“Жадаем быць не капіістамі і рукадзельнікамі, а сапраўднымі мастакамі…”

№ 46 (1068) 17.11.2012 - 24.11.2012 г

Жыццё і лёс Казіміра Стаброўскага, жывапісца з Круплян

Заканчэнне. Пачатак у № № 43 — 45.)

…Так, Чурлёніс правучыўся ў Казіміра Стаброўскага амаль тры гады, і, можна сказаць, менавіта ў яго ён атрымаў практычна ўсе тыя мастацка-філасофскія веды, якія праз некалькі гадоў зробяць яго “музычны жывапіс” вядомым на ўсю Еўропу. І тут ролю Стаброўскага як яго непасрэднага мастацкага ідэолага-сімваліста цяжка пераацаніць. Акрамя таго, менавіта ў час вучобы ў Варшаве Чурлёніс дзякуючы студэнтцы філфака Кракаўскага ўніверсітэта Соф’і Кімантайтэ (будучай жонцы) пачаў вучыць… літоўскую мову, якую да таго часу не ведаў.

Тым не менш, выкладанне ў школе Стаброўскага адрознівалася ад акадэмічных пастулатаў пецярбургскай Акадэміі. Гіпсаў наогул не існавала, вучням прапаноўвалася займацца не дэталізацыяй адлюстравання, а перадачай настрою, характару, руху жывой натуры. Кожны са студэнтаў працаваў не толькі ў графіцы ды жывапісе, але і ў скульптуры, кераміцы, вітражы, тэатральнай дэкарацыі, афармленні кніг ды часопісаў. Такім чынам, моладзь атрымлівала вельмі шырокую шматпрофільную адукацыю. Падкрэслю, што ў Школе навучалася дзве трэці беларусаў і літоўцаў. Стаброўскі на гэты конт меў сваю прынцыповую пазіцыю: пашыраць і паглыбляць зерне мастацтва на тэрыторыі Беларусі і Літвы, а не толькі ўласна Польшчы...

/i/content/pi/cult/400/8138/2-1.jpeg

Вельмі важным кірункам дзейнасці Школы была арганізацыя пленэраў. І тут галоўная заслуга належыла Стаброўскаму ды Рушчыцу. Вясной 1905 г. яны зладзілі пленэр у Аркадыі, што паблізу г. Ловіч, далей ад Варшавы. Мэта — натурныя накіды, пошук нацыянальных тыпажоў сялян, якія спачатку ўспрымалі маладых мастакоў як “дзяцей д’ябла” і не жадалі пазіраваць. Тады Рушчыц накіраваўся да мясцовага ксяндза, пагутарыў з ім, і той правёў у касцёле адпаведную казань сярод вяскоўцаў. Такім чынам недавер апошніх да мастакоў знік.

Падобны пленэр прайшоў летам таго ж года і пад Люблінам. Потым — у мястэчку Істэбня, што ў Прыкарпацці (тагачасная Аўстра-Венгрыя). Вынікам пленэраў сталася выстаўка твораў вучняў Школы ў пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, дзе сваімі карцінамі асабліва вылучаўся Чурлёніс. І калі акрылены мастак вярнуўся ў Вільню, ён тут жа арганізаваў Першую Літоўскую мастацкую выстаўку і стаў удзельнічаць у рабоце Праўлення Літоўскай мастацкай суполкі. На пачатку 1907-га 32-гадовы Чурлёніс цёпла развітаўся са Стаброўскім, пакінуў Варшаву і перасяліўся ў Вільню, потым пераехаў у Пецярбург. Жыць і тварыць яму заставалася ўсяго чатыры гады… Адміністратыўная дзейнасць на пасадзе дырэктара Школы і адначасова выкладчыка зусім не перашкаджала Стаброўскаму займацца жывапісам. Так, у 1906 г. ён прыступае да грандыёзнага цыкла чыста сімвалічных палотнаў пад назвай “Шэсце буры”, куды ўвайшлі адзінаццаць карцін, сярод якіх — асабліва прыкметныя “Над сумнай краінай”, “Брама жыцця”, “Цень крыжа”, “Курганы”, “Пярун”, “Пераход у іншы свет” і “Сігнал часу”. На жаль, усе яны зніклі ў гады Грамадзянскай вайны ў Крыме — засталіся толькі фатаграфіі. Але і па іх можна меркаваць пра пантэістычны характар успрымання стыхій прыроды аўтарам, аб яго прадчуванні будучых сусветных катаклізмаў. Кожная кампазіцыя — гэта пейзажны матыў, у прастору якога мастак арганічна ўводзіць сімвалічны знак, што факусіруе ў сабе пэўны настрой, стан прыроды і тым самым прыўносіць у яе моцны духоўны пачатак. Асабліва трапна атрымліваюцца ў Стаброўскага атмасферныя эфекты, адлюстраванне якіх займае большую частку палатна. Напрыклад, у карціне “Сігнал часу” ў абрысах хмар, ярка асвечаных святлом, угадваюцца сілуэты коннікаў, што апавядаюць пра прыход Суднага дня.

/i/content/pi/cult/400/8138/2-2.jpeg

Трэба падкрэсліць, Казімір Антонавіч быў вельмі прыкметнай асобай у асяродку гарадскога творчага істэблішмента. У яго доме збіралася ўся культурная эліта Варшавы. Прыгажуня-жонка Юлія, адораны скульптар і таленавітая гаспадыня, уласнаручна гатавала вельмі смачнае сунічнае пячэнне да чаю. Такім чынам, і сама пані Стаброўская, і яе частаванне, і ўменне весці інтэлектуальныя гутаркі на ўсе тэмы з’яўляліся моцнай прыцягальнай сілай для тых, хто пераступаў парог гасцёўні Стаброўскіх, дзе можна было выказацца, паспрачацца, абмеркаваць актуальныя праблемы жыцця ды мастацтва.

А калі трэба было па-сапраўднаму адпачыць, Казімір Антонавіч з жонкай выпраўляўся ў краіны Заходняй Еўропы або да сяброўкі Яўгеніі Кербедзэ ў Лузнаўскі маёнтак, што за 25 кіламетраў ад латышскага горада Рэзекнэ. Яўгенія была дачкой генерала Станіслава Кербедзэ, знакамітага інжынера па будаўніцтве чыгуначных мастоў, і пасля яго смерці атрымала ў спадчыну вялікі маёнтак з шыкоўным паркам, які зрабіла своеасаблівым домам творчасці — месцам летняга адпачынку для пачаткоўцаў і ўжо вядомых мастакоў. Казімір Стаброўскі ў майстэрні Яўгеніі Станіславаўны размаляваў сцяну цудоўнай фрэскай з адлюстраваннем танцуючай аголенай дзяўчыны, кветак і фруктаў. А Юлія Стаброўская, па адной з версій, зрабіла статую Мадонны ў духу Высокага Адраджэння. Па іншай — гэта быў арыгінальны твор нейкага італьянскага майстра. Так ці інакш, пасля 1925 года, калі Яўгенія эмігрыравала ў Еўропу, фрэска Стаброўскага была знішчана. “Мадонна” ж пратрымалася да 1950-га, калі ваяўнічыя атэісты скінулі яе ў сажалку. Калі прыйшоў новы час, на пачатку 90-х скульптуру выцягнулі з вады, але адрэстаўраваць яе не ўдалося. І тады скульптар Лідзія Уранеўская зрабіла дакладную копію. Яе асвяцілі, і цяпер яна ўпрыгожвае Лузнаўскі парк…

/i/content/pi/cult/400/8138/2-3.jpeg

28 верасня 1908 года Стаброўскі, вырашыўшы цалкам прысвяціць сябе творчасці і вандроўкам па Іспаніі, Швецыі, Канарам, кінуў Школу. Замест яго на пасаду дырэктара быў прызначаны вядомы жывапісец Станіслаў Ленц, які ў тым жа годзе стаў прафесарам і да самой смерці (у 1920-м) узначальваў установу. Сярод даваенных работ Стаброўскага — пейзажы, напісаныя на Брэстчыне, у раёне вёскі Непля — паміж Заходнім Бугам і ракой Лясная; карціны “Пярун. Старажытнаславянскі бог”, “Каралева магічных крышталёў”, “Цень”, “Рапсодыя”, “Брама жыцця”, “Жанчыны ў садзе”, знакаміты “Паўлін. Партрэт Соф’і Якімовіч”, “Казка пра хвалі” ды іншыя. Большасць твораў — дэкаратыўныя кампазіцыі ў стылі мадэрн ці арт-нуво, якія зачароўваюць сваёй казачнай колеравай насычанасцю, таямнічымі рэмінісцэнцыямі з японскай, егіпецкай ды індыйскай культур. А вось пейзажы, напісаныя з натуры, скажам, у Беларусі або ў Італіі, — больш імпрэсіяністычныя. Пераказваць іх словамі, растлумачваць — няма сэнсу. У гэтай сувязі ўспамінаю, зноў жа, Чурлёніса. Адзінае, што магло яго, спакойнага, добразычлівага, вывесці з сябе — гэта зварот з просьбай “растлумачыць змест” карціны. Ён абураўся: “Чаму яны не глядзяць твор? Чаму не напружваюць сваю душу? Бо кожны па-рознаму падыходзіць і інакш успрымае твор мастацтва!..”

Напярэдадні вайны, вясной 1914 года, палотны Стаброўскага экспануюцца ў маскоўскім Мастацкім салоне на Вялікай Дзмітраўцы. Згаданая вышэй алегарычная серыя “Шэсце буры” зрабіла велізарнае ўражанне на гледачоў ды крытыкаў. І тады акадэмікі І.Беклямішаў, І.Рэпін і В.Матэ вынеслі на разгляд Савета Акадэміі мастацтваў прапанову аб прысваенні Стаброўскаму звання акадэміка жывапісу. Але ў выніку штосьці не атрымалася…

Вайну мастак перажыў у Пецярбургу, сярод старых сяброў. Там жа стварыў серыю работ пад назвай “Вайна”. Потым вярнуўся ў Варшаву. Працягваў маляваць партрэты і пейзажы, а таксама вандраваць па свеце. У 1922-м нават заснаваў мастацкую суполку “Sursum Corda”.

Пайшоў з жыцця Казімір Антонавіч 10 чэрвеня 1929-га ў горадзе Седльцы Мазавецкага ваяводства, што за 90 кіламетраў ад польскай сталіцы. Пахавалі яго на вайсковых могілках “Павонзкі” ў Варшаве. На магіле паставілі помнік з выявай каталіцкага крыжа. Непадалёк знайшоў свой апошні прытулак яго сябра Ксаверый Дунікоўскі, а таксама такія значныя асобы, як Юліян Тувім, Станіслаў Ежы Лец, Ежы Кавалеравіч, Тадэуш Ламніцкі, Анджэй Мунк, Ігар Неверлі. Вось тут і знайшоў спачын наш зямляк, выдатны мастак і педагог Казімір Антонавіч Стаброўскі…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"