“Жадаем быць не капіістамі і рукадзельнікамі, а сапраўднымі мастакамі…”

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Жыццё і лёс Казіміра Стаброўскага, жывапісца з Круплян

(Працяг. Пачатак у № № 43 — 44.)

…Што да асабістага жыцця студэнта Стаброўскага, то тут трэба адзначыць малавядомы факт — яго знаёмства з “калегай” па Акадэміі, сваёй аднагодкай, Юліяй Ануфрыеўнай Янішэўскай. Яна займалася ў скульптурнай майстэрні Уладзіміра Беклямішава (курсам ніжэй вучыліся Сяргей Канёнкаў і наш земляк Дзмітрый Стэлецкі). Колькі месяцаў разам з ёй навучалася і знакамітая Ганна Галубкіна. Свой дыплом (кампазіцыя “Апошнія венеды”) Юлія абараніла ў 1901 годзе разам з архітэктарамі Ю.Дзюпонам, Ф.Карзухіным, С.Цюнеевым і жывапісцамі А.Лажэчнікавым і Ш.Іцэк-Герцам. Словам, знаёмства Казіміра з Юліяй потым перарасло ў каханне, але пабраліся шлюбам яны толькі ў Варшаве ў 1901 г. У гэты ж час блізкі сябра Стаброўскага Мікалай Рэрых, быццам па дамоўленасці, ажаніўся з унучкай М.І. Кутузава — Аленай Шапашнікавай. А потым (ці не з лёгкай рукі Казіміра?) здзейсніў вандроўку па Беларусі і Літве, дзе маляваў эцюды старадаўніх замкаў ВКЛ, а жонка іх фатаграфавала. Рэрых успамінаў, што праз гады ён бачыў свае “беларуска-літоўскія” творы “Руіны замка на Нёмане”, “Старажытная царква ля Гродна”, “Касцёл у Коўне” ў прыватнай калекцыі аж… у Каліфорніі...

/i/content/pi/cult/399/8079/2-2.jpeg

Сімвалізм (“simbolisme”, у перакладзе з грэчаскай мовы “simbolоn” — ад “syn” — “с” і “bolos” — “гойсанне”, а таксама “sema” — знак) — уласцівасць мастацтва. Яго галоўная мэта — устанавіць сувязь канкрэтных, бачных з’яў з ідэальнымі ўяўленнямі, з нябачнай рэальнасцю. Выяўленчы сімвал — заўсёды ўмоўны, яго значэнне нашмат шырэйшае за той прадмет, што яго прадстаўляе. Напрыклад, адлюстраванне змяі з’яўляецца сімвалам мудрасці, арла — сілы і ваеннай магутнасці, жанчыны з касой — смерці (згадайма палотны “Прадчуванне” і “Беларускія могілкі. Русаковічы” Г.Вейсенгофа, “Арлекін і Смерць” К.Сомава), выява навальнічных хмар увасабляла прадвеснікаў драмы (“Пустка” і “Зямля” Ф.Рушчыца), бурлівых хваляў — зменлівасць (класічны прыклад — “Коні Нептуна” У.Крэйна)…

Уласна сімвалізм — не новая катэгорыя ў мастацтве: ён вядомы яшчэ з часоў Старажытнага Егіпта, Адраджэння і пазней — у прэрафаэлітаў. На мяжы XIX — ХХ стст. найбольшага развіцця ён дасягнуў у Францыі і Бельгіі. У рускіх мастакоў Сярэбранага веку і ў беларуска-польска-літоўскім жывапісе сімвалізм атрымаў нейкія новыя рысы, звязаныя з, так бы мовіць, “уцёкамі” ў мінулае і… будучае: своеасаблівая містычная меланхолія душы і сэрца. Даніну такім перажыванням і настроям аддалі ў сваёй творчасці сучаснікі Стаброўскага: Ф.Рушчыц і М.К. Чурлёніс, Г.Вейсенгоф і Ю.Панкевіч, Э.Траяноўскі і В.Вайткевіч, М.Урубель і К.Сомаў, П.Філонаў і П.Уткін, Г.Маро і Я.Торн-Прыкер, Л.Анкетэн і Д.Э. Уістлер, Э.Кар’ер і А.Фантэн-Латур…

Такім чынам, сімвалізм — з’ява інтэрнацыянальная, і ў гэтай прасторы Стаброўскі заняў сваё пачэснае месца. Дарэчы, сам тэрмін “сімвалізм” у мастацтве прыдумаў французскі паэт Жан Марэас, які ўвёў яго ў аднайменны маніфест — “Le Symbolisme”, надрукаваны 18 верасня 1886 г. у газеце “Le Figaro”. Сімвалісты радыкальна змянілі не толькі розныя віды ды жанры мастацтва, але і само стаўленне да яго. Іх эксперыментальны характар, імкненне да наватарства, своеасаблівы касмапалітызм, цяга да недасказанасці, таямнічасці, загадкавасці, містыкі нарадзілі песімізм, які часам даходзіў да адчаю. Праўда, Стаброўскі, жыццялюб і аптыміст ад прыроды, змог шчасліва пазбегнуць у сваім жывапісе такой крайнасці. Хаця ў некаторых яго творах вобразы старажытнага пахавання — кургана, могілак, а таксама крыжа — успрымаюцца як грознае прароцтва будучыні, апакаліптычнае бачанне канца свету.

Словам, сімвалізм напрыканцы XIX ст., які ўмацаваўся ў паэзіі і жывапісе Парыжа, несупынна пашыраўся па ўсёй Еўропе. Народжаны блізкім адчуваннем канца старога грамадства, сімвалізм бачыў прычыну гэтага ў рацыяналістычнасці і матэрыялізме мінаючага стагоддзя. Здаецца, што вядомы суб’ектывісцкі афарызм Шапенгаўэра “Існуе столькі розных сусветаў, колькі ёсць мысліцеляў” вельмі дакладна вызначыў гэты неадназначны рух, які шукаў найвышэйшую рэальнасць у жыцці ідэй. Услед за Верленам, Малармэ, Гюсмансам, Гюставам Маро и Адылонам Рэдонам, мастакі (і Стаброўскі з Чурлёнісам у іх ліку) імкнуліся ўлавіць нюансы патаемных пачуццяў ды ўвасобіць свае мары, інтуітыўныя ўспышкі фантазіі і ўспамінаў. Гаворка ішла пра пошукі новай прыгажосці, неспасцігальнай, нясталай “красоты таинственного”…

/i/content/pi/cult/399/8079/2-1.jpeg

Але Cтаброўскі пачынаў свой творчы шлях як “чысты” рэаліст з нейкім рамантычным ухілам, што і паказала яго дыпломная работа “Магамет і Сеід у пустыні”. Кіраўніком апошняй быў Рэпін. Твор прысвечаны арабскаму прапаведніку і прароку ісламу, галоўнай фігуры (пасля адзінага Бога) гэтай рэлігіі, палітычнаму дзеячу, заснавальніку дзяржавы на Аравійскім паўвостраве. Другі персанаж карціны — Сеід — быў спачатку рабом Магамета, але той вызваліў яго ад рабства і зрабіў сваім блізкім сябрам, больш за тое: прыёмным сынам. Абодва яны перажылі шмат драматычных і трагічных падзей, але былі заўсёды побач, пакуль Сеід не загінуў у адной з бітваў супраць грэкаў...

Пасля абароны дыплома мастак адправіўся ў Парыж — павышаць сваю “кваліфікацыю”. Пабыўшы каля года ў прыватнай Акадэміі Радольфа Жульена, дзе ён вучыўся ў Бенжаміна Канстана і Жан-Поля Ларана, у 1898-м Казімір вярнуўся ў Пецярбург да сваёй любай Юліі, і, натхнёны сваімі пачуццямі, шмат працаваў ды выстаўляўся. За пейзаж “Ціхая вёска” ён атрымаў сярэбраны медаль на Парыжскай выстаўцы, а “Змярканне ў Лазенках” купіла Венецыянская галерэя сучаснага мастацтва. Акрамя таго, палатно “Белыя ночы ў Пецярбургу” набыла Мюнхенская новая пінатэка. І ўсё гэта — у першыя тры гады новага стагоддзя. У гэты ж час Стаброўскі паспеў пабываць на радзіме, трошкі пажыў і ў самім Гродне, дзе таксама шмат маляваў, у асноўным — пейзажы. Ужо адтуль ён паехаў у Варшаву, дзе, па-першае, пабраўся шлюбам з Юліяй Янішэўскай, якая прыехала сюды пасля абароны дыплома, а па-другое, вырашыў рэалізаваць сваю даўнюю мару — стварыць уласную школу жывапісу і рысавання па тыпе пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. "Жадаем быць не капіістамі і рукадзельнікамі, а сапраўднымі мастакамі..." — сказаў Стаброўскі на адкрыцці гэтай установы.

Па вялікім рахунку, яго школа не нарадзілася на пустым месцы — яна з’явілася на базе былой Школы прыгожых мастацтваў, якая праіснавала дваццаць гадоў, пакуль не была закрыта расійскімі ўладамі пасля паражэння паўстання 1863-га. І так атрымалася, што менавіта Стаброўскі са сваімі аднадумцамі Фердынандам Рушчыцам і Конрадам Крыжаноўскім аднавіў установу. У гэтай высакароднай справе асабліва яму дапамог паляк Конрад Крыжаноўскі, родам з Крэменчуга, таленавіты жывапісец, выхаванец кіеўскай школы М.Мурашка і Мюнхенскай акадэміі мастацтваў. Побач быў і яшчэ адзін выдатны чалавек — Ксаверый Дунікоўскі, які цягам шасці гадоў, пачынаючы з 1904-га, узначальваў тут скульптурны клас. Дарэчы, калі аднойчы (у 1905 годзе) Дунікоўскі ў час сваркі застрэліў жывапісца Вацлава Паўлішака, Стаброўскі зрабіў усё для таго, каб Ксаверый не быў арыштаваны і застаўся настаўнічаць у яго школе. У 1910-м Дунікоўскі пакінуў установу і… запісаўся ў французскі Замежны легіён…

Але галоўнай фігурай сярод настаўнікаў быў усё ж Фердынанд Рушчыц. Ён настаўнічаў тут да 1908-га, пасля чаго перабраўся на радзіму — у беларускую вёску Богданава, жыў там да 1917 года, потым працаваў у Віленскім універсітэце, а з 1932-га да смерці — ізноў на малой радзіме. Словам, сённяшняя Акадэмія выяўленчых мастацтваў у Варшаве — сапраўдная пераемніца Школы Казіміра Стаброўскага.

Сярод першых студэнтаў новаспечанай установы былі такія асобы, як жывапісец Тадэвуш Прушкоўскі (з 1930 г. — рэктар гэтай школы; быў расстраляны фашыстамі ў 1942-м), Вітольд Вайткевіч, які праз два гады па парадзе Стаброўскага паступіў у пецярбургскую Акадэмію, але праз восем дзён (!) кінуў яе і перайшоў у Кракаўскую рысавальную школу. На жаль, памёр у 29 гадоў ад пароку сэрца. У тым жа ўзросце ў 1895-м пайшоў з жыцця, ад сухотаў, яшчэ адзін таленавіты паляк — Уладзіслаў Падкавінскі, добры знаёмы Стаброўскага, таксама выпускнік пецярбургскай Акадэміі. Канешне ж, сярод самых таленавітых вучняў Стаброўскага вызначаўся літовец Чурлёніс, які ўжо праз год пасля пачатку заняткаў, вясной 1905-га, змог з дапамогай настаўніка зладзіць сваю першую персанальную выстаўку, на якой прадставіў вялікія серыі карцін “Фантазіі” і “Патоп”, а таксама трыпціх “Rex”. Вось што казаў Казімір Стаброўскі пра свайго вучня: “…Мастак Чурлёніс — родам ліцвін. Ён, акрамя таго, і музыкант, які скончыў дзве кансерваторыі. Яго музыкальнасцю і вытлумачваецца часткова яго містычная, туманная творчасць… Бачыш адразу перад сабой жывапісца, які прывык мроіць гукамі. Уяўляецца, што з гэтага Чурлёніса можа выпрацавацца самабытны мастак. Нават цяпер, на досвітку сваёй дзейнасці, ён цалкам арыгінальны, нікога не імітуе і пракладвае ўласны шлях. Тут, на выстаўцы, ёсць ягоны партрэт, намаляваны таварышам. Якая высакародная галава з разумнымі, высакароднымі вачыма! Гэта пантэіст вельмі чыстай вады. Усю сваю творчасць ён аддаў на служэнне стыхійнай абагатворанай прыродзе — то лагоднай, пакорлівай, вясёлай, то гнеўнай, змрочнай, караючай... У ім шмат цьмянага, недасказанага. Як у гуках! Нездарма Чурлёніс — музыкант…” Гэтыя радкі можна аднесці і да “цьмянага, недасказанага” мастацтва самога Стаброўскага…

(Заканчэнне будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"