Сэ ля ві і Віцебск

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

Спадчына Сігізмунда Юркоўскага

Фатаграфічная калекцыя Віцебскага абласнога краязнаўчага музея складаецца з больш чым 23 000 дакументаў. Гэта фатаграфіі самай рознай тэматыкі, у тым ліку дарэвалюцыйнага Віцебска і Віцебскага краю, ваеннага і пасляваеннага перыядаў ХХ стагоддзя. Але перлінай збору, без сумневу, можна лічыць 32 здымкі слыннага майстра Сігізмунда Юркоўскага. Фотамайстар, вынаходнік шторна-шчыліннага затвора, член фатаграфічнага аддзела Рускага тэхнічнага таварыства, ён захаваў на сваіх адбітках горад над Дзвіной напрыканцы ХІХ стагоддзя — ажыўленым, узнёслым, сапраўды губернскім, адметным, нібыта разумеючы, што Віцебск аднойчы зменіцца назаўжды і такім, як раней, ніколі ўжо не будзе…

/i/content/pi/cult/416/8519/1-1.jpeg

Дзеці С.Юркоўскага Эдмунд і Вікторыя (друкуецца ўпершыню).

Здавалася б, тыя фота бачылі ўжо неаднойчы: брукаванка старога Віцебска, купалы храмаў і гэты незабыўны ландшафт Дзвіны… Але ж калі трымаеш у руках больш чым стогадовыя фатаграфічныя рарытэты Юркоўскага — уражанні, сапраўды, незабыўныя.

— Па шчырасці, біяграфія Сігізмунда Юркоўскага па-ранейшаму ўтрымлівае шмат загадак, — распавядае галоўны захавальнік фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Вольга Давідоўская. — У Санкт-Пецярбургу ён вучыўся ў Медыка-хірургічнай акадэміі, але спыніў вучобу і пераключыўся на фатаграфію. Нават быў вучнем знакамітага пецярбургскага майстра А.Дэньера. Цікава, што паслужыла да гэтага штуршком? Пэўны час Юркоўскі жыў у Магілёве, працуючы на дзяржаўнай службе. Мы таксама можам спытаць: чаму? І што ж потым здарылася, што прымусіла яго зноў пераехаць? Гэтым разам — у Віцебск, дзе Юркоўскі і раскрываецца як таленавіты майстар і актыўны падзвіжнік фатаграфіі. Магчыма, і сам горад прыцягнуў гэтую постаць?

/i/content/pi/cult/416/8519/1-2.jpeg

Каміла Жазэфіна Палькоўская, сястра жонкі С.Юркоўскага (друкуецца ўпершыню).

Як бы там ні было, але, набыўшы ў 1867 годзе ўласнае фотаатэлье на вуліцы Замкавай, Сігізмунд Антонавіч з цягам часу становіцца адным з самых папулярных фотамайстроў. Да яго ідуць, як кажуць, і простыя гараджане, і цвет грамадства. Да прыкладу, вядома, што кліентам Юркоўскага быў славуты архітэктар Ціхан Кібардзін, які ў тыя часы ствараў аблічча цэнтра Віцебска. Таксама майстар быў знаёмы і з Іллём Рэпіным: бываў у знакамітага жывапісца ў яго маёнтку Здраўнёва, зрабіў там некалькі партрэтаў мастака.

Юркоўскі не толькі імкнуўся быць майстрам ва ўласна мастацтве вырабу фатаграфіі, але і аддаваў належнае, па-сучаснаму кажучы, дызайну сваіх работ, адзначае Вольга Давідоўская. Тут ужо гаворка ідзе амаль пра стварэнне фірмовага знака: паспарту, што атачалі яго фатаграфіі, былі аздоблены графічнай выявай рамкі, нібыта падвешанай на цвік. Гэтая “няхітрая”, але прыемная візуальная дэталь вылучала-такі работы Юркоўскага сярод іншых твораў віцебскіх фотамайстроў.

/i/content/pi/cult/416/8519/1-3.jpeg

"Смаленскі рынак" (друкуецца ўпершыню).

У цэлым, фатаграфічнае жыццё губернскага Віцебска ў тыя часы нельга назваць аднастайным. Па ўсёй Расійскай імперыі ствараліся адмысловыя аб’яднанні, таварыствы, вакол фатаграфіі гуртаваліся яе прыхільнікі, і не дзіва, што падобны гурток, членам якога з’яўляўся Юркоўскі, ды не толькі ён, існаваў і ў Віцебску. Зарабіць фатаграфіяй, праўда, удавалася не ўсім — у 1860 — 70-я гг. фотаатэлье ў сярэднім “вытрымлівалі” два-тры гады, — але рост цікавасці да фатаграфіі як да асобнай практыкі, якая пачала знаходзіць новыя спосабы свайго выкарыстання, быў навідавоку.

І тут мы падыходзім да яшчэ аднаго, найцікавейшага, факта ў біяграфіі беларускага фатографа — ягонага вынаходніцтва прататыпа сучаснага шторна-шчыліннага затвора. Паглыбіўшыся ў фотасправу, Юркоўскі вырашыў удасканаліць тагачасную фотатэхніку. Яго новы механізм дазволіў, па сутнасці, рабіць фотамайстрам імгненныя здымкі, не страчваючы ў якасці. І гэта аказаўся сапраўды значны крок для тых часоў.

/i/content/pi/cult/416/8519/1-4.jpeg

"Уваскрэсенская царква".

Вынаходніцтва Юркоўскага, несумненна, выклікала цікавасць — ён быў фігурай аўтарытэтнай, — і затвор прадэманстравалі ў Маскоўскім політэхнічным музеі і на З’ездзе Рускага тэхнічнага таварыства ў 1882 годзе. Далейшыя ўдасканаленні свайго механізма Сігізмунд Юркоўскі ўжо падрабязна апісаў у санкт-пецярбургскім часопісе “Фатограф-аматар”. Відавочнае прызнанне, тым не менш, не прывяло да прамысловага выпуску механізмаў у Расіі. І, не дачакаўшыся станоўчага адказу ад сваіх, Юркоўскі пагаджаецца на выпуск фотаапаратаў (з тым самым удасканаленнем) спачатку ў Германіі, а потым — у Англіі. Сэ ля ві: фотаапарат з затворам Юркоўскага першай у свет выпусціла нямецкая фірма “Геры”, а затым англійская — "Торнтон-Пікара".

Ды ўсё ж… Ад славутага майстра і нам дасталася ўнікальная спадчына — яго здымкі. Не ўдалося б Сігізмунду Юркоўскаму зрабіць сваё вынаходніцтва — не ўбачылі б мы стары Віцебск так падрабязна і, разам з тым, такім жывым. Бо галоўнае адрозненне работ Юркоўскага ад твораў яго тагачасных калег — гэта ўвага да дэталей і, адначасова, здольнасць паказаць паўсядзённае жыццё горада: не пустыя вуліцы і застылыя будынкі — хоць, несумненна, у яго аб’ектыў трапляюць знакавыя пабудовы горада, — а кірмаш з яго гаманлівым натоўпам, ажыўлены пляц з рамізнікамі і гараджанамі, якія кудысьці спяшаюцца, ды нават вулачку з сабакам, што спыніўся насупраць нейкага вусатага спадара ў кацялку... Абаянне фотаздымкаў Сігізмунда Юркоўскага — ва ўменні аўтара быць не толькі сузіральнікам, але і часткай таго, што ён фатаграфуе, шчырае захапленне адметным абліччам Віцебска. Менавіта таму, мне падаецца, гэтага творцу, які родам з Украіны, а атрымаў адукацыю ў Расіі, мы ўсё ж прылічаем да аўтараў беларускай фатаграфіі.

/i/content/pi/cult/416/8519/1-5.jpeg

Сігізмунд Юркоўскі (друкуецца ўпершыню).

І напрыканцы яшчэ адна маленькая сенсацыя. Летась у Віцебскі абласны краязнаўчы музей прыйшоў ліст з Расіі ад сваякоў славутага майстра. Марына Праўдалюбава, якая з’яўляецца спадкаемцай сястры жонкі Сігізмунда Юркоўскага — Камілы Жазэфіны Палькоўскай, прыслала ва ўстанову здымкі з выявамі фатографа, ягоных дзяцей, той самай сястры жонкі з просьбай пацвердзіць іх ідэнтычнасць. “І мы з вялікай радасцю пазналі ў тым самым барадатым мужчыну славутага Юркоўскага! — распавядае Вольга Давідоўская. — Цяпер фонды нашай установы, вядома ж, з дазволу Марыны Праўдалюбавай, папоўніліся партрэтамі як самога фатографа, так і яго сваякоў…”

Гэтыя рарытэты супрацоўнікі музея ласкава прадаставілі для публікацыі нашаму выданню.


наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Віцебск — Мінск

P.S. У бягучым годзе музей плануе выпусціць у свет новае выданне паштовак з выявамі Віцебска С.Юркоўскага, якое папоўніцца раней не публікаванымі творамі майстра. А ў кастрычніку мае адбыцца фотафестываль імя С.Юркоўскага з удзелам сучасных аўтараў.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"