Артыстычная! "Здымкі адбудуцца пры любым надвор’і..."

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

У калекцыі Сяргея МІХАЛЕНКІ пад умоўнай назвай “Belarus faces” (“Беларускія абліччы”, або “Беларусь у абліччах”) — ужо больш за 60 фотаздымкаў. Канец ХІХ стагоддзя — пачатак ХХ-га… “Высакародны” фармат рэтра-здымкаў. Здавалася б, колькі падобных фота мы бачылі ў нашых сямейных альбомах! Аднак адчуванне асаблівасці і каштоўнасці можа ўзнікаць не адно праз стаўленне да выяў нашых блізкіх. “Гэтыя кадры мне цікавыя таму, што маюць дачыненне да нашай краіны, — так пракаменціраваў фатограф і заснавальнік фотастудыі “Zнята” Сяргей Міхаленка сваё захапленне. — Таму я і вырашыў стварыць дадзеную калекцыю”.

— Усё пачалося вось з гэтай работы вядомага мінскага фатографа Масея Напельбаўма, — Сяргей Міхаленка паказвае невялікую фотакартку з выявай невядомага гараджаніна з шыкоўнай барадой. — Убачыў гэты адбітак на інтэрнэт-аўкцыёне, і чамусьці мне захацелася набыць яго. А потым заўважыў здымкі і іншых беларускіх фатографаў. Мне стала цікава, і я неўзабаве пачаў збіраць іх…

/i/content/pi/cult/405/8290/2-8.jpeg

Сяргей выклаў на стол цэлы стос унікальных “сведчаннняў гісторыі”: Мінск, Віцебск, Орша, Слонім, Заслаўе, Пружаны, Пінск, Рэчыца, Магілёў, Слуцк, Давыд-Гарадок…

— У асноўным, мяне цікавяць фатаграфіі да 1917 года — паваротнага часу ў нашай гісторыі, — тлумачыць фатограф. — Фактычна, на гэтых адбітках — выявы нашай інтэлігенцыі, тых гараджан, пра каго сёння мы ведаем не так шмат...

/i/content/pi/cult/405/8290/2-1.jpeg

Групавыя здымкі дзяцей, сем’яў, ваенных, навучэнцаў і мноства адзінкавых фотакартак, так званых візітовак, — калекцыя Сяргея Міхаленкі дае магчымасць персанальна пазнаёміцца з нашай гарадской інтэлігенцыяй.

— За кожным абліччам — характар, асабісты лёс, і, разам з тым, усе яны распавядаюць пра нашу гісторыю, пра той пласт культуры, візуальнай спадчыны, якога нам не стае, — прызнаецца калекцыянер. — Тое, як апраналіся гэтыя людзі, якія сукенкі і капелюшы былі ў жанчын, якія касцюмы насілі мужчыны, у што апраналі дзяцей, усё — найцікавейшыя сведчанні дарэвалюцыйнай гісторыі Беларусі…

/i/content/pi/cult/405/8290/2-7.jpeg

Вядома, у кола інтарэсаў Сяргея Міхаленкі трапілі і самі фатографы.

— Высветлілася, — распавядае ён, — што ў тыя часы (самы “ранні” здымак калекцыі датуецца 1897 годам — гэта Віцебск, фотаатэлье Гяршэвіча. — Д.А.) на тэрыторыі тагачаснага Паўночна-Заходняга краю фатаграфічны бізнес развіваўся даволі паспяхова. Адмысловыя атэлье адкрываліся не толькі ў буйных цэнтрах, але і ў невялікіх мястэчках: у тых жа Горках, Пружанах, Слоніме… А ў Заслаўлі працавала спадарыня фатограф Кацярына Мартвіх.

/i/content/pi/cult/405/8290/2-2.jpeg

Кожны фатограф імкнуўся мець выразны гандлёвы знак, лагатып, які размяшчаў на адваротным баку здымка.

— Часам гэта амаль паўнавартасныя карціны, — зазначае Сяргей Міхаленка, дэманструючы выяву аднаго з фатаграфічных дамоў. Прозвішчы майстроў — Бернштэйн, Вайнштэйн, Арыель, Натковіч, Вайнтраўб…

/i/content/pi/cult/405/8290/2-3.jpeg

— Можна заўважыць, што некаторыя фатографы мелі і пэўныя адзнакі майстэрства: напрыклад, фатограф Сярэбрын з Віцебска быў удастоены сярэбранага медаля і “найвысокай удзячнасці вялікага князя Уладзіміра Аляксандравіча”. Ганаровы грамадзянін Гродна і фатограф Карасік — неаднаразовай “Яго Імператарскай Вялікасці ўдзячнасці і ганаровых падарункаў”. А той жа Немчанка з Магілёва — шматлікіх узнагарод на Парыжскай выстаўцы…

Па знойдзеных рарытэтах, лічыць Сяргей Міхаленка, можна прасачыць і тагачасную тапаніміку вуліц, і нават развіццё рэкламнай справы.

/i/content/pi/cult/405/8290/2-4.jpeg

— Некаторыя фатографы імкнуліся падрабязна ўказаць месца знаходжання сваіх атэлье, — паказвае ён на надрукаваныя ўдакладненні на адвароце здымкаў. — “Артыстычная фатаграфія Рэндэля” ў Пінску — “насупраць Рымска-каталіцкага касцёла”; “Фатаграфія Брааца” ў Віцебску — “ля Дзвінскага Моста, дом Галоскера”; “Фатаграфічнае атэлье Напельбаўма”, Мінск — “па вуліцы Захар’еўская, дом Рогава”, і г. д.

Што да рэкламных удакладненняў, то фотамайстры, у асноўным, імкнуліся запэўніць кліентаў у тым, што “непагадзь не перашкодзіць здымкам”, а таксама ў яшчэ адной дадатковай перавазе: “негатывы захоўваюцца”, а значыць, выявы кліентаў можна будзе друкаваць зноў і зноў.

/i/content/pi/cult/405/8290/2-5.jpeg

— Вось гляджу на гэтыя адбіткі, — распавядае мой візаві, — на гэтых разумных і высакародных людзей, і часам пытаюся ў сябе: а якія выявы пакіне наша пакаленне? Што ўбачаць нашы нашчадкі, калі знойдуць чый-небудзь вінчэстар з камп’ютара? Падарожжа ў Турцыю? Шашлыкі на Мінскім моры? Сумна становіцца. Разумею, што фатаграфія сёння змянілася, але, на маю думку, мы ставімся да яе занадта легкадумна…

— А дзе вам удаецца набываць каштоўныя здымкі? — змяняю тэму.

— У Інтэрнэце, — уводзіць у курс справы Сяргей. — Гэтыя рэчы знаходзяцца па-за межамі Беларусі: Масква, Кіеў, Санкт-Пецярбург, Адэса… Знаходжу калекцыі і шукаю там “беларускі след”. Можна сказаць, што гэта своеасаблівае вяртанне нашай памяці дадому, бо там гэтыя здымкі звычайна нікому не патрэбны...

— А тут?

— Бывае, некаторыя фатографы ў мяне пытаюцца: ды навошта табе гэта? Але я лічу сябе патрыётам, і мне хочацца вярнуць сваёй краіне тое, што ёй калісьці належыла. Няхай гэта будзе маленькі пласт культуры, кропля, але калі такіх, як я, збярэцца сто чалавек, то гэта ўжо кубак кропель, ужо штосьці, а значыць — будзе і далей цікавасць.

/i/content/pi/cult/405/8290/2-6.jpeg

На маю думку, — працягвае фатограф, — справа адраджэння пачынаецца не тады, калі хтосьці камусьці сказаў: выканай вось гэта, і табе будзе ўзнагарода, — а тады, калі людзі самі адчуваюць, што павінны гэта набыць, сабраць, напісаць, зрабіць, калі яны гуртуюцца вакол ідэі, таму што ў іх ёсць жаданне ствараць сваю гісторыю. І гэта нараджаецца з пачуцця ўласнай годнасці. Тады і будзе плён…

Паводле папярэдніх планаў, выстаўка Сяргея Міхаленкі “Беларускія абліччы” мае адбыцца ўвесну наступнага года.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"