параўноўвае найбольш важныя для яго пераклады — царкоўнаславянскія і польскія, вызначае грэчаскія ды семіцкія словы. Усё гэта сведчыць пра высокі ўзровень філалагічнай адукацыі нашага земляка. У адрозненне ад “Бібліі” Францыска Скарыны, “Евангелле” Цяпінскага было разлічана, найперш, на пратэстанцкіх тэолагаў, знаўцаў біблеістыкі. Нават у еўрапейскім кантэксце свайго часу гэта была выключна кваліфікаваная праца.

— З якой мовы перакладаў тэксты асветнік?

— Цяпінскі перакладаў з царкоўнаславянскай мовы, але пры гэтым улічваў і розныя польскія пераклады Бібліі. Царкоўнаславянскі арыгінал, пададзены ў кнізе паралельна з перакладам. Як удалося высветліць, асветнік працаваў таксама і з нямецкімі выданнямі Бібліі, у прыватнасці, з перакладам Марціна Лютара. Мяркую, што вывучыць нямецкую мову ён мог ва Усходняй Прусіі, якая мела мяжу з Вялікім Княствам Літоўскім. Акрамя таго, пад час свайго даследавання я даведаўся пра цікавы факт: Цяпінскі звяртаўся да прац гуманістаў свайго часу, у прыватнасці, апублікаванага Тэадорам Бэзэ тэксту на грэчаскай мове, да кніг Эразма Ратэрдамскага. З гэтага вынікае, што Цяпінскі ведаў яшчэ і лацінскую мову, бо якраз на ёй апублікаваныя ўсе гэтыя вучоныя працы.

— Якія яшчэ малавядомыя факты адносна жыцця і дзейнасці Цяпінскага вы выявілі?

— У свой час некаторыя ўкраінскія даследчыкі спрабавалі прысвоіць “Евангелле” Цяпінскага, сцвярджаючы, што ён быў украінцам. Я дэталёва вывучаў месца нараджэння нашага асветніка і магу запэўніць, што яго малая радзіма — на паўночным захадзе Беларусі. Іншая справа — у нас існуе міф: маўляў, асветнік быў звязаны з паселішчам Цяпіна Полацкага ваяводства. Як аказалася, там жыў яго стрыечны брат, поўны цёзка, з-за чаго і з’явілася блытаніна. Сам жа перакладчык паходзіць з Латыголіч, што пад Маладзечнам. Зараз побач там — маленькая вёсачка Цяпінцы. Да таго ж, у Цяпіне не магла знаходзіцца друкарня, паколькі мястэчка апынулася фактычна на лініі фронту пад час так званай Полацкай вайны. Сярод верагодных месцаў для яго друкарні можна лічыць Лоск, Крэва, Заслаўе...

Да таго ж, аналіз мовы кнігі Цяпінскага паказаў, што абсалютна ніякіх украінскіх рыс у ёй няма, — гэта ўзор тыповай беларускай мовы таго часу. Натуральна, яна мае асаблівасці, якія адлюстроўваюць уплыў царкоўнаславянскага арыгінала і ў меншай ступені — польскіх тэкстаў. Можна заўважыць у кнізе і рысы паўночна-заходніх гаворак беларускай мовы, характэрныя для Крэва, Лоска, Маладзечна…

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"